Кафедра беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта — адзіная па-за межамі нашай краіны, дзе можна атрымаць вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці «беларуская філалогія». Ад нядаўняга часу ў дыпломе еўрапейскага ўзору з’явіўся допіс — з англійскай мовай. У якасці факультатыўнай маладыя людзі могуць вывучаць іспанскую і расійскую. Апошняй, праўда, цікавяцца пераважна студэнты з Польшчы, якія раней у асноўным і вучыліся на кафедры. Трэнд апошніх гадоў: беларусы паступаюць усё часцей.
Хто абірае нішавы кірунак і якія плюсы студэнцтва ў найлепшым польскім універсітэце? Пра гэта — у нашым матэрыяле.
Фота 01. Крыніца: https://www.uw.edu.pl/
— Ведаю польскую, англійскую, расійскую, нямецкую, пачынаю вучыць нарвежскую. Ну і беларускую цяпер буду.
Праз некалькі хвілін высвятляецца, што акрамя моў, Лідзія вывучае яшчэ і філасофію. У чаканні арганізацыйнага спаткання думае цяпер, як сумясціць два факультэты.
— Адкуль я сама? З Варшавы. Але мая бабуля была з Ліды. Мяне таму так і назвалі — Лідзія.
Першай сустрэчы з аднагрупнікамі чакае і Куба — таксама з Варшавы. Малады чалавек кажа, што паступіць ва ўніверсітэт было даволі проста. Зацікавіла не толькі беларуская мова: «У дыпломе будзе напісана, што я вывучаў і англійскую. Гэта добры бонус».
«Як вас шмат. Тут і на падаконні яшчэ ёсць месца. Праходзьце, праходзьце. Калі ласка», — нарэшце першакурснікаў запрашаюць на ўрачыстае спатканне. Першае знаёмства — з загадчыкам кафедры. Прафесар Радаслаў Калета натхняе на цікавае студэнцкае падарожжа:
— Наша кафедра мае багатую гісторыю, якая пачалася ў 1956 годзе. Тут працавалі выбітныя даследчыкі — Аляксандр і Ніна Баршчэўскія, Альжбета Смулкова, якая была першай амбасадаркай Польшчы ў Беларусі, іншыя таленавітыя людзі. Будзем натхняцца традыцыяй і з цікавасцю глядзець у будучыню! Мы тут для таго, каб вас падтрымліваць. Калі будзеце мець жаданне паразмаўляць — з радасцю чакаем. Мы заўсёды адкрытыя да вашых пытанняў. Першыя 2–3 месяцы пойдуць на тое, каб арганізавацца і зразумець новую сістэму.
«Такога яшчэ не было»
Гэты акадэмічны год беларусісты распачынаюць на Добрай, 55 — у сучасным будынку, які нават трапіў у намінацыю сусветнага конкурсу World Architecture Festival 2022. Архітэктура корпуса факультэта прыкладной лінгвістыкі заснаваная на экалагічных падыходах. Да прыкладу, у будынку ёсць фотаэлектрычныя панелі, а адмысловая сістэма дазволіць паліваць расліны дажджавой вадой. Усе ўмовы не толькі для навукі, а і адпачынку: утульныя зоны рэлаксу ёсць на кожным паверсе і нават на даху, з якога адкрываецца шыкоўны від на Каралеўскі замак, набярэжную Віслы і BUW — Бібліятэку Варшаўскага Універсітэта.
Крыніца: facebook Варшаўскага ўніверсітэта
«Мы спантанна пераехалі сюды ў мінулым годзе. Але сёлета ўжо свядома пачынаем першы акадэмічны год са спадзяваннямі на тое, што ён будзе цікавы, паспяховы і з добрымі вынікамі», — кажа кандыдат філалагічных навук Вольга Трацяк. Сёлета выкладчыца кафедры была на чале прыёмнай камісіі факультэта.
Кандыдат філалагічных навук В. Трацяк. Крыніца: http://bel.kb.uw.edu.pl/
«У гэтым годзе мы прынялі 35 асоб на першую ступень. Сярод гэтых людзей ажно 10 беларусаў! Такога яшчэ не было. Для нас гэта фенаменальная, вельмі неардынарная з’ява, якая будзе несці новыя выклікі. 10 чалавек — гэта ўжо асобная група беларусаў, да якой трэба выпрацоўваць іншую методыку, бо мы былі заўсёды скіраваныя на студэнтаў з Польшчы. Найчасцей гэта людзі, якія не ведаюць беларускай мовы, а цяпер мы будзем інакш прадумваць нашу праграму. Цешыць тое, што сярод гэтых беларусаў вельмі шмат асоб свядомых, якія асэнсавана абралі наш кірунак. Мне здаецца, што гэта будзе адзін з найцікавейшых досведаў нашай кафедры», — адзначае Вольга Трацяк.
«Беларусізуем увесь свет!»
Да 2020 года Кацярына Шульган вучылася ў Беларускім эканамічным універсітэце. Пасля вядомых падзей пераехала ў Кіеў і паступіла на завочнае ў ЕГУ. Цяпер курс міжнароднай палітыкі і эканомікі будзе спалучаць з беларускай філалогіяй:
— Я б хацела дасканала ведаць беларускую. Калі ты звычайны юзэр, то гэтага недастаткова, каб прасоўваць мову. Мне здаецца, што даволі мала людзей, дасведчаных у гэтай тэме. Мне хацелася б, каб беларуская мова распаўсюджвалася, і дзеля гэтага яе трэба добра ведаць.
— А што яшчэ трэба рабіць для распаўсюду, як думаеш?
— Патрэбна, каб у розных сацсетках былі пераклады на беларускую, трэба пашыраць беларускую мову ў навуковых працах. У ЕГУ я звычайна пішу эсэ па-беларуску. Увогуле, я спадзяюся, што калісьці — напэўна, акурат калі я скончу ўніверсітэт — у нашай краіне зменіцца ўлада і будзе беларусізацыя. Праз гэта будуць патрэбныя людзі, якія маюць дыплом, маюць веды. Кампаніі, напэўна, таксама будуць зацікаўлены ў тым, каб ведаць беларускую мову. Беларусізуем увесь свет!
— Якія першыя ўражанні ад універсітэта?
— Пакуль што складана, таму што трэба разбірацца ў электроннай сістэме. Але мне пашанцавала, што я знайшла людзей, якія змаглі мне даць парады. Неўзабаве ўсё будзе класна і, спадзяюся, хопіць часу на ўсю маю актывісцкую дзейнасць і два ўніверсітэты.
Кацярына Шульган. Крыніца: асабісты архіў К. Шульган
«Выкладчыкі ніколі не кажуць у прысутнасці групы твой бал за экзамен»
«Чалавеку з беларускім бэкграўндам сапраўды складана разабрацца ў гэтай сістэме», — дзеліцца досведам студэнтка 5 курса. Таксама, дарэчы, унікальнага: упершыню за ўсю гісторыю кафедры летась на магістратуру прыйшлі толькі беларусы.
— Усё студэнцкае жыццё завязанае на сістэму USOS. На тое, каб зразумець, як яна працуе, трэба некалькі тыдняў, а то і месяцаў. Праз яе рэгіструешся на прадметы, там ёсць расклад заняткаў, твае адзнакі. Для мяне было шокам, што выкладчыкі ніколі не кажуць у прысутнасці групы твой бал за экзамен або залік. Больш за тое, вусныя экзамены здаюцца пераважна тэт-а-тэт. Псіхалагічна гэта вельмі камфортная сітуацыя.
— А як з польскай мовай? Спраўляешся?
— Спачатку было страшнавата, у мяне быў даволі сціплы ўзровень. Але неўзабаве я адкрыла, што вакол нашмат больш людзей, якія гатовыя цябе падтрымаць і табе дапамагчы. Для іншаземцаў ва ўніверсітэце ёсць магчымасць хадзіць на курсы польскай мовы ў інстытут Polonicum. Гэта вельмі крутая ўстанова, дзе працуюць неверагодныя выкладчыкі. У некаторых папулярныя моўныя каналы на Youtube. Я запісалася на агульны курс польскай мовы і на курс «Чытаем па-польску». У наступным семестры вазьму сабе прадмет «Пішам па-польску» і, калі атрымаецца спалучыць з асноўным раскладам, курс польскага кіно.
Дзяўчына прызнаецца, што досвед навучання ў еўрапейскім універсітэце — адзін з самых цікавых у яе жыцці:
— Кожны семестр ты абавязаны ўзяць прадмет з іншага факультэта, так званы «огун». Выбіраеш на свой густ, ад гісторыі квантавай механікі ці міжнародных адносін да хору, народных танцаў і адукацыйных шпацыраў па Варшаве. Нават бачыла прадмет паводле праграмы дванаццаці крокаў ананімных алкаголікаў. Заняткі праходзілі ў медыцынскай установе. Дарэчы, напрыканцы кожнага семестра мы запаўняем анкеты і выстаўляем свае балы кожнаму выкладчыку. Калі, напрыклад, водгукі сістэматычна адмоўныя, для кіраўніцтва гэта нагода прыняць меры. Вельмі адрозніваюцца стасункі выкладчыкаў са студэнтамі. Больш свабодныя. Цябе вельмі паважаюць і праз гэта ты таксама вучышся паважаць, разумець, прымаць.
— А што можаш сказаць пра вучобу непасрэдна на кафедры?
— У нас вельмі цікавыя прадметы. Па беларускай літаратуры летась мы праходзілі Алексіевіч, Бахарэвіча, Марціновіча, Клінава, Някляева, Глобуса. Беларускую мову вывучаем з розных перспектыў — у СМІ, палітыцы, бізнесе. Вельмі карысныя заняткі па перакладах! Дарэчы. З нашай спецыяльнасцю можна працаваць прысяжным перакладчыкам. Трэба толькі здаць дадатковы экзамен, ну і атрымаць польскае грамадзянства. Мне падабаецца, што на кафедры чытаюць лекцыі і носьбіты мовы, і польскія выкладчыкі. Яны вельмі абазнаныя ў нашай сітуацыі.
«Беларусістыка — гэта для ўсіх»
У дактарантуру ўніверсітэта сёлета паступілі два выпускнікі беларусістыкі. Яны будуць пісаць дысертацыі па мове і літаратуры. У чэрвені на кафедры прайшла міжнародня канферэнцыя. У Варшаву прыехалі беларусісты з розных краін — Беларусі, Літвы, Польшчы, Славакіі, Германіі. З дакладам выступіў знакаміты англійскі даследчык Арнольд Макмілін. Студэнтам мінулы навучальны год запомніўся яшчэ і навуковымі экспедыцыямі на Падляшша. Там яны збіралі дыялекты этнічных беларусаў. Сёлета кіраўніцтва кафедры прапанавала студэнцкаму навуковаму колу самастойна зладзіць падобную вандроўку — універсітэт падтрымлівае такія ініцыятывы і цалкам пакрывае на іх выдаткі. Наперадзе вялікая і цікавая дарога і новы акадэмічны сезон.
На занятках беларусісты будуць вывучаць не толькі беларускую мову і літаратуру. Глотадыдактыка, рыторыка, гісторыя Беларусі і беларускі фальклор, камунікацыйныя тэхнікі. Адзін з самых любімых прадметаў студэнтаў — канфрантатыўная, або параўнаўчая граматыка. Маладыя людзі актыўна запісваюцца таксама на іспанскую мову. Яе выкладае кандыдат філалагічных навук Анхела Эспіноса Руіс.
— Летась мы паспрабавалі і, падаецца, даволі паспяхова. У гэтым годзе набіраю групу ўжо на ўзровень А2.
— Як адчуваеце сябе ў ролі выкладчыцы?
— Гэта вельмі пазітыўны для мяне досвед. Кожны дзень на кафедры — гэта скарб, гэта радасць. Я з ахвотай сустракаюся са студэнтамі. У мяне такое адчуванне, што вучуся ў іх болей, чым яны ў мяне. На занятках заўсёды імкнуся будаваць дыялог. Часта на літаратуру людзі прыходзяць са страхам, што яны дадуць няправільны адказ. Я ім заўсёды кажу, што памыліцца немагчыма, таму што літаратура — гэта таксама дыялог. Паміж пісьменнікамі і чытачамі, навукоўцамі. Калі студэнт можа лагічна абгрунтаваць свой адказ, я яго заўсёды падтрымаю.
— А яшчэ натхніце: як асоба, якая нарадзілася ў Іспаніі і не проста вывучыла беларускую мову, а і стала пісаць на ёй вершы!
— Спадзяюся. Прынамсі, я магу ім паказаць, што калі яны хочуць прысвяціць жыццё беларускай мове — гэта магчыма. Не трэба быць беларусам, каб валодаць беларускай мовай, каб чытаць і пісаць літаратуру. Беларусістыка — гэта для ўсіх.
Паліна Часноўская, budzma.org