Гісторык Васіль Герасімчык піша пра тое, чаму нашыя выбітныя папярэднікі маглі б толькі марыць трапіць на перапахаванне Кастуся Каліноўскага, якое заўтра адбудзецца ў Вільні.
Тое, што 155 гадоў здарылася з Каліноўскім, цяпер пагражае таму народу, дзеля дабра і шчасця якога ён узышоў на шыбеніцу. Розніца толькі ў тым, што Кастусь свядома ахвяраваў у імя Праўды, гатовы рушыць на дапамогу Братам нават з таго свету. І не спыніць, не стрымаць яго ні здрадаю, ні шальмаваннем, ні забыццём. Бо гэта не проста “наш чалавек”. Гэта наш Герой з тысячай твараў, ці як найменьш з 20-цю, які, пачуўшы пакуты нашчадкаў, зварухнуў Гару ў месцы на мяжы святла і цемры.
Джозэф Кэмпбэл у знакамітым творы “The Hero with a Thousand Faces” пісаў: “Нязведанае, якое дзесьці чакае нас, нашмат большае, чым калі-небудзь можна будзе пазнаць і распавесці”. Пераканацца ў тым дадзена кожнаму. Вядомыя дата і месца: 22.11 у горадзе нашай мары, праз Вострую браму якога, як нідзе ў іншым месцы, праглядаюцца абрысы новай Беларусі.
Мы ў пераломным моманце гісторыі, дзе смерць і жыццё, нараджэнне і скананне перапляліся вузельчыкам памерам кропкі на карце ў дакладна вызначаны прамежак часу: 22.11. Слынныя папярэднікі, якія, гадуючы Беларусь, натхняліся імем Героя, маглі аб тым толькі марыць. Але яны прадбачылі , што на кінуты імі запыт – “Дзе ты, Яська, з промнямі ў вачох?” – нарэшце, будзе дадзены станоўчы адказ. І што зноў, як тое было не раз, усе дарогі павядуць у Вільню, у “наш зрабаваны сьвет”.
Народны паэт Беларусі Максім Танк яшчэ 55 гадоў таму спадзяваўся пабачыць на ўласныя вочы хоць адну пылінку праху Героя, каб сваёю крывёю напаіць і ажывіць яго. Але Максім Танк сышоў разам з Беларуссю, перапыненай на раздарожжы гісторыі ў 1995 годзе. Ён не зможа 22.11 быць у горадзе нашай мары. Не зможа там быць і Генадзь Кісялёў, Уладзімір Караткевіч і іншыя творцы, хто прыклаўся да паўставання вобраза нашага Героя з тысячай твараў. Не зможа быць у Вільні і Віктар Сырыца, і тысячы іншых рупліўцаў на ніве беларушчыны. Яны адыйшлі ў лепшы свет заўчасна. “І хоць адтуль не вяртаюцца”, 22.11 у Вільні мы, трымаючы іх імёны у сэрцы, станем ганаровай вартай для тых, хто вярнуўся і каго намагаліся пазбавіць Беларусі. Як прыклад для тых, хто толькі паўстае на шлях да Беларусі і хто яшчэ толькі невымоўна прадчувае адказ на пытанне: “Каго любіш?”
Васіль Герасімчык, facebook.com