У сваім новым альбоме “Dreamcatcher” фольк-казачнікі з Irdorath паказваюць, якім можа быць годны беларускі поп-праект.
Нядоўгая гісторыя гурта Irdorath сьведчыць, што на гэтай выпаленай ідэалягічным агнём тэрыторыі можна пасьпяхова рэалізоўваць сябе, калі гэтага моцна захацець. Галоўнае не наракаць ды нястомна працаваць. Надзея Ірдарат і Ўладзімер Калач пачыналі ў Горадні шэсьць гадоў таму як нікому не вядомы дуэт, які спэцыялізаваўся на выкананьні нікому не цікавай музыкі Сярэднявечча і выступаў на нікому не патрэбных лякальных сьвятах. Цяпер яны маюць паўнавартасны бэнд, адзін з самых арыгінальных на беларускай сцэне, які робіць выключныя шоў і зьбірае аншлягі на свае выступы. Каб было ў нас такое паняцьце, як “беларуская мара”, дык можна было б сказаць, што Irdorath яе ўжо зьдзейсьніў.
Irdorath па першым часе засяродзіўся на інструмэнтальнай музыцы, уплятаючы ў мэлёдыі і рытмы сярэднявечнай эстрады ўласныя напрацоўкі і стылізацыі. На сваім другім альбоме “Dreamcatcher” (“Лавец сноў”) яны пайшлі іншым шляхам і ня здрадзілі пры гэтым абранаму стылю – Надзея Ірдарат пачала актыўна сьпяваць, пры тым усё часьцей на свае словы, але пры гэтым быў захаваны музычны складнік і разам з тым уся гэтая атмасфэра, якую так любяць аматары сярэднявечнай эстэтыкі. Дуда застаецца інструмэнтам, зь якім асацыюецца музыка Irdorath, хоць музыканты заўважна актыўна выкарыстоўваюць у гэтым альбоме струнныя. Гучаньне па выніку выходзіць аб’ёмнае і… казачнае.
Ідэйна, праўда што, каша суцэльная ў “Dreamcatcher” – досыць складана ўхапіць канцэпцыю ды сэнс самога пасланьня і тэкстаў, тут пяяных: па-ангельску, па-беларуску і нават па-македонску. Затое не заўжды бліскучыя паэтычныя вынаходніцтвы (“Точка отсчёта”, “Крылы”) кампэнсуе сама музыка. Прыклад жа твора “Быў. Ёсьць. Буду”, дзе сышлося ўсё разам – выдатная паэзія Ўладзімера Караткевіча, цікавая аранжыроўка і бліскучае выкананьне, – сьведчыць, што ідэал дасягальны. Выдатна таксама зроблена “Tango”. Безумоўным упрыгожаньнем альбому зьяўляецца “Ad Bas” – трэк, які паўстаў зь беларускай дзіцячай лічылкі. А яшчэ большая ўдача – бездакорна зьняты кліп на яе.
Ідэя: 6
Выкананьне: 9
Тэксты: 6
Запіс: 9
Аздабленьне: 9
Сяргей Будкін