З паўднёвым узбярэжжам Францыі звязаны жыццёвы шлях некаторых мастакоў парыжскай школы родам з Беларусі. Наша журналістка прайшлася слядамі Марка Шагала і Хаіма Суціна, а ў Манака заўважыла скульптуру Восіпа Цадкіна.

Лазурны Бераг у Ніцы. Фота аўтаркі
Паўднёва-ўсходнюю частку Францыі, на мяжы з Італіяй, называюць Лазурным Берагам (ад колеру вады ў гэтай частцы Міжземнага мора), ці Рыўерай (ад італьянскага riviera — узбярэжжа). Сустракаюцца меркаванні, што гэта частка Правансу альбо асобны рэгіён. Гэтыя мясціны яшчэ з XVIII ст. прыцягвалі арыстакратыю і творчую багему з усёй Еўропы, а таксама з Амерыкі сваімі прыгожымі краявідамі і лагодным кліматам. На дзіва, спярша на Лазурным Беразе развіўся зімовы турызм як сродак пазбегнуць маразоў у месцы сталага жыхарства, і толькі ў міжваенны перыяд — летні.
З Рыўерай звязаны жыццёвы шлях некаторых мастакоў парыжскай школы родам з Беларусі. Мы прайшліся па іх слядах.
Марк Шагал (1887–1985) вырас у Віцебску. Мастак жыў у розных мясцінах, у т. л. у Парыжы, Санкт-Пецярбургу, Маскве, Нью-Ёрку, і вялікую частку жыцця правёў на Лазурным Беразе Францыі. Ён меў французскае грамадзянства з 1937 г. і пераехаў на Рыўеру з ЗША, дзе падчас Другой сусветнай вайны хаваўся ад нацыстаў. У 1944 г. памерла жонка Шагала Бэла, і ў Францыю ён пераехаў ужо з партнёркай Вірджыніяй Хагард, якая нарадзіла яму сына.

Марк Шагал. «Закаханыя ў Вэнсе». 1957 г. Крыніца: Суполка Marc Chagall, His Life and Art у Facebook
У гарадку Вэнс недалёка ад Ніцы Шагал жыў з 1949 да 1966 года, большасць часу на віле Les Collines. Яна стаяла на схіле пагорка Бау-дэ-Блан, на дарозе з Вэнса ў Сэн-Жанэ. Будынак не захаваўся.

Нацыянальны музей Марка Шагала ў Ніцы. Фота аўтаркі
Ніца лічыцца неафіцыйным цэнтрам французскай Рыўеры, хаця вялікае значэнне маюць таксама Каны, дзе праходзіць вядомы кінафестываль. У Музеі Марка Шагала ў Ніцы экспануюцца працы мастака, створаныя па матывах Старога Запавету.
Карціна з серыі «Песня песняў» (1960 г.) у Нацыянальным музеі Марка Шагала ў Ніцы. Фота аўтаркі
Асобная зала прысвечана карцінам, натхнёным Песняй Песняў.
У пейзажах нібы Святой Зямлі праглядаюцца контуры роднага Шагалу Віцебска.

Копія прысвячэння Валянціне Бродскай у Нацыянальным музеі Марка Шагала ў Ніцы. Фота аўтаркі
Экспануецца таксама фотакопія нататкі-прысвячэння «Ваве, маёй жонцы, маёй радасці і ўцесе». Вава — другая жонка Шагала, Валянціна Бродская. Яны ажаніліся ў 1952 г., пасля таго, як Вірджынія Хагард пакінула мастака. З Валянцінай Шагал пражыў да самай смерці, то-бок 33 гады, даўжэй, чым з Бэлай (29 год), пра якую ў масавай культуры вядома нашмат больш і вобраз якой з’яўляецца на палотнах мастака і пасля яе смерці. Дзеля справядлівасці варта заўважыць, што Валянціну Шагал таксама шмат маляваў.

Карціна з серыі «Песня песняў» у Нацыянальным музеі Марка Шагала ў Ніцы. Фота аўтаркі
Дзякуючы доўгаму жыццю Шагал быў першым мастаком, нацыянальны музей якога адкрылі яшчэ пры жыцці (гэта адбылося ў 1973 г.). Да 90-годдзя творцы ў 1977 г. прайшла яго выстава ў Луўры, дзе звычайна не экспануюць работы жывых мастакоў.

Від на гарадок Сан-Поль-дэ-Вэнс. Фота аўтаркі
У Сан-Поль-дэ-Вэнс Шагал удзельнічаў у заснаванні фонда «Маг», які займаецца сучасным мастацтвам. Зборы фонда цяпер захоўваюцца ў аднайменным музеі, адну са сцен якога ўпрыгожвае мазаіка «Закаханыя» Марка Шагала. Яго працы таксама ёсць у музеі.

Мазаіка «Закаханыя» Марка Шагала. Крыніца: fondation-maeght.com
У Сан-Поль-дэ-Вэнс Марк Шагал перасяліўся з Вэнса ў 1966 г. Дом, пабудаваны спецыяльна для яго, віла La Colline на вуліцы Gardettes недалёка ад фонда «Маг», цяпер знаходзіцца ў прыватнай уласнасці і недасяжная для наведвальнікаў. Гэта было першае жытло ў 80-гадовым жыцці мастака, якім ён валодаў.

Шыльда рэстарана Chagall у Сан-Поль-дэ-Вэнс. Фота аўтаркі
У гарадскім ландшафце Сан-Поль-дэ-Ванс пра мастака нагадваюць сувеніры і... рэстаран Chagall.

Магіла Шагала ў Сан-Поль-дэ-Вэнс. Фота аўтаркі
У Сан-Поль-дэ-Вэнс Шагал памёр і пахаваны разам з другой жонкай і яе братам, фатографам Мішэлем Бродскім. Магіла пазначана ў шляхаводніку па найбольш значных мясцінах гарадка.

Указальнік на магілу Шагала на могілках у Сан-Поль-дэ-Вэнс. Фота аўтаркі
Могілкі знаходзяцца ля старога горада, у частцы, супрацьлеглай галоўнай браме на ўваходзе ва ўмацаваны цэнтр. Магіла Шагала — справа ад уваходу на пагост. Пра яе распавядаюць шыльда перад могілкамі і ўказальнік.

Магіла Шагала ў Сан-Поль-дэ-Вэнс. Фота аўтаркі
На магільнай пліце — шмат каменьчыкаў, некаторыя з іх падпісаныя. Камяні прынята прыносіць на магілу ў габрэйскай традыцыі. На магільнай пліце Шагала хтосьці клапатліва пакінуў чорны маркер, каб іншыя маглі лёгка падпісаць камяні. Ёсць таксама ваза, але падчас майго візіту яна была без кветак.
Можа быць, гэта тлумачыцца тым, што ў габрэйскай традыцыі на пагост не ходзяць з кветкамі. Але нашто тады ваза? Магчыма, гэта звычайная нядбаласць. Могілкі ў Сан-Поль-дэ-Вэнс пакінулі ў мяне адчуванне не тое што непрыбранасці: там чыста, пустазелля няма. Але нейкай... неўпрыгожанасці. У параўнанні з беларускімі могілкамі ў ручніках, стужках і штучных кветках, і нават з польскімі з іх знічамі, каляднымі і велікоднымі кампазіцыямі, у Сан-Поль-дэ-Вэнс — неяк папросту пуста.

Замак у Кань-сюр-Мэр. Фота аўтаркі
Хаім Суцін (1893–1943) нарадзіўся ў Смілавічах. З 1913 г. жыў у Парыжы. У Кань-сюр-Мэр Суцін упершыню прыехаў у 1918 г. разам з Амадэа Мадзільяні, з якім сябраваў і ў Парыжы. Дамы абодвух пазначаны ў шляхаводніку па гарадку нароўні з месцамі жыхарства іншых знакамітасцяў, напрыклад, лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры, шведа Пэра Лагерквіста.
Будынак на месцы хлява, у якім жыў Хаім Суцін у Кань-сюр-Мэр. Фота аўтаркі
У 1923–1925 гг. Суцін жыў у Кань-сюр-Мэр стала. Аднак на месцы, дзе, згодна са шляхаводнікам, мусіць стаяць яго дом, няма памятнай таблічкі, як на дамах іншых вядомых людзей. Мастак у той час быў надзвычай бедны і займаў хлеў на плацы Notr Dame de la Protection, які потым знеслі. На месцы хлява сёння — дом з рэстаранам Josy et Jo.
Рэпрадукцыя карціны Хаіма Суціна «Від на Кань» у Кань-сюр-Мэр. Фота аўтаркі
Кань-сюр-Мэр падобны да іншых гарадкоў на поўдні Францыі: гістарычная частка на ўзвышшы, якое вянчае замак. Да яго вядуць вузкія вулкі. Захаваныя ўмацаванні вакол старога горада. Выглядае ўсё вельмі жывапісна, і зусім не дзіва, што такія краявіды прыцягвалі мастакоў.

Рэпрадукцыя карціны Хаіма Суціна «Вуліца Калін» у Кань-сюр-Мэр. Фота аўтаркі
У Кань-сюр-Мэр Суцін напісаў шэраг карцін. Рэпрадукцыі некаторых з іх сёння можна пабачыць на вуліцах старога горада. Адна з вуліц гарадка носіць імя нашага земляка. Сімвалічна, што яна знаходзіцца па дарозе ад старога горада да музея Рэнуара.

Скульптура ў садзе ля вілы Рэнуара. Фота аўтаркі
Кань-сюр-Мэр, бадай, найбольш вядомы музеем Рэнуара. Там няма прац, якія лічыліся б знакавымі для творчасці мастака, але вельмі атмасферная віла і мандарынавы сад, цікавая калекцыя скульптур, якія Рэнуар ствараў разам з Рычардам Гуіна.

Манака. Фота аўтаркі
Манака — мікрадзяржава на Міжземным моры, абкружаная тэрыторыяй Францыі. Яна не ўваходзіць у Еўрасаюз, але з Францыяй няма памежнага кантролю. Можна ўехаць па шэнгенскай візе альбо відзе на жыхарства краін ЕС (зрэшты, дакументы ніхто не правярае) аўтобусам альбо цягніком з Ніцы. Валюта ў краіне — еўра. Аднак варта мець на ўвазе, што ў Манака не дзейнічаюць еўрапейскія тарыфы на мабільную сувязь ды інтэрнэт і лепш адлучыць мабільную перадачу дадзеных, каб не атрымаць аграмадны рахунак за тэлефон.

Копія скульптуры Восіпа Цадкіна «Пасланнік» альбо «Марак» у Манака. Фота аўтаркі
Манака можна абысці за адзін дзень ці нават палову дня, што я і зрабіла. І ля Музея акіянаграфіі нечакана заўважыла скульптуру Восіпа Цадкіна «Пасланнік». Яе другая назва — «Марак». Гэта паменшаная копія скульптуры, што знаходзіцца ў Парыжы на Сене. Магчыма, яе ўсталявалі ля Музея акіянаграфіі ў Манака, бо падыходзіць тэматыка твора.
Алеся Лях, budzma.org