«Але ідэю не спыніць». Intelligency выпусцілі кліп на беларускамоўную песню

04.08.2021 Музыка

Аўтары хіта August — гурт Intelligency — выпусцілі новы кліп на песню Malitva Belaruskaja, ролік апублікаваны на YouTube.



Дзеянне кліпа адбываецца ноччу ў велізарнай сюррэалістычнай дэкарацыі, пабудаванай на закінутым заводзе. Па словах стваральнікаў, ідэя роліка натхнёная традыцыйным беларускім лялечным тэатрам-батлейкай, паведамляе Zerkalo.io.

«Мы пераасэнсавалі ідэю традыцыйнай батлейкі. Уяўленні людзей пра будову свету ўскладніліся, таму і наша батлейка выглядае па-новаму. У якасці карцін раю мы выкарыстоўвалі працы сучаснай беларускай мастачкі Насці Рыдлеўскай, а касцюмы і аксесуары для галоўных герояў далі актуальныя беларускія дызайнеры, — распавядаюць рэжысёры прадакшана DVAcinema Маша Манакова і Дзмітрый Ляўкоўскі. — На працягу ўсяго праекту нас пераследавалі дзіўныя супадзенні і знакі, а самі здымкі праходзілі ў самую кароткую ноч у годзе. У выніку атрымалася страшная казка пра сучасную беларускую рэальнасць, напоўненая метафарамі і сімваламі».

У кліпе зняліся і ўдзельнікі гурта — як кажуць стваральнікі, «у вобразе сучасных Брэменскіх музыкаў».

«Заўсёды хацелася напісаць нетыповую для сябе кампазіцыю, ды яшчэ і на беларускай мове. Спадзяемся, слухачу спадабаецца такі ў нейкай ступені асобны ад нашай творчасці беларускі вайб. Хочацца верыць, што гэта будзе адзін з самых гучных, яркіх і цікавых рэлізаў у электроннай музыцы на беларускай мове за апошнія гады», — кажуць удзельнікі Intelligency.

Zerkalo.io