Што рабіць, калі бракуе веры ў сябе?

Мы ўжо разабралі такія рэчы, як самаацэнка, унутраны стрыжань і даведаліся, якім чынам можна змераць свае сілы. Самы час пагаварыць аб тым, для чаго канкрэтна патрэбная вера ў сябе і свае сілы, а таксама як яе развіваць пры неабходнасці.


Нашыя думкі вызначаюць, наколькі мы паспяховыя, шчаслівыя і здаровыя. Калі мы думаем, што заслугоўваем і можам дасягнуць усяго самага найлепшага, дык так і будзе. Ці прынамсі павінна быць у ідэале.

Здаецца, агульнавядомы факт, што людзі, якія дабіваюцца ўсяго па жыцці — гэта акурат тыя, хто не губляе веры ў сябе нават у самых складаных і неспрыяльных умовах.

Асноўныя якасці, якія гавораць нам аб наяўнасці веры ў сябе:

Імкненне да новых мэтаў

1869b.jpg

Чалавек, які мае глыбокую веру ў сябе і свае сілы, ніколі не задаволены тым, што мае ў пэўны прамежак часу. Ён добра ўсведамляе свае магчымасці і ўвесь час працуе над сабой, каб быць яшчэ лепшым у параўнанні з сабой учорашнім. Цягам усяго жыцця ён будзе ставіць перад сабою новыя мэты і задачы, прычым чым далей, тым больш падвышаючы ўзровень складанасці.

Жыццё без плётак 

Чалавеку, у якога ўсё нармальна з верай у сябе і свае сілы, няма ніякай справы да абмеркавання іншых. Ён проста заняты сабой і парадкаваннем свайго жыцця. У яго галаве спеюць планы, ідэі і спосабы іх увасаблення. Марнаванне часу і энергіі на абмеркаванне чужога жыцця зусім не ўваходзіць у спіс яго надзённых патрэбаў. За чужымі дасягненнямі ён сочыць хіба для таго, каб разумець свой стан адносна іншых.

Разуменне сваіх магчымасцей

d90823ae51e76b38db39f4e805c92bf3.jpg

Чалавек, які ўмее асэнсоўваць уласныя сілы, ніколі не будзе абяцаць таго, чаго не зможа ажыццявіць. У гэтым і розніца паміж упэўненасцю і самаўпэўненасцю, чым так часта грашаць многія з нас. Перш чым сапраўды нешта паабяцаць, падумайце, ці ў вашых сілах гэта потым будзе ўвасобіць. Старайцеся не абяцаць нічога за куфлем піва ці віна ў пятніцу ўвечары ў бары, каб потым вас не лічылі пустабрэхам.

Што рабіць, калі бракуе веры ў сябе?

Важна памятаць: вера ў сябе і свае сілы не з’яўляецца аднекуль проста так, яе можна і трэба развіваць. Пачніце з самага простага, што толькі можна прыдумаць: мяняйце сваё мысленне, працуйце з ім кожны дзень.

Бо тыя словы, якія мы прамаўляем у час гутаркі або самому сабе, у вялікай ступені ўплываюць і на нашае мысленне. Сумневы рэзка падрываюць веру ў сябе. Яны таксама падаюць і знак іншым аб тым, што вы не гатовы, не можаце або не хочаце ісці намечаным шляхам.

оролалекшupl_1595371228_138245.png

Сачыце за выправай, кажыце гучна, навучыцеся ясна фармуляваць свае думкі і даносіць іх людзям. Будзьце дзёрзкім і нават рэзкім, калі сітуацыя таго вымагае, але без хамства і залішняй агрэсіі. Вучыцеся аналізаваць сябе і шукайце сваё месца ў гэтым свеце. Гэта даволі просты і бясплатны спосаб дазволіць вам адшукаць або вырасціць у сабе тыя звычкі, якія потым дапамогуць вам змяніцца да лепшага.

Будзьце ўдзячныя самому сабе нават за самыя нязначныя рэчы. Людзі з нізкай самаацэнкай, якія не маюць веры ў сябе, маюць выразную хібу: яны ўвесь час абясцэньваюць як сваю працу, так і працу іншых. Дзякуйце сабе за тое, што маеце, і кажыце дзякуй тым, хто дапамагае вам. Цаніце свае і чужыя высілкі на жыццёвым шляху, бо яны вельмі каштоўныя.

Нашай псіхіцы вельмі важна, каб мы нешта даказвалі. Хаця б самі сабе — бо галоўнае гэта пачаць. Напрыклад, калі вы баіцеся і не можаце пры нагодзе сказаць рашучае «не», паспрабуйце гэта ўсё ж такі зрабіць. Напрыклад, адказаць адмовай навязліваму выпівоху, які просіць драбязу, або яшчэ якому няпрошаму госцю ў вашай асабістай прасторы. Потым можна паспрабаваць ускладніць узровень і адмаўляць пры патрэбе ўжо сваякам ці знаёмым, якія патрабуюць ад вас таго, чаго вы не хочаце і не абавязаны рабіць.

Паразважайце таксама над тым, а ці няма ў вас раптам звычкі патураць людзям, якія бясконца шкадуюць сябе, і ці не кажаце вы ім рэгулярна зацяганыя фразы кшталту «Бедны ты», «Як мне цябе шкада», «Гэта насамрэч жудасна» без важкай на тое прычыны? Эмпатыя, яе праявы, асабліва ў наш час — гэта проста цудоўна. Але часцяком пад гэтым хаваецца фальш: адбываецца нешта зусім нязначнае і абсалютна не трагічнае, але чалавек адразу ж пачынае шукаць «патрымкі» афлайн або анлайн, пакідаючы ў сацыяльных сетках чарговы слязлівы допіс. Спыняйце сябе, калі вам зноў захочацца сказаць або напісаць нешта падобнае.

Шукайце падтрымкі толькі ў тых выпадках, калі яна насамрэч неабходная. Прывучыце сябе нават у думках не дапускаць падобных высноваў і меркаванняў. Замест гэтага пачніце казаць такім людзям і самім сабе прыкладна гэткія словы: «Ты справішся з гэтым», «Я ў цябе веру», «У цябе дастаткова сілаў», «У цябе ўсё мае атрымацца». Заўжды сыходзьце з таго, што не бывае слабых людзей, але поўна тых, хто або не ведае пра сваю ўнутраную сілу, або проста не верыць у сябе.

5 парадаў, як гартаваць веру ў сябе:

1. Вера ў сябе і ў свае сілы — вось што самае галоўнае. Калі не вы, дык хто? Варта разумець, што вашая вера ва ўласныя сілы пачынаецца з вас самога. Не варта дапускаць негатыўных думак.

2. Ніколі ні з кім сябе не параўноўвайце. Бо заўсёды знойдзецца чалавек, які будзе лепшы за вас. Але што з таго? Рабіце тое, што прыносіць вам задавальненне, і атрымлівайце яго ад сваіх дасягненняў.

3. Збірайце вакол сябе толькі ўпэўненых людзей. Вы — гэта ў тым ліку і вашае асяроддзе, таму будзьце там, дзе гуртуюцца лепшыя.

yverennie.jpg

4. Выказвайце сваю асабістую пазіцыю. Не трэба баяцца чужога меркавання і асуджэння. Заўсёды будуць людзі, якія не пагодзяцца з вамі па тым ці іншым пытанні. Але не варта адмаўляцца ад свайго, каб некаму дагадзіць.

5. Не крытыкуйце моцна іншых людзей без важкай на тое прычыны. Бясконца «перамываць косткі» і абсмоктваць чужое жыццё — гэта прыкмета слабых людзей.

Алесь Тодараў, budzma.org