Інвестклімат Беларусі: ад абвалу рэйтынгу бяспекі да адмены чэмпіянату

Беларусь у адным з вядомых рэйтынгаў Numbeo страціла адразу 98 месцаў па паказчыках бяспечнасці ў свеце. Што цікава, паводле дадзеных гэтага ж агенцтва, Мінск займае перадапошняе месца ў Еўропе ў той жа катэгорыі. Наша сталіца саступіла толькі Брэдфарду — крымінальнаму рэкардсмену Вялікабрытаніі.

Заснавальнікі агенцтва сцвярджаюць, што ствараюць рэйтынг на падставе апытанняў наведнікаў сайта. Кампанія распрацавала ўнікальную сістэму, каб пазбягаць рознага кшталту накрутак. І лічыць, што апытанне — больш праўдападобная крыніца для складання рэйтынгаў, чым параўнанне статыстычных дадзеных, якія часцяком фальсіфікуюцца.

Варта заўважыць, што на інфармацыю гэтага рэйтынгавага агенцтва спасылалася ў тым ліку Сусветная хакейная федэрацыя падчас выбару Беларусі як месца для правядзення чэмпіянату-2021.

Таму магчыма, што і абвал паказчыкаў бяспечнасці ў нашай краіне паўплываў на рашэнне аб пераносе хакейнага першынства.

Яшчэ больш непрыемна, што напярэдадні агучвання гэтага рашэння сусветнавядомыя брэнды-спонсары спаборніцтваў публічна заявілі аб адмове ў фінансаванні ў выпадку, калі будзе вырашанага правесці чэмпіянат у Мінску.

Беларусам варта ўважліва сачыць за эканамічнай абстаноўкай

А гэта вельмі вялікі іміджавы ўдар, які можа адмоўна паўплываць не толькі на ўмоўны фінансавы дабрабыт камандна-адміністрацыйнага апарату, але і на вобраз Беларусі агулам: інвестыцыйны, цывілізацыйны. Вядома, што станоўчае стаўленне да краіны, выбудаванае гадамі, можа быць сапсаванае за некалькі дзён. А каб аднавіць гэты вобраз, можа спатрэбіцца шмат сілаў і часу.

Толькі безадказныя палітыкі, без стратэгічнага разумення міждзяржаўных эканамічных стасункаў у свеце, могуць ставіць уласныя амбіцыі наперадзе доўгатэрміновых інтарэсаў нацыі і краіны.

Краіна з негатыўным статусам

Безумоўна, што свядомасныя вобразы краін і народаў маюць наўпроставае адлюстраванне ў эканоміцы. Якая ў сучасным свеце мае адну з найважнейшых роляў у развіцці і станаўленні самадастатковых нацый. Яшчэ да абвалу рэйтынгаў бяспекі, адмены чэмпіянату і дэмаршу кампаній-спонсараў, трэцяга пакета санкцыяў ЕС вядомае эканамічнае агенцтва Fitch апублікавала доўгатэрміновы крэдытны прагноз Беларусі. Нядзіўна, што пасля крывавых падзеяў на вуліцах нашых гарадоў, рэакцыі Захаду і першай хвалі сыходу IT-кампаній прагноз быў зменены да статусу «негатыўны».

Даследчыкі Fitch у першую чаргу адзначылі палітычны канфлікт як адзін з асноўных фактараў пагаршэння эканамічнага прагнозу. На думку аўтараў, такога кшталту крывавыя падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі, вядуць да страты інвестыцый і перафарматавання былых партнёрскіх стасункаў.

Што, у сваю чаргу, пагражае магчымым будучым праектам. Можна сказаць, страты нарастаюць у геаметрычнай прагрэсіі.

Наколькі эканамічныя санкцыі адмоўна ўплываюць на інвестыцыі і, адпаведна, прыток такой неабходнай для краіны валюты, дэманструе статыстыка з Расіі — галоўнага эканамічнага партнёра дзейнага ў Беларусі адміністрацыйна-каманднага апарата.

Паводле інфармацыі расійскага Цэнтрабанка, плынь інвестыцый у 2020 годзе была найменшай за 26 апошніх гадоў. Нават менш, чым у «дэфолтным» 1998-м і «крымскім» 2014-м.

Цягам мінулага года іншаземныя кампаніі скарацілі не толькі непасрэдныя інвестыцыі ў Расію, але і зменшылі ўдзел у фінансавых паперах на біржы, у пяць разоў скараціліся аб’ёмы набыцця дзяржаблігацый. У выніку чысты адток прыватнага капіталу з эканомікі склаў 47,8 млрд даляраў. У параўнанні з 2019 годам хуткасць вывазу грошаў павялічылася ў 2,2 разу. І гэта ў краіне, дзе на вуліцах масава не затрымліваюць і не збіваюць грамадзянаў, багатай на прыродныя рэсурсы, з умоўна развітым рынкам фінансавых папераў.

Што ж можа чакаць сістэму, пабудаваную ў Беларусі, якая штодня страляе сабе ў нагу, а разам з сабой — і нам з вамі і ў будучыню нашай нацыі?

Аляксей Гайдукевіч, budzma.by