Прапануем Вам падборку знакавых дат на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата — кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і «пасланне ў бутэльцы» для нас сённяшніх.
Чытайце, думайце, рабіце высновы.
7 лютага
1881. Нарадзіўся Рамуальд Зямкевіч
З’явіўся на свет грамадскі дзеяч беларускага нацыянальнага адраджэння першай паловы ХХ стагоддзя ў Варшаве. Бацькі паходзілі са Случчыны. Вучыўся ў Кіеве, дзе атрымаў прафесію інжынера-механіка.
Рамуальд Зямкевіч жыў у асноўным у Варшаве, але многа вандраваў па Беларусі і Еўрапейскіх краінах, дзе займаўся зборам матэрыялаў, якія тычыліся нашых земляў і культуры. Быў зацятым бібліяфілам і калекцыянерам.
Сабраў вялізныя калекцыі старадрукаў, адзення і розных іншых фальклорных і этнаграфічных матэрыялаў. Даследваў беларускую мову і літаратуру, пакінуў шэраг працаў па ёй.
Пасля нападу нацыстаў на Польшчу быў арыштаваны і адпраўлены ў Асвенцым, дзе і загінуў. Асноўная частка ягонай калекцыі знікла ў разбуранай вайной польскай сталіцы.
8 лютага
1929. Нарадзіўся Леанід Лыч
Слынны беларускі гісторык, даследчык беларускай культуры і нястомны абаронца беларускай мовы нарадзіўся ў вёсцы Магільна на Міншчыне ў шматдзетнай сялянскай сям’і.
Вышэйшую адукацыю атрымаў у далёкай Уфе, дзе ў 1957 годзе скончыў гістарычны факультэт Башкірскага педагагічнага інстытута. Праз год перабраўся ў Мінск, дзе працягнуў займацца навукай.
Даследаваў самыя розныя пытанні і праблемы, такія, як гістарычнае краязнаўства, развіццё беларускай нацыянальнай ідэі, нацыянальна-культурнае жыццё на Беларусі ў розныя перыяды. Неаднаразова выступаў у абарону незалежнасці нашай краіны.
Памёр 17 студзеня 2021 года ад наступстваў каронавіруса ва ўзросце 91 года.
9 лютага
1930. Нарадзіўся Валянцін Тарас
Быў сынам вядомага кніжнага графіка Яўхіма Тараса, які афармляў кнігі, якія друкаваліся ў БССР. Валянцінаў бацька быў добра знаёмы з Янкам Купалам ды іншымі беларускімі творцамі.
Калі пачалася вайна, то ва ўзросце 13 гадоў далучыўся да партызанскага руху. Пешкі прайшоў ад беларускай сталіцы 70 кіламетраў, каб трапіць у атрад «За савецкую Радзіму». Прымаў удзел у знакамітым парадзе ў 1944 годзе ў Мінску.
У 1955-м скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ. Працаваў у рэдакцыях газеты «Звязда» і часопіса «Неман».
З канца 1960-х за ім замацоўваецца статус «дысідэнта»: яго звальняюць з працы, творы перастаюць друкаваць, фільмы па сцэнарах не выходзяць. Нягледзячы на ўсе гэтыя цяжкасці, не кінуў літаратурнай дзейнасці.
Пакінуў кнігу каларытных успамінаў «На выспе ўспамінаў».
Памёр ва ўзросце 79 гадоў 13 лютага 2009 года.
10 лютага
1927. Другі Усебеларускі краязнаўчы з’езд
Цяпер у гэта цяжка паверыць, але ў ранняй БССР, на самым піку беларусізацыі, у краіне быў вельмі моцна развіты краязнаўчы рух. Простыя жыхары, якія яшчэ ўчора былі «тутэйшымі» пачалі цікавіцца сваёй мінуўшчынай і вывучаць яе.
Для кіравання краязнаўчым рухам на Беларусі было нават створана Цэнтральнае Бюро краязнаўства, якое дзейнічала пры Інстытуце беларускай культуры. Уласна па ініцыятвыве бюро і быў скліканы з’езд.
Другі Усебеларускі краязнаўчы з’езд працаваў з 10 па 13 лютага ў Менску. На ім сабралася 187 дэлегатаў ад 240 краязнаўчых арганізацый, якія аб’ядноўвалі больш за 9000 членаў па ўсё краіне.
Выходзіў нават адмысловы часопіс пад назвай «Наш Край», дзе публікаваліся вынікі працы даследчыкаў.
11 лютага
1807. Нарадзіўся Напалеон Орда
Адзін з самых вядомых беларускіх мастакоў з’явіўся на свет на Піншчыне. Рана страціў бацьку, а ягоным выхаваннем займалася маці, дачка пінскага старасты.
У маладыя гады меў праблемы з уладамі з-за свайго сяброўства ў таемным студэнцкім таварыстве. Сядзеў у турме. Прыняў актыўны ўдзел у паўстанні 1830-1831 гадоў, быў вымушаны выехаць на эміграцыю. Шмат вандраваў па Еўропе, рабіў замалёўкі, а на радзіму вярнуўся пасля абвешчанай амністыі.
Пакінуў больш за тысячу сваіх акварэляў і графічных работ, частка з якіх былі зроблены на беларускіх землях. Яго стыль адметны і пазнавальны. Здаецца, што ён паспеў пабываць ва ўсіх кутках нашай краіны.
Памёр у красавіку 1883 года пасля працяглай хваробы.
12 лютага
1910. Першая беларуская вечарынка ў Вільні
У гэты дзень у мясцовым клубе чыгуначнікаў адбылася сапраўды эпахальная падзея ў культурніцкім жыцці беларусаў, якая спрыяла абуджэнню нацыянальнай свядомасці і станаўленню беларускага прафесійнага тэатра.
На вечарынцы паказвалі спектаклі паводле твораў беларускіх аўтараў, спявалі народныя песні і танчылі народныя танцы. Удзел прымала блізу сотні чалавек, а ў якасці гледачоў сабралася каля тысячы.
Гэтае мерапрыемства займела каласальны розгалас. А танцавальная трупа Ігната Буйніцкага пасля вечарынкі займела статус прафесійнай і атрымала назву «Першая беларуская трупа»
13 лютага
1974. Памерла Паўліна Мядзёлка
Нарадзілася будучая выбітная беларуская дзяячка ў Будславе ў верасні 1893 года. Адукацыю атрымлівала ў Глыбокім, Рызе, Вільні, Пецярбургу.
З маладых гадоў мела наравісты характар і выразна падкрэслівала сваю беларускую ідэнтычнасць. Прымала ўдзел у жыцці беларускіх культурніцкіх і палітычных арганізацый. Была там заўважнай і аўтарытэтнай асобай.
Гэта ёй Янка Купала прысвяціў першую беларускую п’есу «Паўлінка» і многія іншыя творы. Але іх раман так і не склаўся — адзіным мужам Мядзёлкі быў Тамаш Грыб, адзін з лідараў беларускіх эсэраў, міністар унутраных справаў БНР.
Пакінула ўспаміны, якія часткова былі апублікаваныя ў часопісе «Полымя» ў першай палове 1990-х гадоў.