Budzma паклапацілася пра ваш святочны настрой і назбірала для вас нізку навагодніх ды калядных стужак, каб вам было як успомніць пра тое, што святло ў цемры свеціць, і падзяліцца гэтай радасцю з блізкімі.
«Гэтае цудоўнае жыццё» («It’s a Wonderful Life», 1946)
Не стварылі яшчэ такога фільма, які б пераўзышоў «Гэтае цудоўнае жыццё» па каляднасці і навагоднасці, і не прыдумалі яшчэ гісторыі адначасова больш шчырай, сентыментальнай, наіўнай, кранальнай, абаяльнай і гэтак далей, і гэтак далей.
Напярэдадні Раства добры, мілы чалавек Джордж Бэйлі пераконваецца, што жыццё ён пражыў пуста і няздарна і куды ні кінь, паўсюль ён няўдачнік, а гэта добрая нагода скокнуць з моста. Але ж Божанька ў выглядзе спіральнай галактыкі шле яму на дапамогу такога ж стараннага і недарэчнага анёла Кларэнса, якому, каб заслужыць крылы, трэба каго-небудзь выратаваць. А далей, вы можаце здагадацца, будуць добрыя ўчынкі, дапамога, сапраўднае каханне, пяшчота, вернасць, шчырае сяброўства, салідарнасць і ўсё, ад чаго душа вашая напоўніцца цяплом, падзяляючы са спадаром Бэйлі самае чалавечае пачуццё — удзячнасць за падтрымку.
За адзін толькі гэты фільм рэжысёр Фрэнк Капра трапіў у Рай, і ўсе грахі, накшталт эксплуатацыі эмоцый, няшнасці і камерцыйнасці, яму спісаліся. Калі на Раство вас абсыпле іскрыстым снежным пылам — дык гэта дакладна з крылаў Фрэнка Капры.
«Жах перад Раством» («Nightmare Before Christmas», 1993)
У гэтым поўнаметражным мульце дакладна без залішняй сентыментальнасці — там усё пра смерць.
Адзін абаяльны нячысцік з горада Хэлоўін выпадкова трапляе ў горад Раство — і далей песні, танцы, жартачкі, збольшага чорненькія, дурныя спробы залезці не ў сваю справу, добрыя намеры і дарога ў пекла: усё як мы любім. З хэпі-эндам, вядома, і з цудам каляднай ночы, з надзеяй на тое, што нам усім, нават зусім чорненькім і тагасветным, святло ў цемры свеціць.
Падрыхтуйцеся, сцэнарый пісаў Цім Бёртан.
«Навагоднія прыгоды Машы і Віці» (1975)
«Гары Потэр для алдыроў», «Хронікі Нарніі для саўкоў», бессмяротныя і пераможныя прыгоды піянераў Машы і Віці па звар’яцелым навагоднім сусвеце — вось што вяртае ў дзяцінства і ў Новы год з пахам мандарынаў і недаспелых бананаў тых, каму за. І няважна, за колькі.
Сюжэт навагодняга ранішніка і, значыцца, навагодняга падарожжа ў краіну Дзеда Мароза — лічы, на той свет — не менш бессмяротны, чым уласна Здыхлік Бессмяротны. Ён яднае пакаленні. Прызнайцеся, вы ж вадзілі сваіх дзетак на гэткія самыя навагоднія ранішнікі, на якія вадзілі вас малых бацькі? Калі не — йо-хо-хо, усё наперадзе, маладзё-о-ож! Ад навагодняга ранішніка яшчэ ніхто не збягаў.
Новы год — самы час успомніць, сняжынкай вы былі ці зайчыкам, пашукаць у гэтым якіхсьці прадказанняў вашага будучага жыцця, кінуць дурное і проста шчыра пасмяяцца з добрага дзіцячага фільма, падзівіўшыся дарослымі вачыма дасціпнаму ягонаму гумару, стараннай яго сур’ёзнасці, востранькім яго шпількам у адрас дарослых, нязлобнасці ягоных злодзеяў ды таму, што Баярскі там яшчэ не д’Артаньян.
Дзіцячы фільм за савецкім часам доўга быў адзінай пляцоўкай для вострых выказванняў — чаго толькі там у падтэкст не пхалі! Часам нават і палітыку. Але ж! — можна ж і не вышукваць падтэкстаў, а проста радавацца, што ёсць рэчы, якія пераносяць у дзяцінства — вашае ці вашых бацькоў. Ці не для гэтага кожны год наступае Новы год?
«Калядная казка Мапетаў» («Muppet Christmas Carol», 1992)
«Дазволь мне пабачыць хоць трошку цяпла ў гэтым змрочным свеце», — прамаўляе Майкл Кейн у ролі дзікенсавага Эбенізера Скруджа, якому давялося пераканацца ва ўласнай сквапнасці — раптам — у атачэнні герояў «Мапет-шоу». Ага, і за Дзікенса там — Гонза. І гэта, не пабаюся, найлепшая экранізацыя Дзікенса ўсіх часоў і народаў. Хаця б таму, што ў іншых няма жабяняткі Керміта і Місіс Пігі. Ды і Майкла Кейна.
Джым Хэнсан, амерыканскі лялькавод і аўтар «Мапет-шоу», на жаль, не дажыў да прэм’еры гэтага дабрадушнага фільма, складзенага з вечных, мілых гэгаў, файных песень, абаяльных персанажаў, смешненькіх жартачкаў. Класічны дзікенсаўскі сюжэт даўненька выконвае тую ж ролю, што і савецкая «Іронія лёсу, ці З лёгкай парай», і з той жа прычыны: што ж яшчэ нагадае нам пра тое, што ўсяе і розніцы паміж старым і новым годам — як паміж Трэцімі вуліцамі Будаўнікоў у Маскве і Ленінградзе, і як бы ты сябе ні паводзіў у мінулым годзе, табе ўсё адно не пазбегнуць Дзікенса. Дык вось, Дзікенс у выкананні герояў «Мапет-шоу» нагадае вам яшчэ і пра тое, што на любую класічную класіку знойдзецца жывая трактоўка, а значыцца, яшчэ нічога не запозна, яшчэ ўсё будзе, працягваем.
«Снежная каралева» (1957)
Уолт Дысней быў прагматыкам і ніколі нікому не зайздросціў — толькі савецкаму рэжысёру Льву Атаманаву, калі той выпусціў на «Саюзмультфільме» неверагодную поўнаметражную «Снежную каралеву». Дысней таксама марыў экранізаваць гэтую казку, але не мог сабе дазволіць такі змрочны мульцік — хто ж купіць квіток на такі?
Тым часам змрочная савецкая «Снежная каралева» ўзяла прызы на кінафестывалях у Каннах, Венецыі і Рыме. Фантастычны ўзровень анімацыйнага майстэрства захапляў усіх. Ды што там, ад аднае сцэны, у якой Снежная Каралева саджае малога Кая да сябе на сані і, гіпнатычным голасам усыпіўшы яго, завейнай віхурай падымаецца ў неба, — ад аднае гэтае сцэны захапляе дух і ледзянее сэрца. І Снежнай той Каралевы ў кадры — хвілін пяць на ўвесь поўнаметражны фільм, а здаецца, нікога там і няма, акрамя яе. О паралізуючая веліч увасобленай смерці.
Аднойчы, дарэчы, «Снежная каралева» дапамагла найчароўнейшаму ў свеце аніматару Хаяо Міядзакі застацца ў анімацыі. Ён тады працаваў шараговым мастаком у буйной і бязлітаснай анімацыйнай кампаніі і быў блізкі да сыходу, бо смяротна расчараваўся ў індустрыі. Лепш гандляваць піражкамі ў цягніках, чым маляваць такую дзічыну, лічыў Міядзакі, і не сказаць, што не меў рацыі. Але ж, дзякуй Богу, усё ж пайшоў на сеанс «Снежнай каралевы», зладжаны прафсаюзам аніматараў, — і праз гэта мы дачакаліся і «Наўсікаі з даліны вятроў», і «Хадзячага замка», і «Знесеных прывідамі».
Калі вы таксама зараз стаіце перад важным рашэннем — мо, і вам варта паглядзець спярша «Снежную каралеву» і спытаць сябе перадусім: а ці ёсць вам каго любіць? Ці не пра тое — самы гіпнатычны мульт савецкага дзяцінства?
«Пітэр Пэн» (1987)
Усё жыццё, сам таго не ведаючы, савецкі кінаказачнік Леанід Нячаеў здымаў на «Беларусьфільме» навагоднія стужкі. «Па целіку» іх паказвалі заўсёды ў самы-самы дзіцячы прайм-тайм — першага студзеня.
Але ж у адрозненне ад іншых любімых і сапсаваўшых не адно дзяцінства стужак Нячаева — і ад «Прыгод Бураціна», і ад «Пра Чырвоную Шапачку. Працяг старой казкі» — «Пітэр Пэн» атрымаўся такі ўвесь містычна-святочны, такі ўвесь пра цуд і пра палёт, пра цемру і пра святло: адным словам, пра Каляды.
Няўклюдны і чароўны, гэты фільм абуджае амаль няўлоўнае, вельмі дзіцячае пачуццё прадчування цуду. Заадно, дарэчы, пераказвае для дзяцей асновы постмадэрну, у якім ім давядзецца жыць, калі Савецкі Саюз неўзабаве ляснецца: дзеці гуляюць у дарослых, дарослыя гуляюць у дзяцей, усе разам гуляюць у вайнушку, у дочкі-мацеры, у сапраўднае жыццё і нават «гуляюць, быццам гуляюць» у яго.
Усё не па праўдзе, усё «трошку панарошку», гуляй з намі, мы ніколі не пасталеем і не памром — гаворыць гэты фільм піянерам, якіх пакаленнямі вучылі аддаваць жыццё за радзіму, здзяйсняць подзвігі, будаваць светлую будучыню: што заўгодна, толькі не гуляць. Спыніцеся, выдыхніце, паддайцеся нягегламу шарму вострава вечных хлопчыкаў Няма-і-не-будзе, і хай падорыць вам палёт Дзіньдзінь, фея рондаляў і імбрычкаў.
«Шчаслівага Раства» («Joyeux Noël», 2005)
Душа згарнецца і разгарнецца — і так шмат разоў. Будзе балюча, слёзна, цяжка, светла, радасна, і зноў балюча, і зноў цяжка — і так вы адчуеце сябе жывымі.
Героі гэтага фільма, заснаванага на сапраўдных падзеях, загінулі на фронце Першай сусветнай. Але ж ім пашчасціла самім стварыць цуд — вельмі чалавечы цуд: пасярод вайны, на перадавой, ваюючыя бакі спынілі баявыя дзеянні, каб адсвяткаваць Раство. Разам. Гэты выпадак увайшоў у гісторыю.
Стрыманая і лаканічная драма, створаная з кранальных чалавечых партрэтаў і кранальных чалавечых учынкаў, проста паказвае трагедыю, моц і прыгажосць гэтай маленечкай гістарычнай падзеі — а вы ж ведаеце, няма нічога мацней за простыя словы і простыя рэчы.
«Ноэль» («Noel», 2004)
Добра-добра, з амерыканскіх фільмаў мы з вамі ведаем, што Хрыстос нарадзіўся ў Нью-Йорку і Раство там — свята ўдвая асаблівае. Нью-Йорк, па праўдзе, і быў пабудаваны дзеля аднаго толькі Раства. Вось вам «Ноэль», журботная калядная драма пра самоту чалавечую ў вялікім — ды і ў малым — горадзе (ды і не толькі ў горадзе). Чалавек страшэнна самотны, і яго страшэнна шкада, — рэзюмуе фільм для Божанькі летапіс чалавечага існавання.
Гісторыі чалавечай самоты выпадкова пераплятаюцца: самотная жанчына, якая дзесяць гадоў даглядае старэнькую маці, і самотны мужчына, які верыць, што душа ягонай памерлай жонкі перасялілася ў маладога паліцэйскага, і самотны хлопец, які хоча трапіць на Раство ў шпіталь, бо толькі там ён аднойчы сустрэў Раство не ў самоце, — і так, крок за крокам, разумееш, што менавіта сваёй самотай мы ўсе звязаныя адно з адным. Просты, без выбрыкаў, галівудскі фільм, каб паплакаць пра ўсё, пра што доўга не плакалася — а нам усім ёсць пра што. І мы ўсе адно ў аднаго ёсць. Па-за межамі Нью-Йорка таксама.
«Падарунак на Раство» («Jingle All the Way», 1996)
Той самы лёгенькі і традыцыйна сямейны, без хітрыкаў, фільм, дзе Шварц мочыць натоўп Санта-Клаўсаў, а ў астатні час ганяецца за цацкай для сына, на якога ў яго ніколі не хапала часу. Затое ў фінале становіцца супергероем і тым самым Шварцам, які здаўна дорыць нам спакой і ўпэўненасць у тым, што свет будзе ўратаваны.
Стужкі пра супергерояў, дарэчы, любяць карыстацца сюжэтам пра Збавіцеля, таму калядны фільм з удзелам Шварцэнегера — гэта як двайная доза каляднай веры ў дабро, любоў і справядлівасць. І крышачку настальгіі па часах дзяцінства.
Асцярожна, наступны прыпынак на гэтым шляху ў Новы год — «Адзін дома». Дзверы зачыняюцца.
Вясёлых святаў!
budzma.org