Імя Івана Шамякіна ведае бадай кожны беларус, але са школьных часоў ён успрымаецца выключна як пісьменнік. З нагоды гадавіны нараджэння народнага пісьменніка «Будзьма!» прыгадвае жыццё і дзейнасць Шамякіна, якая сягае значна далей за літаратуру.
Партыйная школа
Іван Шамякін нарадзіўся ў вёсцы Карма ў 1921 годзе. Ягоныя бацькі былі сялянамі. Пасля навучання ў сямі класах школы (цікава адзначыць, што менавіта ў школе, у 5-м класе, ён пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай, з якой пражыў у шлюбе 58 гадоў) і Гомельскім тэхнікуме будаўнічых матэрыялаў Шамякін працяглы час (ужо пасля вайны) працягваў навучанне, спачатку ў Гомельскім педагагічным інстытуце, а пазней у Рэспубліканскай партыйнай школе пры ЦК КПБ у Мінску, дзе фактычна рыхтавалі рэспубліканскую эліту. Гэты перыяд перарвала Другая сусветная вайна, якую Шамякін сустрэў у Мурманску. У час вайны ён удзельнічаў у баях у Польшчы, у Вісла-Одэрскай і Берлінскай аперацыях у званні камандзіра гарматы і камсарга дывізіёна.
Акадэмія навук, Вярхоўны Савет і ААН
Кар’ерны ўздым Івана Шамякіна уражвае. Ён, сын ляснічага, прайшоў шлях ад завода да найвышэйшага органа дзяржаўнай улады рэспублікі. Так, пасля тэхнікума Шамякін пачынаў з працы на цагляным заводзе ў Беластоку, пазней (пасля вайны) працаваў школьным настаўнікам мовы і літаратуры ў вёсцы Пракопаўка, а таксама праводзіў семінары агітатараў. Паступова кар’ера збочвала ўсё бліжэй да літаратурнай сферы. Спачатку праца старшым рэдактарам Беларускага дзяржаўнага выдавецтва і галоўным рэдактарам альманаха «Советская Отчизна», а пасля — шлях ад намесніка старшыні да першага сакратара праўлення ў Саюзе пісьменнікаў БССР (сімвалічна, што пасаду першага сакратара Саюза пісьменнікаў ён займаў 26 гадоў) і праца галоўным рэдактарам «Беларускай савецкай энцыклапедыі». Пэўна, акрамя шматлікіх дзяржаўных узнагародаў літаратурным алімпам можна лічыць прысуджэнне звання народнага пісьменніка (у Беларусі такое званне атрымалі ўсяго 9 пісьменнікаў). За сваё жыццё Іван Шамякін напісаў 13 раманаў, каля 30 аповесцяў, а таксама п’есы, дзясяткі апавяданняў, артыкулы, дзённікі і іншае. А агульны наклад ягоных кніг перавысіў 25 мільёнаў асобнікаў.
Не менш за літаратурную ўражвае палітычная кар’ера Івана Шамякіна. Як і некаторыя іншыя беларускія пісьменнікі, ён шмат гадоў займаў пасаду дэпутата Вярхоўнага Савета БССР, але яшчэ і 14 гадоў з’яўляўся старшынёй Вярхоўнага Савета БССР, пазней — старшынёй Беларускага камітэта абароны міру. У 1963 годзе Шамякін стаў адным з дэлегатаў ад Беларусі, якія ўзялі ўдзел у працы XVIII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН.
Варта таксама адзначыць, што Іван Шамякін быў членам-карэспандэнтам Акадэміі навук БССР, а пазней — акадэмікам Акадэміі навук Беларусі.
Троцкі і Пастарнак
Постаць Івана Шамякіна выглядае досыць неадназначнай, асабліва ў сённяшнім кантэксце. З аднаго боку, ён падтрымліваў некаторых пацярпелых аўтараў, дапамог Васілю Быкаву апублікаваць «Сотнікава» ў часопісе «Полымя», а таксама атрымаць мінскую кватэру; крытыкаваў Машэрава за прыхільнасць русіфікатарскай палітыцы і за тое, што той ніводнага разу не выступіў па-беларуску; крытыкаваў рэферэндум 1995 года за набыццё расійскай мовай дамінавання і выцісканне беларускай, адным з першых у савецкай літаратуры выявіў у сваім творы Льва Троцкага. Але з іншага боку, Шамякін быў сярод аўтараў, якія абвінавацілі Барыса Пастарнака ў здрадніцтве і паспрыялі яго пазбаўленню звання савецкага пісьменніка; меў «супярэчлівае стаўленне да поўнай незалежнасці Беларусі»; ухваляў эканамічную інтэграцыю з Расіяй; выступаў супраць герба «Пагоня», называючы яго «недарэчны коннік са шчытом і мячом»; забароненыя мемуары вышэйзгаданага Троцкага атрымаў дзякуючы старшыні КДБ і ўвогуле быў моцна ўплецены ў іерархічныя структуры савецкай улады.
У любым разе фармаваць уласнае меркаванне пра Івана Шамякіна як пісьменніка — права кожнага чытача яго тэкстаў.
Кірыл Стаселька, budzma.by