Яго назавуць бацькам беларускага тэатра. Такая гучная адзнака дзейнасці Ігната Буйніцкага цалкам заслужаная, піша «Звязда».
Хоць трэба ўдакладніць гэтае вызначэнне, не проста беларускага, а нацыянальнага тэатра. Усё ж тэатральная гісторыя на Беларусі сягае ў XVIII стагоддзе, а то і раней. Буйніцкі аднавіў тэатральную традыцыю, закладзеную ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя Вінцэнтам Дунінам-Марцінкевічам і яго аматарскай трупай, якая паставіла знакамітую «Сялянку». Пэўна, сам Ігнат Буйніцкі не думаў, што яго захапленне народнымі спевамі і танцамі прывядзе да тэатральных падмосткаў і стварэння тэатра. Поспех тэатра Буйніцкага лагічны і правамерны, ён даў магчымасць беларусам адчуць сябе беларусамі. Яго запальныя танцы пад цымбалы ажыўлялі зачахлы дух гледачоў, напаўнялі іх душы радасцю. Тое, што не магло зрабіць слова, зрабіла яскравае народнае дзейства.
Жыццёвы шлях Ігната пачаўся 10 (22) жніўня 1861 года ў бацькоўскім фальварку Празарока Дзісенскага павета Віленскай губерні. Змалку прывучыўся да сялянскай працы, пасля вучыўся ў Рызе, дзе скончыў землямерную вучэльню. Ад бацькі Тарквінія Буйніцкага ён атрымаў забалочаны кавалак зямлі. Па натуры працавіты, дзейсны, нават упарты Ігнат з запалам узяўся за прывядзенне да ладу гіблай зямлі і давёў яе да ладу.
Праявілася яго характэрная рыса — не чакаць чужой ласкі, а разлічваць на сябе, на свае сілы і ўпарта ісці да намечанай мэты. Калі захацеў набыць яшчэ зямлі, пайшоў працаваць па сваёй прафесіі — землямерам. Працаваў на Полаччыне, Ашмяншчыне, Наваградчыне, Магілёўшчыне. Задуманае здзейсніў! Павялічылася гаспадарка, прыбавілася клопату. Даводзілася запрашаць сялян з суседняй вёскі Палівачы, скасіць луг, убраць ураджай ці яшчэ на якую працу. Кампанейскі і вясёлы Ігнат Буйніцкі хацеў прыхарашыць цяжкую сялянскую працу, напоўніць жыццё святочным настроем. Ён наладжваў народныя гулянкі на дажынкі і Купалле, ці проста падчас кірмашоў. Запрошаныя ім музыкі ігралі на цымбалах, скрыпках, дудзе. Гучалі народныя песні, а пасля пачыналіся заліхвацкія танцы, калі ногі самі пускаліся ў скокі. І першым танцорам быў як раз сам Буйніцкі. «Ох, і скакаў жа! Быццам віхор які праносіўся. Другога такога танцора ніколі ў жыцці не бачыў», — узгадвае адзін з жыхароў Празарокаў.
Так бы і сышло гэтае захапленне народнай творчасцю з часам у нябыт, каб рэвалюцыйны ўздым 1905 года не абудзіў у Буйніцкага прагу самавыяўлення. У сваіх Празароках ён ладзіць канцэрты народнай песні, і як заўсёды, заканчвае іх танцамі. У прадстаўленнях удзельнічалі і дочкі Буйніцкага Ванда і Алена.
Неўзабаве слава пра танцораў Буйніцкага дасягнула і Вільні. Іх запрасілі на беларускую вечарынку, якую ладзіла рэдакцыя «Нашай нівы» 12 лютага 1910 года. Вялізная зала чыгуначнага гуртка была забіта народам. Прыйшлі не толькі беларусы, але чулася літоўская, руская, польская мовы. Публіка чакала чагосьці незвычайнага. «Першы раз павінна была паказацца перад шырокім светам беларуская душа, явіцца ў сваіх песнях, танцах, музыцы», — піша «Наша Ніва». На пачатку была паказана камедыя Крапіўніцкага «Па рэвізіі» ў пастаноўцы Алеся Бурбіса, пасля выступіў хор пад кіраўніцтвам кампазітара і дырыжора Людаміра Рагоўскага. Беларускія народныя песні кранулі сэрцы і душы людзей, некаторыя песні спяваліся на «біс» па некалькі разоў. Але сапраўднай феерыяй стала выступленне танцавальнай групы Буйніцкага. Пад жвавую музыку скрыпак і цымбал пачаліся танцы: «Лявоніха», «Мяцеліца», «Юрка» і «Верабей». «Трэба прызнацца, што яны ўдаліся на хвалу! — пісала «Наша ніва». — Публіка проста адурэла. Усе без канца крычалі: «Брава! Біс!». Па тры-чатыры разы прыйшлося гуляць кожны танец». Паводле ўспамінаў Паўліны Мядзёлкі, яна была ўражаная выступленнем танцораў Ігната Буйніцкага. «За ўсё сваё жыццё я нідзе і ніколі не бачыў такога бурнага масавага ўзрушэння ў тэатральнай зале, такой гамы пачуццяў, якія міжвольна вырваліся з людскіх грудзей».
Уразіла яе і сама велічная постаць Ігната Буйніцкага. «Зграбны, шыракаплечы, у белым парадным нацыянальным касцюме, падкручваючы густы вус, з залётным агеньчыкам у вачах, выступае ў першай пары сам Ігнат Буйніцкі са сваёй дачкой».
Эйфарычнае выступленне танцораў Буйніцкага мела шырокі розгалас. Буйніцкага запрашаюць выступіць на этнаграфічнай вечарыне, якую ладзіў Віленскі аддзел імператарскага музычнага таварыства. Разам з хорам Рагоўскага танцавальная група Буйніцкага прадстаўляла беларускую культуру. І зноў аглушальны поспех. «Танцорам прыйшлося бясконца бісаваць па запатрабаванню публікі. Трэба адзначыць і вялікі талент і энергію Ігната Буйніцкага, ідэальна, па-мастацку апрацаваўшага беларускія народныя песні», — адзначаў Алесь Бурбіс.
Уразіў Буйніцкі і ў наступным выступленні 10 мая 1910 года, паказаўшы вадэвіль Каруся Каганца «Модны шляхцюк». На сцэне ажылі карціны вясковага жыцця, выкананыя з гумарам і весялосцю. А пасля хору Рагоўскага расчулены глядач зноў быў узрушаны заліхвацкімі танцамі актораў Буйніцкага. Гэтыя выступленні ў Вільні сталі для Буйніцкага паваротнымі. Ці з парады адраджэнцаў з «Нашай нівы», ці сам, акрыялы ад паспяховага выступлення, Буйніцкі ясна зразумеў, якое моцнае эмацыянальнае ўздзеянне аказвае на людзей яго мастацтва народных танцаў, бачыў увачавідкі, як пераўтваралася іх дарослая натура, і яны, як дзеці, радасна віталі кожны танец і самі гатовыя былі пусціцца ў скокі. Было б вялікай справай праехацца па Беларусі, ускалыхнуць соннае жыццё правінцыі, абудзіць народны дух.
Натхнёны поспехам Буйніцкі хвацка ўзяўся за справу, як умеў і любіў рабіць. Дзівацтва для іншых, адданая любоў і захапленне для самаго Ігната Буйніцкага перарасло ў культурную місію, стала яго жыццём. У Палівачах Буйніцкі стварае «сінтэтычны сцэнічны калектыў», куды ўвайшлі драматычная трупа, хор і танцавальная група, музыкі. Апроч мясцовых артыстаў з Вільні, прыехалі той жа Алесь Бурбіс, браты Чэслаў і Леапольд Родзевічы, Алесь Мяжневіч, Мікола Шыла, Язэп Арлоўскі і іншыя. Згадзілася выступаць у трупе Буйніцкага паэтэса Алаіза Пашкевіч, вядомая пад псеўданімам Цётка. Артыстаў Буйніцкі ўтрымліваў за свой кошт. Пэўна, яны дапамагалі яму ў гаспадарчых справах, уборцы ўраджаю і продажу яго, каб мець грошы на гастролі.
Першыя гастролі па Беларусі пачаліся 21 жніўня таго ж 1910 года ў Дзісне. Маленькі правінцыйны гарадок быў узрушаны прыездам беларускай трупы. «Інтэлігенцыя і просты народ — усе шчыра віталі беларусаў, магутная ідэя нацыянальнага адраджэння гарачымі праменнямі сваімі ўсіх з’яднала, разварушыла застыўшыя сэрцы, заіскрыла выцвілыя ад спёкі вочы, і першае роднае слова са сцэны вітана было не адной слязой з перапоўненых грудзей і нязмоўчным гукам галасоў», — сведчыў карэспандэнт «Нашай Нівы». Гледачы ўбачылі спектакль «Модны шляхцюк», пачулі вершы Альберта Паўловіча і Янкі Купалы, шэсць народных песень, а пасля ўдарылі цымбалы, зайграла дуда, і Буйніцкі вывеў сваіх танцораў на сцэну, і «уся зала стагнала глуха ад пахвальных крыкаў, а на галовы танцораў сыпаліся кветкі і ўсцілалі ім дарогу». Буйніцкі ўчыніў сапраўднае свята для дзісенцаў, наладзіўшы ім танцы на ўсю ноч да самай раніцы. І пайшло-паехала! Свянцяны, Паставы, Полацк — усюды тэатр Буйніцкага ўзрушаў гледача, як сапраўдны віхор, які прынёс у глухія правінцыйныя куткі свежае паветра!
Своеасаблівым іспытам на творчую сталасць стала выступленне Буйніцкага ў Пецярбургу на Беларускай вечарыне, якую ладзілі пецярбургскія беларусы. Буйніцкі прыехаў з дачкой Вандай і музыкамі. За некалькі дзён ён набраў з аматараў самадзейнасці, якія ігралі ў спектаклі «Пашыліся ў дурні», больш прыдатных і таленавітых, паставіў з імі народныя танцы. Вечарына прайшла ўдала, і прысутны на ёй малады Янка Купала натхніўся на верш «Ігнату Буйніцкаму», дзе прынамсі адзначыў: «Лепшых танцаў і ўвесь Піцер // Бадай што не бачыў».
Летам 1911 г. трупа Буйніцкага выступала ў Слуцку, Капылі, Клецку, Цімкавічах, Ляхавічах, Нясвіжы, Баранавічах, і ўсюды быў поспех. 25 і 26 чэрвеня трупа выступала ў Мінску ў тэатральнай зале «Парыж», паказала ўжо класічныя спектаклі «Модны шляхціч» Каганца і «Па рэвізіі» Крапіўніцкага. Публіка, як заўсёды, цёпла і жыва прыняла выступленні гэтых сапраўды незвычайных артыстаў, якія неслі народны каларыт. «Сярод свядомых беларусаў тэатр зрабіў ажыўленне і збудзіў веру ў вялікую справу адраджэння беларускага народа», — адзначыла «Наша Ніва». У жніўні трупа выступала ў Полацку, Вілейцы, Смаргоні, Ашмянах.
Небывалы поспех беларускага тэатра ўстрывожыў улады, і ў 1912 годзе, як гэта бывала з усім беларускім, забаранілі гастролі. Гэта быў балючы ўдар. Буйніцкі час ад часу выступаў з канцэртамі ў Палівачах. Вялікая мара стварыць беларускі народны тэатр, здаецца, загінула. Апошнім трыўмфам танцораў Буйніцкага стаў іх удзел у юбілейнай вечарыне часопіса «Вестник знания» 27 снежня 1912 года ў прэстыжнай зале Пецярбурга «Спортынг-Палас». Буйніцкі і яго артысты прадстаўлялі беларускую народную культуру. І як высветлілася, шчырая і жыццёвая музыка ўзрушыла пецярбургскую публіку. Яна шалела ў крыках «брава» ад эйфарычных танцаў. «Ніколі і нідзе не бачыў, каб гэтак што спадабалася панам пецярбургскім, як беларускія танцы: «Мельнік», «Лявоніха», «Юрка», «Верабей». Лепш падабаліся, чым усе танцы другіх народаў». У знак павагі Буйніцкаму паднеслі лаўровы вянок з чырвонай стужкай і каштоўны падарунак.
Было яшчэ выступленне ў Варшаве ў 1913 годзе, аднак гэта сталася апошнім выступленнем трупы Ігната Буйніцкага. Ён заняўся гаспадарчымі клопатамі, каб паправіць сваё маёмаснае становішча і зноў узяцца за справу жыцця. У маі 1914 года ў «Нашай ніве» Буйніцкі друкуе абвестку аб наборы беларускай трупы. Аднак вайна перакрэсліла ўсе планы. Тым не менш пачатае Буйніцкім не забылася і не згінула. У 1917 годзе ў Мінску ствараецца Першае беларускае таварыства драмы і камедыі, яго кіраўніком выбралі Ігната Буйніцкага. Толькі працягнуць свае тэатральнае жыццё Буйніцкаму не выпала. Ён пайшоў у армію, па словах яго зяця Мікалая Нікіфароўскага, выкарыстоўваючы гэтую службу дзеля беларускай нацыянальнай прапаганды. Служыў Буйніцкі ў інтэнданцкай роце 10-й арміі ў раёне Маладзечна. І на службе ён знаходзіў магчымасць займацца народнай самадзейнасцю і ладзіць канцэрты. Пад час аднаго з такіх канцэртаў ад перанапружання ў Буйніцкага лінула з горла кроў і спынілася сэрца. Нешта глыбока сімвалічна было ў яго смерці: ён нарадзіўся, каб узвысіць народны танец да класічнага мастацтва, і, апантаны сваёй місіяй, памёр у танцы, як герой на полі боя.
Вітаўт Чаропка, «Звязда»