У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь упершыню экспануюцца ілюстрацыі Марка Шагала да паэмы Мікалая Гогаля «Мёртвыя душы» са збору Музея Марка Шагала ў Віцебску, пішуць vitbichi.by.
Для выставы ў сталіцы, прысвечанай 135-годдзю з дня нараджэння Майстра, музей з роднага горада мастака прапанаваў 40 афортаў.
Поўны цыкл «Мёртвых душ» складаецца з 96 аркушаў. На постсавецкай прасторы ён маецца толькі ў трох музеях — расійскіх Траццякоўскай галерэі, Эрмітажы і ў Беларусі — у Музеі Марка Шагала ў Віцебску, які атрымаў графіку ў дар ад спадчыннікаў у 1999 годзе.
Апошні раз афорты з цыклу «Мёртвыя душы», прычым у поўным аб’ёме, пакідалі фонды віцебскага музея і межы краіны шэсць гадоў таму. Шагалаўская графіка 1923-1925 гадоў, як расказала дырэктар Музея Марка Шагала Ірына Воранава, тады экспанавалася ў Даўгаўпілскім Арт-цэнтры імя Марка Ротка (Латвія).
У Мінску серыя вядомых шагалаўскіх афортаў дапоўнена творамі рускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з Нацыянальнага мастацкага музея, якія асацыятыўна суадносяцца з творчасцю нашага знакамітага земляка.
Вялікі выставачны праект аб’яднаў рарытэты са збору Белгазпрамбанка, фонду Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.
У прыватнасці, экспануецца арыгінальная літаграфія Марка Шагала «Прычал дэ ла Турнэль» (1963 год) — ілюстрацыя да эсэ Жэрара Бауера «Плошча Грэў» у калекцыйным выданні «Погляды на Парыж» членаў Ганкураўскай акадэміі. Гэтая праца некалькі гадоў таму паступіла ў фонд гістарычнага музея ў рамках праграмы па вяртанні культурных каштоўнасцяў у Беларусь.
Выстава арыгіналаў Марка Шагала будзе працаваць у Мінску да 11 снежня.