Гурт “J:морс” прэзентуе кліп на загалоўную песню новага альбома “Воздух“. Першы за 5 год паўнафарматнік калектыва выйдзе да канца восені, а яго канцэртная прэзентацыя адбудзецца 13 лютага ў сталічным Prime Hall.
– Гэта песня – пра нас, пра людей, пра простыя, але складаныя рэчы, – распавядае лідар гурта Уладзімір Пугач. – Я яе прыдумаў даволі даўно, некалькі год не вяртаўся да яе, бо не было настрою спяваць пра паветра. Цяпер жа яна цалкам адлюстроўвае наш стан – мы прайшлі ўсе творчыя пертурбацыі і зноў дыхаем на поўныя грудзі. Таму і альбом атрымаў такую назву.
Песня стала саўдтрэкам да фільма “Ро і Дж”, які на студыі “Красный баян” знялі рэжысёр Яўген Лыткін ды аператар Максім Малахаў. Стужка распавядае рамантычную гісторыю хлопца і дзяўчыны, якія па волі лёса павінны знайсці шлях адзін да аднаго. Дарэчы, у кліпе можна пабачыць першыя афіцыйныя кадры праекта яшчэ да яго прэм’еры, прызначаннай на пачатак 2016 года. Галоўныя ролі ў ім сыгралі Алеся Грыбок і Георгі Пятрэнка.
– Музыка “J:морс” ідэальна трапляе ў настрой фільма, – кажа рэжысёр Яўген Лыткін. – Тым больш прыемна, што хлопцы адразу пагадзіліся падтрымаць наш праект, яшчэ да таго, як праз краўдфандзінгавую платформу Talaka.by мы сабралі грошы на яго. Ну, а таго, што яны аддадуць нам загалоўную песню свайго новага альбома, мы наогул ніяк не чакалі.
Папярэдні альбом “J:морс” “Электричество” выйшаў у лістападзе 2010. Самым свежым на гэты момант дыскам гурта з’яўляецца складанка рарытэтаў “Фотаздымкі 2003-2014” (https://soundcloud.com/jmors/sets/fotazdymki_2003-2014), выдадзеная ў чэрвені 2014. Новую песню “Воздух” таксама можна паслухаць на сэрвісе “Яндекс. Музыка” – https://music.yandex.ru/album/2992166.
J:МОРС З НОВЫМ АЛЬБОМАМ “ВОЗДУХ”
13 лютагая – Мінск, Prime Hall – 19.00
Квіткі: танцпол – ад 300 тыс. руб., сядзячыя месцы – ад 400 да 600 тыс. руб.
Продаж: Kvitki.by, Ticketpro.by, Bycard.by, Kassy.by, а таксама ў касе Prime Hall.
Інфалінія і дастаўка (без нацэнкі): (033) 332 17 17, (029) 332 17 17.