Імя чалавека — не толькі яго саманазва, але і ў пэўнай ступені адрознасць ад іншых. Таму шмат бацькоў хоча, каб дзіця мела не толькі мілагучнае і зручнае імя, але і вылучалася сярод астатніх.
У мінулым матэрыяле мы прайшліся па шэрагу самых папулярных імёнаў, якімі называюць дзяцей у Беларусі. Але нашыя ЗАГСы складаюць спісы не толькі самых папулярных, але і самых рэдкіх і найменш ужывальных імёнаў у краіне. Што ў іх ёсць беларускага? Паглядзім на прыкладзе Мінска.
Самымі рэдкімі імёнамі ў Мінску летась сярод дзяўчынак былі: Асоль, Венера, Леля, Рагнеда, Зінаіда, Мацільда, Праскоўя, Ірма, Дзіна, Валянціна.
Сярод імёнаў хлопчыкаў самыя рэдкія ў 2020-м: Фадзей, Оскар, Дабрамір, Іў, Вітаўт, Брус, Арнольд, Генры, Ерамей, Захарый, Тарас, Майсей, Эльдар.
Можна адзначыць, што сярод рэдкіх імёнаў ёсць як мінімум два, якія адназначна ўспрымаюцца як беларускія: Вітаўт і Рагнеда.
Усё зразумела: Вітаўт — гэта Вітаўт (1350–1430). Вялікі князь літоўскі з 1392 года. Сын Кейстута, пляменнік Альгерда і стрыечны брат Ягайлы. Адзін з найбольш вядомых кіраўнікоў Вялікага Княства Літоўскага, яшчэ пры жыцці празваны Вялікім.
Але ж і Вітаўта Вялікага назвалі Вітаўтам не проста так! Вітаўт — гэта менавіта беларускае (усходнеславянскае) імя, вытворнае ад імя Вітольд, а Вітольд азначае «лясны валадар». Што не дзіўна: ВКЛ славілася сваімі ляснымі ўгоддзямі, успомнім хоць бы «Песню пра зубра» Міколы Гусоўскага. І варта адзначыць пры гэтым, што Гусоўскі ўслаўляў «лясную гаспадарку» ВКЛ і пісаў сваю «Песню…» ужо праз 100 гадоў пасля праўлення Вітаўта. Дык якія ж былі тады нашыя абшары пры В. Вялікім!
Рагнеда — таксама зразумела. Князёўна полацкая (каля 960 — каля 1000), дачка полацкага князя Рагвалода, адна з жонак вялікага князя кіеўскага Уладзіміра Святаславіча, маці полацкага князя Ізяслава Уладзіміравіча. І яе назвалі не проста так. У славянскім Рагнеда азначае «вострая, як рог». Не вельмі рамантычна, вядома. Затое ёсць і германская версія гэтага імя — Ragnhild, «дарадчыца ў баі».
У прынцыпе, жыццё Рагнеды апраўдвае тое, як яе назвалі.
У зборніку Сымона Борыса «Беларускія імёны» ёсць некаторыя практычна сугучныя імёны з тымі рэдкімі, якімі называюць дзяцей сёння. Напрыклад, у Борыса ёсць Дабраміл, — славянскае імя, якое азначае «добры і мілы». Адно з рэдкіх імёнаў Дабрамір адрозніваецца ад беларускага ўсяго на адну літару, але не значэннем. Яно азначае тое самае: «добры і мілы».
Ёсць і жаночы варыянт гэтага імені: Дабраміла.
У беларускіх імёнах ёсць жаночае імя Лёля. Гэта памяншальна-ласкальная форма імені Юлія, або імені Алёна, або імені Вольга/Хельга — «святая; свабодная». Другі варыянт— утварэнне ад рэдкага ў 2020-м імя Леля.
Леля — славянскае імя, жаночая форма мужчынскага імені Лель. Леля — багіня вясны, дачка багіні прыгажосці, кахання і ўрадлівасці Лады. Паводле міфаў, яна была непарыўна звязаная з вясновым адраджэннем прыроды, пачаткам палявых работ. Багіню ўяўлялі юнай, прыгожай, стройнай і высокай дзяўчынай. У фальклоры Леля часта згадваецца побач з Ладай. Гэтую пару маці-дачка навукоўцы, якія любяць шукаць падабенствы ў розных міфалогіях, супастаўляюць з Латонай і Артэмідай.
Цікава, што Лёля ў беларускай лацінцы пішацца як Lola (Лола). Але Лола — гэта самастойнае жаночае, імя, якое мае некалькі прыгожых варыянтаў тлумачэння.
Гэта, напрыклад, таджыкская і ўзбекская форма персідскага імені Лала, значэнне — «цюльпан». Або іспанская памяншальна-ласкальная форма імені Далорэс: «журботная». Зазвычай Далорэс звязваюць з маці Ісуса Хрыста Марыяй — Maria de los Dolores, «Марыя літасцівая». Таксама Лола — кароткая форма імені Іяланта, «фіялка». І вытворнае ад імені Луіза — «зіхоткая, светлая, бліскучая».
У зборніку беларускіх імёнаў ёсць імя Захарэй, што амаль Захарый. Гэта імя можа быць самастойным, а можа — і вытворным ад імені Захар.
Для Захара існуе некалькі варыянтаў перакладу: гэта можа быць габрэйскае імя (ыריփ) у значэнні «Гасподзь успомніў; згаданы Госпадам; памятны Богу». Таксама — утварэнне ад біблейскага імені Захарыя. На іўрыце «Захарый» можа азначаць вельмі простую рэч — «самец, мужчына». Імя «Захар» ёсць і персідскае, і азначае яно не менш просты «цукар».
Але найбольш цікавае імя Закарыя ў ісламе — у гонар Захарыя, бацькі прарока Яхі. Яхі больш вядомы хрысціянскаму свету як Ян Хрысціцель.
Тарас таксама лічыцца беларускім імем, хоць ўтворанае яно ад старажытнагрэцкага ταῦρος, у перакладзе азначае «бык, цяля; неспакойны, бунтаўшчык, баламут; з горада Тарас у Вялікай Грэцыі (цяпер італьянскі горад Таранцей)». А горад атрымаў сваё імя ў гонар Тараса, сына бога Пасейдона і німфы Сатырыён.
Беларускім, паводле Борыса, лічыцца і імя Валянціна. Усім на розум адразу прыйдзе «святы Валянцін» і 14 лютага. А вось і не! У жаночым варыянце гэта лацінскае імя, якое азначае «энергічная; моцная, магутная; здаровая; дзейная». Гэта сапраўды жаночая форма мужчынскага імя Валянцін. А вось мужчынская форма азначае «ўплывовы; моцны, магутны; энергічны, здаровы». Што як бы не вельмі спалучаецца з легендай пра таго самага святога Валянціна, які ўпотай вянчаў закаханых і за гэта быў абезгалоўлены.
Імя Валянціна цяпер трапіла ў разрад рэдкіх. Але яно было надзвычай папулярным у Савецкім Саюзе пасля 1963 года. У гэты год у космас паляцела Валянціна Церашкова — дагэтуль адзіная ў свеце жанчына, якая здзейсніла касмічны палёт у адзіночку.
Варта адзначыць, што ў Беларусі з’явілася папулярная тэндэнцыя называць юных беларусак падвойнымі імёнамі — чамусьці яна не тычыцца хлопчыкаў. Дзяўчынак называлі Ганна-Люцыя; Арыф-Сафія; Варвара-Маргарыта; Дамініка-Аліса; Лэйла-Ларыса; Лідзія-Луіза; Мелані-Аляксандра; Мія-Руслана; Стэфанія-Марыя.
Але тут ёсць цікавыя нюансы нашага заканадаўства. Па законе ў Беларусі дазволена даць нованароджанаму два імені, але не больш. Тры ўжо не пройдуць. І тое з імёнаў, якое запішуць у акце аб нараджэнні першым, будзе лічыцца асноўным.
Аліна Бялова, budzma.by