Інстаграмы беларускіх музыкаў

21.05.2014 Музыка

Instagram – гэта не толькі месца для пасрэдных сэлфі, але і самы зручны спосаб сачыць за творчасцю куміраў. Але мы-та ведаем, што ў вашых стужках усё яшчэ пераважная большасць фота ад сяброў і знаёмых. Мы паспрабавалі сабраць інстаграмы беларускіх музыкаў, да жыцця якіх вы можаце далучыцца праз падпіску.

 

Akute (@romaramsi, @staneskas, @drumext, @akutemusic )

Akute заўжды трымаюцца ў трэндзе. Прычым, акаўнты ў інстаграм маюць усе ўдзельнікі гурта.

 

Ксенія Сітнік (@kseniya_sitnik)

Беларусы не аднойчы перамагалі на Дзіцячым Еўрабачанні, але больш за ўсё мы памятаем і любім Ксюшу. Летась яна скончыла адну з Мінскіх гімназій, цяпер вучыцца ў Празе на журналіста.

 

Кацярына Пытлева (@ezhaka)

Часам здаецца, што Кацярына Пытлева альбо сама размалёўвае сцены, альбо папросту вандруе па свеце ў пошуках незвычайнага графіці.

 

SP Kava (@sp_kava)

Беларускі рэп-эксперыментатар запаўняе ўласны інстаграм здымкамі сяброў, краявідамі падарожжаў, не забываючыся пры гэтым на ўласную персону.

 

Макс Корж (@maxkorzhmus)

Канцэрты, гастролі і, канешне ж, сям’я. Папулярны музыка проста не можа не мець інстаграм.

 

Алесь Кот-Зайцаў (“Босае Сонца”) (@ales_bs)

Важную ролю Алесь аддае фатаграфаванню сваёй калекцыі вінілаў.

 

The Toobes (@stasmur)

Акрамя гітар у інстагаме сапраўднага indie-рокера абавязкова павінны з’яўляцца коцікі.

 

Паліна Рэспубліка (@repolinare)

На старонцы Паліны прысутнічае ўсё, што падабаецца дзяўчынкам: падарункі, кветкі, цукеркі, ну і як без сэлфі сябе любімай.

 

Лявон Вольскі (@lvolski)

Не гледзячы на тое, што Лявон Артуравіч зусім нядаўна выдаў новы альбом, на жаль, у апошні час ён не вельмі актыўна карыстаецца сацсеткамі.

 

Яўген Барышнікаў (@skepsys)

Майстар дуды і гітары, малады шаман Яўген Барышнікаў дзеліцца з падпісчыкамі краявідамі, парадоксамі сваіх падарожжаў і сямейнымі сэлфі.

 

Макс Астравухаў (“Заточка”) (@modemeister)

Лідар гурта “Заточка”, у якога шмат слухачоў з каляфутбольнай тусоўкі, дзеліцца навінамі жыцця, здымкамі байцоўскіх сабак і – ой, нечакана! – фатаграфуе сябе самога.

 

Жэня Сысоеў (“Без Нот”) (@segasys)

У інстаграме выканаўцы, які спявае рэгі з айчыннымі прымесямі, шмат музычнай апаратуры, дзіўнаватых сэлфі ды пейзажаў штодзённасці.

 

Юля Шаўчук (@zhemchuzhnikova_)

Акторка “Свабоднага тэатра” а таксама ўдзельніца вядомага дуэта “ЭВМ” – Юля Шаўчук фатаграфуецца на фоне сталічных славутасцяў, капіюючы персанажа карціны “Крык” Эдварда Мунка.

 

Муровей (@murovei_odo)

Аўтар андэрграўнд-саўндтрэкаў да гарадскога жыцця здымае сябе (часцяком фірмова хмурачы бровы), свае гастролі і канцэрты, перамяжоўваючы ўсё гэта падарожнымі пейзажамі.

 

“Петля Пристрастия” (@petliaband)

Удзельнікі “Петля Пристрастия” вырашылі ўвогуле не замарочвацца, замест асабістых акаўнтаў у іх ёсць агульны акаўнт гурта, дзе ў асноўным музыкі распавядаюць пра сваю гастрольнае жыццё.

 

ЛСП (@lspolegi)

Шмат алкаголю, дыму і бясконцыя тусоўкі.