Ігар Мельнікаў ўзнагароджаны прэміяй імя Вацлава Ластоўскага

25 лютага ў Мінску адбылося ўзнагароджанне прэміяй Вацлава Ластоўскага Мінскага гарадскога таварыства аматараў беларускай гісторыі імя Ластоўскага, журналіста Ігара Мельнікава.

Прамаўляе лаўрэат прэміі імя Вацлава Ластоўскага Ігар Мельнікаў

Прамаўляе лаўрэат прэміі імя Вацлава Ластоўскага Ігар Мельнікаў

За значны ўнёсак у даследаванне і папулярызацыю беларускай гісторыі і культуры лаўрэат прэміі арганізатар выставы “Заходнебеларуская Атлантыда”, аўтар кнігі “Заходнебеларуская Атлантыда 1921-1941”, кандыдат гістарычных навук Ігар Мельнікаў атрымаў адмысловы дыплом за подпісам старшыні таварыства, доктара гістарычных навук прафесара Георгія Штыхава, медаль і каштоўны падарунак.

Сярод намінантаў прэміі за 2014 год апроч лаўрэата былі выбітны беларускі гісторык, аўтар кнігі “Сцягі Оршы” Анатоль Грыцкевіч, ініцыятар стварэння музея жывой гісторыі “Панёманскае гарадзішча” і фэсту раннесярэднявечнай культуры “З варагаў у грэкі” Павел Дарафей, вядучы краязнаўчай тэлеперадачы”Новыя падарожжы дылетанта” Юры Жыгамонт і кіраўнік арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана, каардынатар валанцёрскай дзейнасці ў вёсцы Грушаўка Ляхавіцкага раёну Брэсцкай вобласці Зміцер Юркевіч.

Пасля ўзнагароджання адбылася прэзентацыя новых выданняў таварыства. Прафесар Анатоль Тарас прадставіў пяць новых брашур з серыі “Сто выдатных дзеячаў беларускай гісторыі і культуры”, прысвечаных жыццю і творчасці Яна Баршчэўскага, Станіслава Манюшкі, Мікалая Нікіфароўскага, Аляксея Сапунова і Івана Хруцкага. Іх аўтары — Ірына Шумская, Вітаўт Чаропка і Аркадзь Падліпскі.

Ірына Шумская прадставіла сваю англамоўную кнігу “Distinctive Belarus. On the Roads of Dukes, Magnates and Poets” (“Самабытная Беларусь. Шляхамі князёў, магнатаў і паэтаў”). Гэтае добра ілюстраванае выданне (здымкі аўтаркі і Сяргея Плыткевіча) скіравана на пашырэнне ведаў пра айчынную спадчыну сярод замежнікаў. Аўтарка прадставіла асноўныя этапы айчыннай гісторыі з прабеларускіх пазіцый і падкрэсліла, што Беларусь – не малодшы брат Расіі, а хутчэй, наадварот, а заснавальнікамі першага Еўразвязу ў выглядзе Вялікага Княства Літоўскага былі зусім не жамойты, а нашыя продкі-ліцьвіны.

Ірына Шумская выказала падзяку за выданне кнігі Міхасю Галдзянкову, Алесю Качару і Вользе Антонавай і паведаміла, што гэтае ўнікальнае выданне яшчэ можна прыдбаць у Мінску ў кнігарні “Акадэмкніга” і этна-краме “Рагна” (на скрыжаванні вуліц імя Караля і Сухой).

У планах таварыства, між іншым, — збор подпісаў у абарону старадаўняй брукаванкі Стоўбцы — Новы Свержань у Мінскай вобласці, а таксама стварэнне на сайце таварыства amatary.by так званай “Мапы краязнаўца” з кароткімі біяграфічнымі даведкамі пра айчынных адмыслоўцаў у гэтай галіне.

Марат Гаравы, Новы час