Напярэдадні калядных святаў мы пачынаем публікацыю матэрыялаў пра асаблівасці іх святкавання. Артыкулы будуць выходзіць па пятніцах. Першы тэкст прысвечаны калядным датам.
Вось і надышоў апошні месяц гэтага года. У хваляваннях за будучыню снежань настаў нечакана. Для мяне гэты месяц заўжды быў незвычайным, штогод ад яго я чакала цудаў. Бо ў снежні пачынаюцца Каляды. Бадай, самы чароўны перыяд года. Менавіта ў гэты час сутыкаюцца сусветы: стары памірае, новы нараджаецца. У гэты час так прыемна марыць пра змены да лепшага і ўвасабляць свае мары. У гэты час успамінаеш прыяцеляў і знаёмых, дасылаючы ім паштоўкі альбо святочныя смскі. У гэты час ходзіш у госці да сваякоў і сяброў, паказваеш блізкім людзям сваю любоў праз цёплыя словы і падарункі. І нягледзячы на цяжкасці апошніх месяцаў, на незвычайнасць і дзікасць гэтага года, цяпер усё адно хочацца сапраўднага каляднага цуду і святочнага настрою!
Словы “Каляды”/“Каляда” маюць некалькі значэнняў. Асноўнае – гэта святочны перыяд, які цягнецца амаль месяц – з 24 снежня і ажно да 21 студзеня. Гэты перыяд уключае ў сябе шэраг свят і прысвяткаў, абрадавых дзей, традыцый і рытуалаў.
Адметнасцю беларускіх Калядаў з’яўляецца тое, што ўсё гэта адзначаецца ў дзвюх каляндарных сістэмах. Не дзіва, што людзі часта блытаюцца, калі есці куццю, а калі – рабіць “ярдані”. Давайце паспрабуем разабрацца з каляднымі датамі.
Пачынаецца калядны перыяд у ноч з 24 на 25 снежня. Гэтая дата прыйшла ў Рымскую імперыю з Ірана – там у гэты час адзначалі дзень народзінаў светлага бога Мітры (бога сонца). У нас яна таксама замацавалася як найбліжэйшая да зімовага сонцавароту (22-23 снежя). Падчас сонцавароту шмат якія народы адзначаюць дзень народзінаў сонечнага бога. Ён з’яўляецца гарантам новага земляробчага цыкла ўраджаю, а значыць – і працягу жыцця.
Пазней, у 431 годзе, хрысціянская царква афіцыйна прызначыла 25 снежня днём нараджэння Ісуса Хрыста, у асобе якога таксама можна ўбачыць гаранта новага жыцця. Пасля расколу хрысціянства на каталіцызм і праваслаўе з’явілася яшчэ адна дата дня народзінаў Бога – 7 студзеня. Рэч у тым, што праваслаўная царква выкарыстоўвае юліянскі каляндар – больш старажытная сістэма гадавога лічэння, заснаваная на пунктах сонечнага раўнадзенства. Каталікі ж вядуць адлік часу па грыгарыянскім календары – больш позняя сістэма, якая грунтуецца на цыкле абаротаў Зямлі вакол Сонца. Розніца паміж календарамі – некалькі дзясяткаў хвілін, але за стагоддзі (грыгарыянскі каляндар быў прыняты ў 1582 годзе) з гэтых хвілін назбіраліся дні. На сёння разбежка паміж календарамі складае 13 дзён. Такім чынам, мы маем дзве даты дня народзінаў Сонца (Бога): 25 снежня і 7 студзеня.
Наступны пункт у калядным цыкле – непасрэдна Новы год: 1 студзеня па грыгарыянскім календары і 14 студзеня па юліянскім. Гэтая дата прыйшла да нас з “навукова-матэматычнай” сферы: астранамічны год разбіты на 365 сутак і 6 гадзін (па юліянскім календары) ці на 365,2425 сутак па грыгарыянскім. Адпаведна, кожны новы год пачынаецца ў студзені. Цікавае назіранне: вечар напярэдадні Новага года прынята называць шчодрым (Шчодрык, Шчадрэц). Гэта кульмінацыйны пункт калядных святаў: багатая куцця (у гэты вечар накрывалі самы багаты стол з мясам, кілбасамі, салам і г.д.), самыя вясёлыя гульні, шчадраванне (абрад абыходу двароў), маскарад і г.д. І, па логіцы двух календароў, прыхільнікі грыгарыянскага мусяць адзначаць Шчодрык у ноч з 31 снежня на 1 студзеня, а аматары юліянскага – у ноч з 13 на 14 студзеня. Аднак на Беларусі Шчодрык ва ўсіх рэгіёнах адзначаецца толькі адзін раз – па старым стылі (13-14 студзеня). Такім чынам, атрымліваецца, што “цэнтральным” пунктам Калядаў з’яўляецца наш стары новы год. У гэтую ноч абраднасць і каталікоў, і праваслаўных, замешаная на народнай традыцыі, супадае.
Яшчэ адным з самых важных элементаў у карціне свету нашых продкаў была вада. Цягам усяго года спраўляўся культ вады. Ушаноўвалі яе і падчас калядных урачыстасцяў. Яшчэ адзін знакавы дзень – Вадохрышча. І таксама дзве даты: 7 студзеня па новым стылі (грыгарыянскі каляндар) і 19 студзеня – па старым (юліянскі каляндар). Лічылася, што ў гэты дзень вада набывае цудадзейныя якасці. А калі сабраць ваду з трох (а лепш сямі) вадаёмаў, то будзе вам шчасце.
Хрысціянская царква прымеркавала да Вадохрышча наступны этап з жыцця божага сына – хрышчэнне Ісуса ў рацэ Іярдан, спалучыўшы такім чынам культ вады з царкоўнай традыцыяй. У каталікоў гэты дзень яшчэ называюць Тры Каралі. Тлумачэнні гэтай назвы таксама розныя. Царкоўнае суадносіць яе з трыма каралямі, што першымі прыйшлі пакланіцца божаму сыну. Народная традыцыя абапіраецца на назвы сузор’я Арыёна (дакладней, яго часткі, што складаецца з трох не вельмі яркіх зорак).
У большасці суседніх народаў на гэтым святкаванне Калядаў і заканчваецца. Але ў нас ёсць адметны абрад “Цягнуць Каляду на дуба” – апошні ў святочным цыкле. Ён праходзіць у Бярэзінскім раёне штогод 21 студзеня. Вось пасля гэтых “провадаў” калядны цыкл можна лічыць завершаным і пачынаць рыхтавацца да наступных святаў: камаедзіцы, грамніц, масленкі…
Такім чынам, Каляды маюць тры асноўныя пункты (іх яшчэ называюць тры куцці): сустрэча свята (посная куцця), кульмінацыя (шчодрая куцця), завяршэнне (вадзяная куцця). І як бонус (адметнасць беларускіх Калядаў) – провады свята. А з тае прычыны, што ў нашай краіне аднолькава ставяцца да абедзвюх галін хрысціянскай царквы, пры гэтым не забываючыся на народную (часта – паганскую) традыцыю, у нас гэтых пунктаў атрымліваецца аж пяць!
Ева Вятрыскіна, budzma.by