Постаць Вікенція Канстанціна Каліноўскага згубіла сваю ідэнтычнасць і парасла міфамі. Якім жа чалавекам ён быў насамрэч? Пра што думаў і марыў? Гэтага дакладна мы ніколі не даведаемся, але ёсць гістарычныя методыкі, якія могуць дазволіць хоць і зусім недакладна, але рэканструяваць асобу і яе светапогляд. Прааналізавалі крыніцы другой паловы ХІХ стагоддзя і паспрабавалі скласці рэальны вобраз Вікенція Канстанціна Каліноўскага.
Літвін, каталік і не любіць багацеяў
З прааналізаваных крыніц вынікае, што Канстанцін Каліноўскі лічыў сябе па-паходжанню літвінам, пра што не раз казаў прадстаўнікам «белых» і следчым, якія яго дапытвалі. Калі Каліноўскаму спрабавалі прыпісаць польскасць, то ён моцна абураўся. Не дарэмна яго называлі як паплечнікі, так і прадстаўнікі царскай адміністрацыі «чырвоным» ці «славалюбівым» літвінам.
Каліноўскі быў каталіком, але моцна імпанаваў уніяцтву і бачыў у ім пануючую канфесію на тэрыторыі незалежнай дзяржавы, якая павінна была з’явіцца пасля паўстання. Паходзіў жа Каліноўскі з дробнай шляхты, якая была прыбліжана да сялян і магла сутыкацца з падобнымі жыццёвымі праблемамі. Сам ён рос сярод сялан і бачыў іх цяжкі эканамічны стан, таму так імкнуўся адасобіцца ад «багацеяў», якія прадстаўлялі крыло «белых». Па поглядах Каліноўскі быў дэмакратам, прычым прыхільнікам радыкальных зменаў у грамадстве, таму лічыў, што багатая шляхта адарваная ад рэальнасці. Па меркаванню Каліноўскага «белыя» не могуць парваць з прыгонам, бо не хочуць страчваць ледзь не бясплатную працоўную сілу, што ў выніку магло адбіцца на іх эканамічным дабрабыце. Тым больш, яны былі староннікамі «старых традыцый» — калі пан не падаваў рукі селяніну ці нават мешчаніну, што азначала не лічыцца з меркаваннямі і жаданнямі самай шырокай праслойкі грамадства.
З пункту гледжання Каліноўскага гэта была загана, якая тармазіла рухавік палітычнага развіцця грамадства. Не дарэмна Каліноўскі хацеў атачыць сябе прадстаўнікамі з дробнай ці цалкам збяднелай шляхты. А яго словы, што сякера не павінна спыняцца нават над калыскай шляхецкага дзізяці не што іншае, як цытата, вырваная з кантэксту, ды скарыстаная пэўнымі гісторыкамі для дасягнення ўласных мэтаў.
Такім чынам, на думку Каліноўскага, шляхта, якая згодная падтрымаць паўстанне і змены ў грамадстве, павінна была стаць «лакаматывам» для стварэння новай дэмакратычнай дзяржавы. Аснову для рэвалюцыі павінны былі скласці сяляне яшчэ і з той прычыны, што шляхты было нашмат меней, чым сялян. Нават некалькі дзясяткаў тысяч распешчанай шляхты не змаглі б супрацьстаяць рэгулярнай шматтысячнай царскай арміі. А раззлаваная незлічоная маса сялян магла, што было б ужо сацыяльнай рэвалюцыяй.
Халерычна адстойваў пазіцыі незалежнасці
Будучую дзяржаву, якая павінна была паўстаць пасля паўстання, Канстанцін Каліноўскі бачыў яе незалежнай ад Польшчы і Расіі. За гэтыя погляды не раз ён і яго блізкія паплечнікі падвяргаліся крытыцы з боку «белых» ды нават часова адхіляліся ад стратэгічнаважных пасад. Каліноўскі бачыў беларускія землі самабытнымі, з уласнай культурай і мовай, з уласнай канфесіяй (уніяцтвам), што не адзін раз пацвярджалася ў «Мужыцкай праўдзе», ягонай следчай справе ды ў іншых сведчаннях.
Часам, нават на мяжы істэрыкі Каліноўскі адстойваў самабытнасць нашых зямель, як у выпадку з Дзюлейранам, што быў з партыі «белых», які ў прысутнасці Каліноўскага асмеліўся назваць землі былога Вялікага княства Літоўскага спрадвечна польскімі. У знак сваёй нязгоды з пазіцыяй Дзюлейрана Каліноўскі схапіў апанента за каўнер ды выкінуў з паседжання рэвалюцыйнай арганізацыі.
У самым горшым выпадку Каліноўскі бачыў федэрацыю Польшчы ды былых земель Вялікага княства Літоўскага выключна на роўных правах.
Некаторымі гісторыкамі Каліноўскаму быў прыпісаны ярлык «мясніка», які не шкадаваў «сваіх і чужых». Згодна інфармацыі з першакрыніц, падобнае меркаванне з’яўляецца памылковым.
Каліноўскі быў вельмі чулы да чалавечых ахвяраў ды ўсяляк стараўся пазбегнуць «масакры», пра што было заяўлена ім следчаму. Ён сцвярджаў, што і паўстанцкія сілы, і царская адміністрацыя павінны прыкласці ўсе намаганні, каб пазбегнуць праліцця лішняй брацкай крыві. Ды і не было ў яго нянавісці да рускіх, толькі да царызму. Таму і казаў ён, што «народ маскоўскі хоча быць нам братам».
Каліноўскі не карыстаўся выключна беларускай мовай. Ён яе добра ведаў, бо вырас у асяроддзі вясковых дзяцей. Можна дапусціць, што на хвалі «хлопаманства» размаўляў па-беларуску з некаторымі паплечнікамі ды падчас сваіх вандровак па вёсках. Між тым, «Мужыцкая праўда» была напісаная па-беларуску, хоць і лацінскімі літарамі. Але Каліноўскі любіў і шанаваў «хамскую» мову, бо менавіта на беларускай мове ён напісаў свой апошні зварот да «мужыкоў зямлі беларускай» — Лісты з-пад шыбеніцы. Лагічна зрабіць выснову, што чалавек, які дакладна ведаў пра сваю хуткую смерць, не стаў бы пакідаць свае апошнія словы на нямілай яму мове.
Аднак, Каліноўскі выдатна валодаў як польскай, так і рускай мовамі. Ёсць сведчанні, дзе ён звяртаўся па-польску да паўстанцаў, калі праводзіў інспекцыю аднаго з атрадаў. Выдатнае валоданне рускай мовай не можа нават аспрэчвацца, бо ён вучыўся ў дзяржаўным універсітэце, дзе выкладалі выключна па-руску, ды тлумачальную запіску падчас следства Каліноўскі напісаў на выдатнай рускай мове.
Што разумеў Каліноўскі пад Беларуссю?
Найбольш важным пытаннем з’яўляецца тое, што Каліноўскі разумеў пад Беларуссю? З прааналізаваных крыніцаў вынікае, што ён называў так цэнтральныя і ўсходнія землі сучаснай Беларусі. Заходнія землі называліся ім Літвой. Верагодна, што Каліноўскі выношваў свой праект новай дзяржавы з назваю Беларусь, каб новая дзяржава магла такім чынам адарвацца ад мінулага. У яго планах паўставала новая дзяржава з новай назвай, дзе сацыяльная дыферэнцыяцыя адсутнічае, у адрозненне ад архаічнага «Вялікага княства». Недарэмна Каліноўскі звяртаўся «да мужыкоў зямлі беларускай», а сакральны паўстанцкі пароль, які ён даў здрадніку Парфіяновічу, быў «Каго любіш? Люблю Беларусь! Так узаемна!». Гэта магла быць зусім новая прагрэсіўная дзяржава, якая была б цалкам адарваная ад былых сацыяльных і палітычных устояў.
Прынцыповы і нязломны да апошняй хвіліны
Найважнейшай рысай характару Канстанціна Каліноўскага была яго прынцыповасць ды сляпая адданасць ідэі. Для рэалізацыі ідэі ён не шкадаваў сябе.
Яго гэтаму навучыў брат Віктар, які павінен быў стаць кіраўніком паўстання — сталейшы ды ўраўнаважаны. Аднак, раптоўная смерць брата ўсклала гэтую ношу на плечы Канстанціна, які не адыходзіў ад запаветаў брата ні на крок. Брат быў для яго найвялікшым аўтарытэтам, бо менавіта ён займаўся яго выхаваннем і навучаннем замест бацькі, які ўсе сілы ўкладаў у выхаванне дзяцей ад другога шлюбу. Менавіта Віктар прывіў Канстанціну любоў да Радзімы. З крыніц вынікае, што Канстанцін Каліноўскі так фанатычна падыходзіў да паўстання, каб ушанаваць памяць пра свайго брата, не даць згаснуць яго пачынанням.
Сваю прынцыповасць Каліноўскі не адзін раз праяўляў і ў спрэчках пра статус беларускіх зямель у будучай дзяржаве, калі б перамагло паўстанне. Прынцыповасць яго пацвярджаў Якуб Гейштар, які сцвярджаў, што Каліноўскі прысутнічаў амаль на кожнай публічнай экзекуцыі паўстанцаў, такім чынам аддаючы даніну павагі, хаця і рызыкаваў сам быць схопленым. А паплечнікі Каліноўскага адзначалі, што ён сваёй рашучасцю і непахіснасцю прыцягваў да сябе людзей.
Калі паўстанне пачало згасаць, а амаль усё кіраўніцтва ўцякло ў эміграцыю, Каліноўскі адмовіўся з’ехаць, аргументуючы гэты тым, што калі ён з’едзе, то паўстанне згасне, такім чынам падпісваючы сабе смяротны вырак. Неўзабаве яго схапілі, але падчас допытаў ён не выдаў анікога з паўстацаў, што адзначалі самі следчыя ў сваіх дакладных запісках Мураўёву, ды дадавалі, што паводзіў сябе Каліноўскі на допытах смела і дзёрзка.
Адмаўляючыся даваць паказанні супраць іншых, але прызнаючыся следчым, што ён і ёсць «канавод паўстання на Літве» Вікенцій Канстанцін Каліноўскі згаджаўся на верную смерць, але па-іншаму ён паступіць не мог. Верагодна ў той сітуацыі кіраўнік паўстання разумеў, што павінен да апошняга паказваць прыклад тым людзям, якія пайшлі за ім. Не пахіснуць іх давер.
Нават стоячы на эшафоце ён не пераставаў праяўляць сваю дзёрзкасць і прынцыповасць, перабіўшы царскага службоўца, які чытаў вырак, Каліноўскі задэклараваў у натоўп асноўную ідэю той дзяржавы, пра якую марыў і за якую абраў аддаць жыццё — «дзе ўсе роўныя і няма дваран».
Згодна крыніцам, вынікае, што Вікенцій Канстанцін Каліноўскі — літвін, прыхільнік зменаў рэвалюцыйным шляхам, які не хацеў супрацьстаяць рускаму народу, але змагаўся з самадзяржаўем, быў прыхільнікам саюза сялянаў з дробнай шляхтай. Імкнуўся стварыць незалежную дзяржаву як ад Польшчы, так і ад Расіі і не цярпеў пярэчанняў па гэтаму пункту нават ад паплечнікаў. Каліноўскі быў настолькі фанатычна адданы сваёй ідэі, што абраў смерць, чым захаваць сабе жыццё ды ўбачыць, як у попел пераўтвараецца ўсё тое, у што ён верыў. Выдатна апісаў маральны і лёсавызначальны выбар Канстанціна Каліноўскага выдатны беларускі пісьменнік Уладзімір Караткевіч: «Кожны раз чалавецтва бліжэй да шчасця на вышыню нашых магіл».
Магчыма, Каліноўскі верыў, што пасля смерці стане тым «зернем» з якога потым вырастуць тысячы каласоў.
АК, budzma.org