Адзін мой знаёмы сцвярджаў: у Беларусі, па вялікім рахунку, няма нацыянальнага касцюма. «Узяць фестывалі нацыянальных культур СССР, — казаў ён. — Выйдуць грузіны — адразу бачна, што грузіны. Выйдуць латышы — ні з кім не зблытаеш. А выйдуць беларусы — адразу і не пазнаеш».
Юлія Чынвяокву
Ці ёсць унікальны беларускі касцюм? На гэтую тэму мы размаўляем з Юліяй Чынвяокву. Яна скончыла філфак БДУ, але па жыцці цікавілася модай, вучылася ў Школе моды і стылю Ірыны Ільлінскай, затым — у Fash’on school у Маі Старавойтавай. Цяпер яна — фэшн-стыліст і гісторык моды. Зарабляе персанальнымі кансультацыямі па стылі і шопінгу, чытаннем лекцый па гісторыі касцюма, па літаратуры і мастацтве, а сфера яе інтарэсаў — беларуская мода і нацыянальныя строі.
— У нечым я пагаджуся з вашым знаёмым, — кажа Юлія Чынвяокву. — Таму што на Беларусь занадта шмат уплывалі з усіх бакоў. Калі ўзяць касцюмы прывілеяваных саслоўяў — там спрэс запазычанні з еўрапейскай моды, хоць трэба адзначыць, што яны прыстасоўваліся да нацыянальных традыцый. Моцна ўплываў на моду каралеўскага двара ВКЛ і Рэчы Паспалітай італьянскі, іспанскі, французскі касцюм, ёсць аўстрыйскія, польскія запазычанні. Усе заможныя людзі імкнуліся апранацца на еўрапейскі лад.
Касцюм сялян, вядома, выгадна адрозніваецца ў нацыянальнай плыні, у ім ёсць ідэнтыфікацыя. Але і там шмат эклектыкі. Напрыклад, вышыванка — гэта ўсходнеславянская адметнасць. А значыць, яна агульная для беларусаў, рускіх і ўкраінцаў. Існуе меркаванне, што адрозненне беларускай вышыванкі — у большай геаметрычнасці: калі ва ўкраінскай вышыванцы пераважае кветкавы арнамент, вышыты роўняддзю, у нас — вышыўка крыжыкам і графіка. Але і гэта не зусім так. Тэрыторыі, якія прылягаюць да Украіны, Палессе — там адчуваецца ўплыў украінскага касцюма. У Цэнтральнай Беларусі ёсць свая асаблівасць. У большасці мы звыклі да спалучэння «белы фон — чырвоныя ніткі». Але Міншчына, цэнтральны раён краіны — там сустракаецца вышыўка роўняддзю белымі ніткамі з чорнай акантоўкай
Цікавае ў беларускім касцюме — гэта галаўныя ўборы. Раней я любіла насіць турбаны, чалму, нешта такое ва ўсходнім стылі. А потым убачыла ў беларускім строі «наметкі» — гэта ручнік, прыгожа закручаны на галаве. Першую наметку дзяўчыне закручвалі на вяселле. Гэта вельмі арыгінальны і адметны элемент касцюма.
Калі вяртацца да беларускага касцюма ў цэлым, то я не магу назваць нешта характэрнае і выключнае менавіта для ўсёй Беларусі. У касцюма прывілеяванага саслоўя і гараджан адна гісторыя, у сялянскага касцюма — іншая. Для кожнай мясцовасці быў характэрны свой строй. Так, мы ведаем пра веткаўскі, калінкавіцкі, маларыцкі, кобрынскі і іншыя строі. А беларускі касцюм — гэта эклектыка розных культур, мультыкультур’е. Я люблю вывучаць гісторыю касцюмаў розных краін, і мне цікава назіраць усе гэтыя запазычанні. З сінтэзу сваёй і суседніх культур і складваецца наша ўнікальнасць.
— Цяпер беларускі стыль адзення трывала асацыюецца з вышыванкай — хоць гэта і «не толькі нашае»…
— Мне падаецца, што вышыванку цяпер трошкі апошлілі, трошкі ўтрыравалі. Цяпер вышыванкай лічыцца ледзь не любы ўзор чырвонага колеру на белым фоне ў раёне грудзей. Нікога не турбуе, што там вышыта, які ўзор, які арнамент, што ён азначае. Згубілася сакральная глыбокая сутнасць гэтага адзення, яно стала шырспажывам.
Людзі, якія займаюцца вышыванкамі, разумеюць, што замежнікі, якія купляюць вышыванку як сувенір, не будуць вывучаць гісторыю, сімволіку, не будуць цікавіцца, што азначаюць вышытыя сімвалы, не пойдуць ў бібліятэку, каб высветліць, што за ўзор у яго на вопратцы. Атрымліваецца як у шырспажыве: чалавек купіў майку з прыгожымі іерогліфамі і не ведае, што там напісана. Праз гэта ўзнікаюць канфузы і анекдоты.
Больш за тое: насамрэч вышыванка — гэта не толькі вышыўка на грудзях у раёне каўняра. У беларускім народным касцюме гафтаваліся не толькі грудзі, а плечы, перадплеччы і абшэўкі.
Таму я лічу, што ў крамах беларускага адзення павінныя быць кансультанты, якія ў стане былі б распавесці і патлумачыць, што за рэч чалавек купляе, што азначае арнамент, які ён носіць. Альбо прадавец сам павінен разбірацца ў гэтым і ўмець растлумачыць пакупніку. Мне падаецца, кожнаму будзе цікава, што азначае купленая ім рэч, якія элементы яна ўтрымлівае. Такая простая паслуга, на маю думку, значна падымае статус крамы.
— Як вы ставіцеся да «вышымаек»? Калі на вопратку робіцца проста прынт вышыванкі?
— Я думаю, у гэтым нічога дрэннага няма. З аднаго боку, гэта папулярызацыя нацыянальнага адзення, нацыянальнай культуры, і гэта добра. Калі я бачу чалавека ў футболцы, на якую нанесены «вышываначны» прынт, я разумею, што ён неабыякавы да Беларусі, ён дэманструе сваю прыналежнасць да роднай гісторыі і культуры.
З іншага боку, вышыванкі — гэта збольшага ручная праца, яна не можа быць таннай. Вядома, як стыліст я раю сваім кліентам, што лепш узяць адну рэч, але годную, чым некалькі не вельмі добрай якасці. Але не ва ўсіх фінансы дазваляюць мець адзенне з ручной аздобай. Таму прынт вышыванкі — гэта добры кампраміс. У гэтым, паўтаруся, няма нічога дрэннага, хаця само слова «вышымайка» мне не падабаецца.
— З тых часоў, як былі касцюмы, якія мы разглядаем у кнігах, вытворчасць адзення сышло далёка-далёка наперад. З’явіліся новыя тканіны, новыя элементы — аплікацыі, машынная вышыўка. Як з дапамогай новых элементаў зрабіць апгрэйд сваіх рэчаў, падкрэсліваючы нацыянальную прыналежнасць?
— Па-першае, я б раіла гэта рабіць на аднатонных рэчах. Рэч з прынтам — яна ўжо самадастатковая. У вопратцы заўсёды ёсць элементы, якія можна ўпрыгожыць: напрыклад, каўнер, абшэўкі. Па-другое, галоўнае — не перабраць, не зрабіць рэч безгустоўнай. Не трэба ляпіць на адзенне ўсё запар, перагружаючы яго элементамі. Адзін-два сімвалы — цалкам дастаткова, каб выказаць усё што хочаш.
Ёсць аксесуары, саламяныя капелюшы, прыгожыя шырокія паясы. Апрануцца ў этнічным стылі, каб гэта не выглядала як вобраз для фестывалю культур, на самай справе даволі няпроста, але калі гэта будзе зроблена з густам — цаны такому вобразу не будзе.
Шмат што залежыць ад знешнасці чалавека. Ёсць знешнасць, якой пасуюць простыя рэчы, — вышыванкі, лён і гэтак далей, а ёсць больш высакародныя, якія выглядаюць у простых рэчах як «паненка-сялянка».
Але пры гэтым я ні ў якім разе не хачу каго-небудзь абмяжоўваць і заявіць нешта кшталту: «Калі ты брунетка з усходняй знешнасцю, то лён табе не пасуе». Вядома ж, не. Калі чалавек хоча такую рэч, хоча апранацца ў нацыянальным стылі — калі ласка. Зноў жа, што да эклектычнасці нацыянальнага касцюма — гэта ж не толькі рэчы з лёну, даволі грубай тканіны. Ёсць тканіны і больш высакародныя.
Вядома, жанчынам з ніжэйшых саслоўяў (і не толькі ў Беларусі) забаранялася карыстацца некаторымі дарагімі тканінамі, — выкарыстоўваючы такія тканіны, яны нібы замахваліся на прывілеі вышэйшага саслоўя. І, вядома, большасці простага народу яны былі недаступныя з прычыны кошту. Шляхта, наадварот, карысталася даражэйшымі тканінамі, але пры гэтым магла пазычаць цікавыя ўзоры з народнага касцюма.
Цяпер такіх абмежаванняў няма, у нас поўная свабода ў стварэнні чагосьці свайго, аўтэнтычнага.
— Пра тканіны, дарэчы. Мы прывыклі, што нашая «гістарычная» тканіна — гэта лён. Зразумела, раней тканіны былі дарагія, і лён пераважаў…
— Я б не сказала, што лён пераважаў тады і пераважае цяпер. Лён — гэта стэрэатып: калі народнае — значыць лён. Былі канапляныя тканіны, шырока выкарыстоўвалі воўну для цяплейшай вопраткі, скуру. У вышэйшых саслоўях — аксаміт, той жа шоўк, атлас, парча. І цяпер можна звярнуць увагу, напрыклад, на тое, што называлася ў продкаў «гарсэткамі», якія насілі жанчыны. Гарсэткі цалкам могуць быць стылёвымі і цяпер — з парчы, з аксаміту, з футравым аздабленнем, можа быць. А ў спалучэнні з простымі тканінамі гэта будзе той самы кантраст фактур, які так актуальны цяпер.
— Як і раней, з аднаго боку ў нас высокая еўрапейская мода і масмаркет, а з іншага — індывідуальнасць і нацыянальны каларыт. Ці можна іх спалучаць?
— Мода прывілеяванага саслоўя і шляхты заўсёды была запазычанай. Мы нікуды не падзенемся ад тэндэнцый моды, але трэба ўсведамляць, што гэта нешта накшталт агульных рэкамендацый. Тэндэнцыі можна дапаўняць сваім — гэта вялікае мастацтва. Трэба мець не толькі добры густ, разбірацца ў тэндэнцыях заходнееўрапейскай моды, але і ведаць гісторыю беларускага касцюма, ведаць арнаменты і іх значэнне. Калі мяне пытаюцца, як развіць густ, я не кажу, што трэба глядзець у модныя часопісы. Я кажу: «Хадзіце ў музеі, тэатры, чытайце добрыя кнігі, глядзіце добрыя фільмы». Пагартаць часопіс проста, але такім чынам густ не фармуецца.
Сусветныя тэндэнцыі мусяць гарманічна спалучацца з беларускай культурай. Трэба звяртацца да дызайнераў, якія гэтым займаюцца. Нават стужачкі на галаву, якія многія дзяўчаты павязваюць, — гэта больш кельты і вікінгі, чым беларускі звычай. Тут трэба, напэўна, працаваць пад запыт: альбо з прэтэнзіяй на шляхецкую дарагоўлю, альбо бліжэй да народа.
Спалучаць можна ўсё, але трэба разумець, як можна быць у трэндзе і ў той жа час быць беларусам. Але пра тое мы пагаворым больш падчас анлайн-сустрэчы 9 ліпеня, якую арганізуе кампанія «Будзьма беларусамі!».
— На вашу думку, наколькі перспектыўны нацыянальны кірунак у фэшн-індустрыі і ў бізнесе?
— Тут я не маю ілюзіяў. Гэта будзе цікава пэўнаму колу людзей і наўрад ці будзе масавым. Тут найперш ідэя. Разлічваць на тое, што гэта прынясе вялікі даход — напэўна, не. Вялікага бізнесу з гэтага не атрымаецца, бо нацыянальны стыль успрымаюць працэнтаў дваццаць беларусаў.
А з іншага боку, у гэтай сферы ўжо ёсць паспяховыя праекты. Гэта, напрыклад, «Канцэпт-крама» і яе заснавальніцы Вольга Жадзеева і Вольга Дзянісава — яны зрабілі беларускую моду трэндавай. Яны падтрымліваюць беларускіх дызайнераў, робяць фотасесіі, калекцыі. Я б адзначыла брэнд «Канва» — беларускі касцюм плюс творчасць Язэпа Драздовіча. Ёсць брэнд «Paetka00» Кацярыны Кабанавай — яна займаецца дызайнам адзення і аксесуараў ў тэхніцы экаафарбоўкі. Дарэчы, нашыя продкі ўмелі фарбаваць тканіну настоямі траў аж з І–ІІ стагоддзя нашай эры!
Наогул, у нас шмат дызайнераў, якія адраджаюць беларускія касцюмы або натхняюцца нацыянальнымі касцюмамі. І мы цалкам можам стварыць свой адметны нацыянальны строй проста цяпер.
Аліна Бялова, budzma.by
Фота аўтаркі
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!