Прапануем Вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата — кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і «пасланне ў бутэльцы» для нас сённяшніх.
Чытайце, думайце, рабіце высновы.
1593 г. Скліканне паспалітага рушання
У гэты дзень кароль польскі і вялікі літоўскі князь Жыгімонт Ваза склікае паспалітае рушанне з мэтаю здушэння казацкага паўстання. Рэч у тым, што Рэч Паспалітая ў той час зведала цэлую серыю паўстанняў казакоў
Першае з іх выбухнула ў 1591 годзе, a яго непасрэднай прычынай стала спрэчка паміж шляхцічам Крыштафам Касінскім і князямі Аляксандрам Вішнявецкім i Янушам Астрожскім за маёнтак Ракітная. Касінскі, абараняючы свае правы, узначаліў казацкі атрад, да якога далучыліся казакі і сяляне, і пачаў нападаць на землі Астрожскіх на Валыні.
Занепакоеная нарастальным «свавольствам», валынская, кіеўская і брацлаўская шляхта разам з мясцовымі магнатамі вырашыла пакласці гэтаму канец. Асноўная сутычка адбылася 2 лютага 1593 года пад Пёнткам, недалёка ад Цуднова.
Сілы казакоў налічвалі каля 5 тыс. чалавек, праціўнікі выставілі войска ў такой самай колькасці. Яно складалася з паспалітага рушання, слуг князёў Астрожскіх, а таксама набраных згаданымі князямі наёмнікаў з Польшчы і Венгрыі.
Крыштаф Касінскі, убачыўшы войска праціўніка, пачаў пакідаць баявых строем. Гісторыкі і цяпер спрачаюцца, што ён збіраўся рабіць: адступаць або нападаць. Атрады Астрожскіх заступілі ім дарогу, каб бітва адбылася ў любым выпадку.
Спачатку ініцыятыва была на баку казакоў, але скончылася бітва іх жорсткай паразай. Праз некалькі дзён была нават падпісана капітуляцыя Касінскага і казакоў. Але ўжо ў траўні яны зноў узяліся за старое і чарговы раз былі разбітыя конніцай Рэчы Паспалітай.
1904 г. Нарадзіўся Алесь Якімовіч
Паходзіў з Уздзеншчыны, дзе раскінуўся самы сапраўдны «літаратурны» куст — многія вядомыя пісьменнікі і паэты апошняга стагоддзя менавіта з тых краёў.
Атрымаў добрую адукацыю па мерках ранняй БССР, адначасова ідучы літаратурным шляхам. Дэбютаваў у 1923 годзе на старонках часопіса «Маладняк». Быў сярод актыўных удзельнікаў гэтага літаратурнага аб’яднання. Спачатку пісаў вершы, потым узяўся за прозу.
У 1924 годзе быў створаны дзіцячы часопіс «Беларускі піонэр», які спачатку павінен быў узначаліць паэт Уладзімір Дубоўка, але ачоліў Алесь Якімовіч. Каб павялічыць і колькасць накладу і якасць часопіса, сакратар выдання, а па факце яго першы рэдактар, рабіў розныя камбінацыі.
Каб часопіс добра разыходзіўся сярод моладзі, ён вырашыў запрасіць да супрацы не толькі вядомых літаратараў, але таксама і саміх дзяцей, сярод якіх, безумоўна, знойдуцца ахвочыя расказаць пра сваё жыццё.
Фактычна стаў адным са стваральнікаў найноўшай беларускай дзіцячай літаратуры, бо пісаў пераважна творы для дзяцей цягам усяго жыцця. Пайшоў з жыцця ў 1979 годзе.
1401 г. Віленска-Радамская унія
У гэты дзень у Вільні Вітаўтам і прадстаўнікамі шляхты ВКЛ быў падпісаны акт Віленска-Радамскай уніі, які канчаткова аформіў дзяржаўны саюз ВКЛ і Польшчы.
Заключэнню уніі папярэднічаў разгром войска Вітаўта ў бітве на Ворскле 1399 года і рост уплыву літоўскага князя Свідрыгайлы, які быў малодшым сынам Альгерда і прэтэндаваў на ўладу ў ВКЛ. У такіх умовах Вітаўт згадзіўся на заключэнне новай дамовы з польскім каралём Уладзіславам II Ягайлам. Акт, які заклаў асновы новых узаемадачыненняў паміж ВКЛ і Польшчай, Ягайла выдаў у канцы 1400 года каля возера Круды паміж Гародняй і Мераччу. Да нашага часу ён не захаваўся.
А ўласна 18 студзеня 1401 года ў Вільні Вітаўт выдаў прысяжны акт Ягайлу, які перадаў яму ў пажыццёвае трыманне ВКЛ разам з рускімі ўдзельнымі княствамі. Ягайла захаваў тытул вярхоўнага князя літоўскага, а Вітаўт афіцыйна набыў тытул вялікага князя літоўскага, якім фактычна быў яшчэ з часоў Востраўскага пагаднення 1392 года.
Вітаўт стаў пажыццёвым гаспадаром ВКЛ і атрымаў поўную свабоду ў вырашэнні ўнутраных спраў. Пасля яго смерці ВКЛ павінна было перайсці да Ягайлы і яго нашчадкаў. Польскі бок абяцаў, што ў выпадку смерці Ягайлы і згасання яго дынастыі баяры ВКЛ будуць удзельнічаць у выбарах новага агульнага манарха.
Аднак атрымалася не зусім так, як хацелася. Вялікім літоўскім князем стаў ягайлаў малодшы брат Свідрыгайла, які за год давёў стасункі з Польшчай амаль што да вайны. Супраць яго выступіў Жыгімонт Кейстутавіч, малодшы брат Вітаўта, які выступаў за унію з Польшчай і хацеў вярнуць старыя парадкі.
У выніку ў ВКЛ разгарэлася крывавая феадальная вайна 1430-х гадоў, якая скончылася разгромам Свідрыгайлы Альгердавіча і перамогай Жыгімонта Кейстутавіча. Гэтыя падзеі канчаткова аформілі той вектар, у якім потым развівалася ВКЛ.
У гэты дзень у Празе Францыскам Скарынай была выдадзена кніга «Прамудрасці Божай» («Премудрости Божией книга»), якая з’яўляецца часткай Старога Запавету.
Распачынаецца гэты старадрук тытульным лістом з гравюрай і назвай кнігі. Тут жа ўказана: «Зуполне выложена на рускый языкъ доктором Франъцыскомъ Скорининымъ сыномъ из славного града Полоцька».
Таксама змешчаны прадмова, пасляслоўе і «Молитва Манасии царя Иудина его же молящеся къ Господу Богу поименый в неволи Вавилонъской», тэкст якой у 1574 годзе Іван Фёдараў уключыць у склад сваёй Львоўскай «Азбукі». Усяго вядома 10 экзэмпляраў гэтай кнігі, з якіх поўных толькі 6. Гэта найбольш «хуткае» з скарынаўскіх выданняў, бо друкавалася яна з хуткасцю 3,2 ліста на дзень. У сярэднім жа першадрукар працаваў з хуткасцю 1,78 ліста на дзень.
Друкаваў свае кнігі Францыск Скарына на царкоўнаславянскай мове з невялікай колькасцю лексічных адзінак беларускага паходжання, а вось аўтарскія прадмовы да іх былі напісаныя ім на старабеларускай мове.
1892 г. Нарадзіўся Браніслаў Тарашкевіч
Адзін з самых вядомых і энергічных дзеячаў беларускага руху першай паловы ХХ стагоддзя з’явіўся на свет у Мацюлішках непадалёк ад Вільні. Цікавіцца мовазнаўствам і пытаннямі нацыянальнай ідэнтычнасці пачаў у даволі раннім узросце.
Аўтар знакамітай «Беларускай граматыкі для школ», якая вытрымала некалькі выданняў. Быў адным з ініцыятараў і стваральнікаў Таварыства Беларускай Школы, якое дзеіла на абшарах Заходняй Беларусі ў 1921–1936 гадах і налічвала ад 10 да 15 тысяч сябраў.
У 1925–1927 гадах Тарашкевіч — адзін з арганізатараў i старшыня ЦК Беларускай сялянска-работніцкай грамады — левай партыі, якая налічвае сто тысяч сяброў. За сваю палітычную дзейнасць двойчы сядзеў у польскай турме.
У верасні 1933 года польскія ўлады памянялі зняволенага Браніслава Тарашкевіча на беларускага друматурга Францішка Аляхновіча, які сядзеў тады на Салаўках. Арыштаваны ў 1937 годзе як «крупнейший белорусский нацдем». Расстраляны ў лістападзе 1938 года.
1818 г. Нарадзіўся Адам Кіркор
Паходзіў з небагатай шляхецкай сям’і з цяперашняй Смаленшчыны. Ужо ў малыя гады займеў вялікую цікавасць да кніжнай справы, што ў далейшым акрэсліла ўсё ягонае далейшае жыццё: ён атрымаў даволі добрую адукацыю для свайго часу і стаў выдаўцом.
Адам Кіркор належаў да той кагорты даследчыкаў ХІХ стагоддзя, якія займаліся ўсім і адразу: збіраў этнаграфічныя матэрыялы, ладзіў археалагічныя раскопкі, пісаў і публікаваў рознага кшталту артыкулы, меў уласнае выдавецтва. Свае росшукі спалучаў з пасадай сакратара канцылярыі Віленскай казённай палаты, дзе ён працаваў з 1838 па 1864 гады.
У час паўстання 1863–1864 гадоў аказаўся на раздарожжы: улады не дазвалялі далейшую дзейнасць і забаранялі яе, а паўстанцы хацелі яго пакараць, бо лічылі здраднікам. Рэч у тым, што спачуваючы паўстанню, Кіркор, каб захаваць сваю справу і галаву, публікаваў у друкаваных ім выданнях адозвы царскага ўрада.
Перад смерцю Адам Кіркор сціпла падсумаваў вынікі сваёй дзейнасці: «Што было ў маіх сілах і сродках, я зрабіў і магу з чыстым сумленнем прызнацца, што маё жыццё не прайшло марна».
1863 г. Пачатак паўстання 1863–1864 гадоў
У гэты дзень адначасова ў Польшчы, Беларусі і Лiтве пачалося выступленне супраць расійскіх уладаў з мэтай аднаўлення Рэчы Паспалітай у межах 1772 года.
Вялікі ўплыў на паўстанцаў аказалі ідэі Вялікай Французскай рэвалюцыі, якая перамагла ў 1789 годзе. Зерне асветніцтва, сацыяльнай і нацыянальнай справядлівасці было кінутае ва ўрадлівую глебу і праз паўстагоддзя ўзышло. Нездарма ж адзін з французскіх мысляроў, творамі якога натхняліся рэвалюцыянеры ў Парыжы, думаў перабрацца ў Белавежскую пушчу.
Большая частка паўстанцаў належала да так званых «белых» — гэтыя выступалі за вяртанне старога парадку. Рэшта — да так званых «чырвоных», якія хацелі радыкальных пераўтварэнняў на манер французскіх.
Праўда, сяляне так і не ацанілі прагрэсіўных ідэяў, якія дэклараваліся ў «Мужыцкай праўдзе», належным чынам. Збольшага яны былі на баку царскіх уладаў, а таму не асабліва вагаючыся выдавалі паўстанцаў.