Акцёр і рэжысёр Ігар Забара распавёў «Салідарнасці», чаму яго не ўзялі ў ЗСУ, што раіць беларусам і як ратуюць «шалёныя перцы», калі над галовамі ляцяць бомбы (інтэрв’ю перакладзена з украінскай мовы, — С.).
Фота прадастаўленыя суразмоўцам «Салідарнасці»
Шмат хто памятае і любіць Ігара Забару яшчэ з тых часоў, калі ён граў Чорта ў «Камедыі», а ў культавым спектаклі «АРТ» Мікалая Пінігіна ззяў на сцэне разам з Віктарам Манаевым і Сяргеем Жураўлём (ужо нябожчыкам).
Потым Забара быццам знік, а насамрэч ужо 15 год як шчасліва жанаты на яскравай украінке Хрысціне, з якой вырошчвае шалёныя перцы, робячы вострыя джэмы-соўсы ды іншыя прысмакі, сабе і на продаж. Ва ўкраінскім сяле на мяжы з Беларуссю.
— Ігар, як вы выжываеце сёння?
— Мы аптымісты, да таго ж людзі прызвычайваюцца да ўсяго. Спачатку было дужа страшна, у 2022-м, калі хаваліся ў склепе.
А зараз бомбы лётаюць наўпрост ужо над намі. «Шахеды» ляцяць з боку Беларусі праз нас на Кіеў. І амаль над намі збіваюць усю гэтую херню.
Але ж мы так прызвычаіліся, што ўжо не хаваемся. Бо тут няма бомбасховішчаў. І амаль кожную ноч у нас такі «феерверк», што мама дарагая.
— Дакладна з боку Беларусі?
— Ракеты і «шахеды» ляцяць жа не па адной траекторыі. Яны наўмысна мяняюць кірунак, каб абысці нашу супрацьпаветраную абарону. Таму і кружацца з усіх бакоў.
А наша сяло бліжэй да Беларусі і, каб даляцець да Кіева з поўначы, ім трэба ляцець менавіта з боку Беларусі. Некаторыя збіваюцца з курсу і ляцяць праз мяжу да Лукашэнкі.
Вось і ўчора над нашай хатай з боку Беларусі неслася 5 беспілотнікаў. А мы ўжо вяртаем іх назад, і яны зноў ляцяць на Беларусь. І гэтак амаль кожную ноч.
Таму па факце РБ па нам нічога не запускае, але часцяком ляціць да нас менавіта з боку Беларусі.
Але зараз мы адчуваем сябе спакайней, чым калі б жылі ў Кіеве, дзе былі да вайны. Бо кватэра на 9-м паверсе, і кожную ноч трэба было б бегчы ў бомбасховішча.
Зараз жывем на сяле, у нас тут ферма, вырошчваем свае ўлюбёныя «шалёныя перцы», і праца нас неяк ратуе. Мы ўвесь час працуем, таму зямля нас лекуе.
«Яны выехалі і выратавалі сваё жыццё, але не выратавалі беларусаў, якія засталіся ў краіне»
— Заўсёды чамусьці лічыла вас беларусам, а вы з Палтавы. Ці былі негатыўныя водгукі ў ваш бок ва Украіне пасля пачатку вайны?
— Былі нюансы, ёсць і дагэтуль. Скажу, што я першы рэжысёр ва Украіне, які даў мажлівасць беларусам, сваім таварышам, працаваць у маіх праектах. Гэта і Алег Гарбуз, і Толік Кот, Міша Есьман.
Ва Украіне я шмат каго пераконваў, што гэта самыя файныя акторы. І многія з іх даволі яскрава спрацавалі ў маіх серыялах ужо тут. Гэта было да вайны.
Але з той пары мы не маем зносін, бо маё стаўленне да беларусаў змянілася. На жаль. І нават да маіх сяброў. Бо ведаеце, мо гэта жорстка, але думаю, што быць апазіцыянерам за кардонам — гэта ня добра. Трэба рабіць сваю справу ў сваёй краіне. Яны выехалі і выратавалі сваё жыццё, але не выратавалі жыццё беларусаў, якія засталіся ў краіне.
Калі ў вас у Беларусі ў 2020-м быў бунт, мне здавалася, што трэба яго давесці да канца. Чаго ж вы, беларусы, супыніліся, знялі тапкі і сталі на лавачкі? Чаму вы не ішлі да рэзідэнцыі, не дарабілі справу?
— А вы ведаеце што зараз у Беларусі робіцца? Кожны дзень затрыманні, ператрусы, арышты...
— Што вы кажаце! Не можа быць, ай-яй-яй... Гэта вы зараз мне і маім аднавяскоўцам, на каго кожны дзень ляцяць бомбы?
«Як быў бы адзін Гарбуз — яго б пасадзілі, а каб такіх было 100 тысяч — то не»
— Вы ўзгадалі свайго колішняга сябра Алега Гарбуза, які зараз жыве ў Варшаве, а з 94-га быў супраць Лукашэнкі і лічыць, што Расея не мае права існаваць у цяперашнім выглядзе. Яго мара — каб Беларусь стала свабоднай, а Расея распалася....
— Чакайце, ён марыць пра гэта за мяжой? Ну дык за мяжой шмат хто пра гэта марыць. А што ён робіць дзеля гэтага?
— Вам было б лягчэй, калі б Гарбуз зараз сядзеў у беларускай турме?
— Як быў бы адзін Гарбуз — яго б пасадзілі, а каб такіх было 100 тысяч — то не. Вы былі на адзін крок да перамогі. Калі б беларусы тады, у 2020-м, пайшлі далей... Калі б вы Лукашэнку даціснулі — ужо б амаль пяць год было б усё добра. А так што казаць, бесхрыбетнасць.
— І што раіце беларусам у сённяшніх умовах?
— Адстойваць сваю незалежнасць, як гэта рабілі ўкраінцы. Выходзіць на свой Майдан. Так, будуць загінуўшыя, але ўсё ж такі раней ці пазней, але ж будзе і незалежнасць.
Я не абвінавачваю беларусаў, але ж зараз вы расхлёбваеце тое, што самі ж не даціснулі. Вашыя свядомыя хлопцы пайшлі і зрабілі полк Каліноўскага ва Украіне. І зараз змагаюцца на баку Украіны, б’юць маскалёў. І гэта выйсце. А калі Украіна пераможа — то мы і вас таксама падцягнем.
— Дык вось Алег Гарбуз і казаў, што калі ў Польшчы зробяць украінскае падраздзяленне — ён гатовы ўзяць у рукі зброю і змагацца за Украіну. Бо яму таксама надакучыла, калі пра беларусаў кажуць, што мы можам толькі «ныць».
— Ну дык Алег можа прыехаць да нас, ва Украіну, не чакаючы мабілізацыі ў Польшчы. Хай прыязджае, будзе жыць у мяне, завяду яго ў ваенкамат, дадуць зброю і пойдзе ваяваць.
— Хтосьці заўважыць, што вы вось жа не ўзялі зброю, даруйце.
— Мне 62 гады. Але ў 2022-м я хадзіў у ваенкамат запісвацца ў ЗСУ. Мне выдалі позву. Пайшлі з жонкай на базар і набылі мне здаравенны ваенны заплечнік.
Жонка сказала: «Дай мне тэлефоны ўсіх сваіх камандзіраў, каб я ведала, дзе і з кім ты будзеш жыць (смяецца)». Збірала валізу і ўвесь час плакала.
Але ў ваенкамаце сімпатычная дзяўчына сказала мне: «Ігар Уладзіміравіч, вам праз тры месяцы 60 гадоў. Таму бярыце вуду і ідзіце лавіць рыбу».
На медкамісіі я набрахаў, што ў мяне спіна не баліць, і вочы гарна бачаць. Але мяне ўсё ж рассакрэцілі. Зрабілі аналізы і адправілі дахаты. Я дужа засмуціўся, а жонка моцна ўзрадавалася.
А, і яшчэ, гэта, канешне, не лепшым чынам гаворыць пра луцкіх украінскіх хлопцаў, але ж. Калі я стаяў на медкамісіі, было яшчэ чалавек 15, з якіх мо 13 «касілі». Маладыя, але ж «там баліць і вось там». Я быў адзіны дзядок, у якога нічога не балела.
Разумею, што ніхто не хоча паміраць, але ж сваю краіну мы павінны бараніць ад злодзеяў.
«У нашым мястэчку здарылася акупацыя, у якой мы жылі 45 дзён»
— Якая зараз самая вялікая для вас складанасць?
— (жонка падказвае) Правільна сабраць трывожную валізу (усьміхаецца). На выпадак Трэцяй сусветнай. І трэба ж кожны дзень нешта рабіць.
А, і калі вы мне казалі, што я не пайшоў на вайну, то гэта ня так. Я абараняў Кіеўскую вобласць, быў у тэрытарыяльнай абароне. Бо ў нашым мястэчку здарылася акупацыя, у якой мы жылі 45 дзён.
— Якія былі вашыя абавязкі ў тэрабароне?
— У мяне ёсць службовая аўчарка Дэ Ніра. Мне выдалі зброю, і мы стаялі тут з хлопцамі, на мяжы, і вылоўлівалі дээргэшнікаў (дыверсійна-разведвальная група расейцаў — С.). Двух нашых хлопцаў забілі.
Мы першыя, хто апынуўся перад маскалямі, бо яны ўваходзілі ва Украіну якраз праз наша сяло. На другі дзень пасля пачатку вайны.
— Пра што тады думалі?
— Тады быў такі пад’ём, здавалася, што гэта скончыцца праз тры дні. Тады я такі дурны быў, нічога не баяўся. Здавалася, што вось зараз усіх маскалёў пераб’ем.
Нам дужа пашанцавала, што ў нас былі не бураты. Камандзір расейцаў быў больш-менш нармалёвы. Мала па нас пастралялі. А ў суседніх вёсках адбываўся жах, яны ж нават сабак у вальерах расстрэльвалі...
«Я збіраю іх у «супрацьгазе». Бо іх адразу можна ў газавы балончык»
— Ігар, па фэйсбуку здаецца, што вас выцягвае з тугі фірма «Шалёныя перцы» і файныя прысмакі, якія вы з іх робіце.
— У нас невялікае прадпрыемства, цяплічка, і так, мы робім усялякія соусы. Дужа багата данатуем на ЗСУ, хлопцам адпраўляем, трошкі валанцёрым, збіраем грошы на прыборы начнога бачання. У нас не такі бізнэс, каб есці чорную ікру, але на жыццё хапае.
Самае паганае, што нашы перцы трэба вырошчваць і ўзімку, а для гэтага патрэбна электрычнасць, якую часта адключаюць. Гэта найбольшая праблема.
— А вы і ўзімку перцы вырошчваеце?
— Каб яны былі сапраўдныя перцы, якія можна збіраць у ліпені, іх трэба саджаць яшчэ да новага году. І галоўнае каб ім было цёпленька. Гэта ж не балгарскія перцы, а такія гатункі — што «хімічна зброя»!
Я збіраю іх у масцы, у «супрацьгазе». Бо іх адразу можна ў газавы балончык (смяецца). Самае страшнае, калі ты забыўся што іх збіраў — і пакалупаўся ў носе...
Але ж я яшчэ і трошкі кліпы здымаю, ролікі, падпрацоўваю па прафесіі. Акторам не працую, бо жыву досыць далёка ад Кіева. А тэатраў у нас тут няма, ёсць толькі клуб на сяле. Там апошнім часам толькі пахаванні. Хлопцаў прывозяць. Заўтра ў 12 мы зноўку ідзем праводзіць у апошні шлях.
«Гэта мая маладосць і самыя лепшыя гады жыцця»
— Ігар, шмат беларусаў памятаюць вас у нашых улюбёных спектаклях: і «АРТ», і «Камедыя». Ці згадваеце вы калісьці гэтыя часы?
— Як я магу не згадваць, калі гэта мая маладосць і найлепшыя гады жыцця? Нядаўна быў дзень народзінаў у Светы Нікіфаравай, якая грала са мной у «Камедыі» Маланку. Я яе павіншаваў, паразмаўлялі. І Шуляка ўзгадваю.
Але ж самае страшнае, што мой найлепшы сябра Яўген Жураўкін, з якім разам працавалі ў Менску, зараз у Севастопалі. На баку маскалёў. Я бачыў, як ён вітаў Машкова, падносіў яму паслужліва мікрафон.
— Як такое з ім адбылося?
— Пасля таго, як напачатку вайны ён сказаў мне, што «не всё так однозначно», у нас няма зносін. Ён даўно ў Севастопалі, мы да яго ездзілі да вайны, ўсё было класна. Тады.
Забара з Жураўкіным
Скажу больш, мне ў 2014-м, пасля Майдану, прапанавалі стаць галоўным рэжысёрам Севастопальскага драмтэатру.
— І што вы на гэта адказалі?
— Ну тады ўжо Крым быў «маскальскі», і я іх паслаў. Яны ж думалі, што гэта ўсё законна, што «Крым іх».
— Якія тады былі пачуцці?
— Па-першае, мы пасварыліся з жонкай, калі я сказаў ёй пра прапанову, і што «я падумаю». Яна ў мяне такая, «зацята бандэрівка». Тры дні не размаўлялі. А яшчэ я тады набухаўся.
— А вы насамрэч думалі над гэтай прапановай?
— Ну так, бо «Севастопольский театр имени Луначарского... Ордена какого-то там хренова Ленина»... Калі шчыра, я разважаў. Там мой сябра Жураўкін, я там усіх ведаў, нават калісьці прызы атрымліваў. І «Камедыю» мы там гралі. Для мяне Севастопальскі тэатр да 2014-га быў дужа цёплы.
— Што вам жонка казала на гэткую прапанову?
— Ну гэта ў эфір нельга пускаць...
Ведаеце, Жураўкін, калі служыў у арміі, быў танкістам. А я — ракетчык. Было б цікава сустрэцца, калі б ён да нас прыехаў на расейскім танку. Нармалёвы такі сюжэт для фільму: сустрэча лепшых сяброў. Але адзін з украінскага боку, а другі — з расейскага. Вось так жыццё разводзіць нават самых блізкіх.
«Калі на душы было пагана, я ехаў у Раўбічы і шмат там гуляў»
— Ці не было ў вас думак з’ехаць з Украіны? Страшна ж.
— Мае дзве дачкі жывуць у Амерыцы. І абрываюць тэлефоны, кажучы: «Тата, не хвалюйся грошы е, прыязджай!»
Але я нікуды не паеду. Тут могілкі бацькоў, гаспадарка, тры каты, тры сабакі. Нашы перцы. Куды я паеду?
А яшчэ ў нас ёсць казел. Ведаеце як яго клічуць? «Шойгу».
А ведаеце чаму? Каб не страшна было забіваць. Пазаўчора забілі свінню «Скабееву»... Трэба ж сябе неяк весяліць і выцягваць з гэтага ўсяго. Немажліва жыць увесь час у стрэсе.
— Калі б была магчымасць прыехаць у свабодную Беларусь, што б найперш зрабілі пасля абдымкаў з блізкімі? Мо засталіся ў Менску любімыя куточкі?
— Канешне, Філармонія, Траецкае, Камароўка. Мо там яшчэ гандлюе бабуля, у якой я любіў набываць квашаную капусту? Яна яшчэ заўсёды злівала мне расол, бясплатна. Дужа смачна было!
Калі ж на душы было пагана, я ехаў у Раўбічы і шмат там гуляў.
А яшчэ з вялікім задавальненнем зайшоў бы ў стары акцёрскі буфет Купалаўскага тэатра. Пры адной умове: каб галоўным там зноў стаў Мікалай Пінігін.
З Беларуссю звязаны 15 гадоў маёй маладосці: з Менскам, з тэатрам, з сябрамі. Там і дачка нарадзілася.
Я дужа люблю Беларусь і з задавальненнем паехаў б, калі б там не было Лукашэнкі і той ўлады.
Больш за ўсё б хацелася, каб сённяшняе жыццё аказалася проста страшным сном. Каб заўтра прачнуцца — і Жураўкін побач, нармалёвы, як раней. Каб Шуляк, Нікіфарава, усе нашыя акцёры, Косця Мамацюк, грымёр наш. Каб зноў гралі «Камедыю». Жураўля ўжо, на жаль, не вернеш.
Каб побач зноў былі Віця Манаеў, Зоя Белахвосцік, Коля Пінігін, Вова Цэслер, Гурыновіч і Рымашеўскі. Усе мае сябры. І каб сесьці з імі, наліць чарачку, чокнуцца и сказаць: «Хай цэ кляты маскалі са зброяй у руках ўсе здохнуць»...
Але праз імгненне з мабільнага ўжо раўла паветраная трывога.