Беларуская мастачка Марыя Алена Банэт цяпер працуе над новым праектам «Ты сад», які стаў лагічным працягам яе ранейшых мастацкіх пошукаў. Напрыклад, серыі фатаграфій «Мая рака», якую аўтарка выканала з дапамогай ручнога друку. Яна прысвечана жыццю і гісторыі яе сям’і праз вобраз Нёмана і завяршылася праектам «Заручыны з морам». У ім Марыя разважае пра тое, што такое свабода і якім чынам яе кшталтаваць.
  
 
 Марыя Алена Банэт. Фота: Джампаоло Катаудэлла
Сёння Марыя Банэт жыве на дзве краіны. Графічныя творы з серыі «Мая рака» яна пакінула на гарышчы былой майстэрні ў Гданьску, а новую студыю знайшла ў доме з каменнымі сценамі антычных часоў у італьянскай вёсцы Абруццо.
Ад невялікай горнай ракі ідзе меладычны гук, у доме — камін і вялікі стол для керамікі, стол меншага памеру прызначаны для малюнкаў, а ў асобным пакоі мастачка вырабляе скульптуры—коканы для свайго апошняга праекта.
Гэта непрыкметная італьянская вёска размешчана непадалёк ад старажытнага абацтва Монтэкасіна.
Выставы Марыі цяпер праходзяць у антычных храмах, закінутых цэрквах і аліўкавых садах, а матэрыялы яна знаходзіць проста на беразе мора.
— Вы пачалі рабіць скульптурныя аб’екты, маючы за плячыма багаты досвед працы з ручным фатаграфічным друкам? Даволі нечаканы пераход... Новая краіна адкрывае новыя магчымасці?
— Так, у Італіі я пачала мультыдысцыплінарны праект і стала займацца скульптурай. У мяне плануецца выстава каля абацтва Монтэкасіна, на гары бога Януса, якая пакажа вынік маёй працы на працягу гэтых двух гадоў.
Зусім нядаўна я паглядзела дакументальны фільм і даведалася, што падчас Другой сусветнай вайны ў бітве па абароне Монтэ-Касіна ў польскім батальёне Андэрса ўдзельнічала вельмі шмат беларусаў. Я была кранута гэтай гісторыяй. На мясцовых могілках сапраўды пазначаны беларускія гарады. У фільме мяне ўразіла, што тыя беларусы, якія вярнуліся дадому, былі арыштаваныя, а іх узнагароды герояў адабраныя. Я не магу сказаць, што для мяне гэта сталася месцам сілы, але месцам памяці — дакладна. Мой праект называецца «Ты сад», і ён прапануе погляд унутр сябе. Што таксама пераклікаецца і з Монтэ-Касіна, і з нашай эміграцыяй, таму што беларусы часта сустракаюцца з праблемай прыняцця і непрыняцця.
  
 
 Марыя Алена Банэт. Фота: Джампаоло Катаудэлла
Мой прадзед служыў у польскім войску, а я цяпер эмігрантка. І калі я толькі прыехала ў Італію, у першыя ж дні атрымала дзіўнае паведамленне ў Інстаграме: «Вы хочаце знішчыць нашу культуру». Але ж усе гэтыя міграцыйныя шляхі нашмат больш складаныя, згадаць толькі Парыжскую школу, дзе было шмат выхадцаў з Беларусі, якія зрабілі важкі ўклад у французскую і сусветную культуры... А калі згадаць Монтэ-Касіна — то размова ўжо ідзе пра ўклад жыццямі.
У маёй свядомасці гэтыя разважанні закальцаваліся, і менавіта пра такія рэчы мне хочацца разважаць на маёй выставе каля Монтэ-Касіна.
Дарэчы, калі я толькі прыехала ў Італію, то адкрыла сваю выставу «Заручыны з морам» у Санта Марыя Маджоры. І я атрымала ліст ад мэра горада са словамі ўдзячнасці за тое, што я развіваю культуру. Такі цікавы паварот адбыўся праз пяць месяцаў пасля таго першага ліста.
— Пра што ваш новы праект?
— Я даследую ўнутраны ландшафт чалавека, дзе сад — гэта метафара прасторы, у якой ты адначасова і садоўнік, і сад. Гэта пра самафарміраванне ці другое нараджэнне.
Я адштурхоўваюся ад свайго жыцця, дзе мне ўнутры сябе трэба сфармаваць стрыжань, ад нічога не залежны. У праекце гэта ідэя ўвасабляецца ў коканах матылькоў, вялікіх арганічных скульптурах, унутры якіх знаходзяцца керамічныя элементы.
Я выбрала дзевяць спосабаў успрымання чалавека — імя, цела, розум, інтуіцыя, памяць, бездань, эга, воля і дух, якія ўвасобіліся ў дзевяці скульптурах. І атрымала грант ад ArtPower Belarus на здымку эксперыментальнага музыкальнага фільма. Вольга Падгайская напісала музыку для кожнага кокана (пісаць музыку для духу — гэта было цікава).
  Скульптура з выставы Opposti Paralleli, Cassino, Italy. Фота: Джампаоло Катаудэлла
Скульптура з выставы Opposti Paralleli, Cassino, Italy. Фота: Джампаоло Катаудэлла
Таксама ўдзельнічала Наталля Ліпніцкая, беларуска, якая даўно жыве ў Парыжы, яна гэтую музыку выконвала, уваходзячы ў дыялогі з коканамі ў відэа. У фільме таксама прысутнічаюць тэксты мастака Джампаоло Катаўдэлла, агучаныя ім і мной, якія плятуць узор адначасова годнасці, роспачы і прыгажосці быць чалавекам. Такім чынам праект стаў спектаклем-рытуалам, які развіваецца ў дзевяці частках — дзевяці этапах метамарфозы.
Ідэя праекта ў тым, што дзевяць спосабаў успрымання, дзевяць спосабаў развіцця ствараюць унікальны ўнутраны голас чалавека, дазваляюць яму паўнавартасна пражываць сваё жыццё, жыць у моманце паміж структурай і спантаннасцю.
Фільм здымаўся побач з абацтвам Монтэ-Касіна ў старажытным аліўкавым гаі. Я выбрала гэтае месца, бо мяне ўразілі аліўкавыя дрэвы: яны могуць тысячу гадоў расці, змяняць форму. І гэтай формай яны ўвасабляюць мудрасць і складанасць быцця, і сам прынцып росту. Такое форматварэнне прысутнічае і ў маім праекце — як кокан, як спосаб успрымання праз усе пачуцці, уласцівыя для цела...
Кожны конан мае свой голас. Я прыдумвала гукі для кожнай здольнасці быць чалавекам. Што такое эга? Як я магу выказаць яго праз скульптуру і праз гук? Для эга я выбрала гукі гарэння, запальвання.
Цяпер у сваёй майстэрні я таксама працую над дзіцячай кнігай, якую часткова напісаў мой сын, а я раблю ілюстрацыі.
— Як у вас лёгка і арганічна адбываецца гэты пераход паміж рознымі тэхнікамі і матэрыяламі! Што вас вядзе, чым абумоўленыя гэтыя пераходы?
— Ідэя з коканамі нарадзілася, калі я закончыла праект «Заручыны з морам». Той праект ужо быў часткова мультыдысцыплінарны, бо відэа адыгрывала ў ім вялікую ролю. Мяне заўсёды вабіў тэатр, тэкст, відэа. Для праекта «Мая рака» я таксама здымала відэа. Гэта праект фатаграфічны, фатаграфіі я друкавала ў ручных тэхніках, але мне хацелася яшчэ больш узмацніць адчуванне прысутнасці. Мае відэа дакументуюць маю рэальнасць, якая даволі сюррэалістычная.
З маім праектам пра мора я была блізкая да тэатральнай дзеі, таму што пісала тэкст, які ўвайшоў у музычны альбом, запісаны з Віктарам Сямашкам і групай Fantastic Swimmers. Я помню момант, калі я чытала гэты тэкст на фестывалі ў Кракаве, і адчула, што я хачу рабіць мультыдысцыплінарныя праекты, у якіх перасякаюцца розныя віды мастацтва. Проста ўсяму свой час, да ўсяго трэба даспець.
  
 
	  Экспазіцыя выставы «Заручыны з морам» у італьянскай царкве Санта-Марыя-Маджорэ ў мястэчку Сант’Элія Фьюмерапіда (рэгіён Абруцца). Фота: Марыя Алена Банэт 
Пасля «Заручын з морам» у мяне была ідэя зрабіць нешта, звязанае з садам, таму што той праект быў пра набыццё ўнутранай індывідуальнай свабоды. І прыйшла думка, што бясконца неабходнае дзеянне для чалавека — гэта вырошчваць і культываваць сады на любой глебе. Якую форму можа набыць гэтая думка, я тады не ведала. Я ўяўляла нейкія коканы, але не думала пра скульптуру. А пасля з’ездзіла ў Італію і знайшла матэрыял, які ідэальна падыходзіў да маёй ідэі. Выпадкова знайшла, нібы ўяўленне спраектавала ў рэальнасць тое, што я хацела.
Я адшукала высахлую расліну ў антычным запаведніку Vendicari на беразе мора, закансерваваную марской соллю. І тады зразумела, што з гэтага хачу рабіць скульптуры, а пасля, калі форма пачала паўставаць, асэнсавала, што сам ручны працэс дае мне новыя магчымасці. У Італіі так шмат вольнай прасторы, што сама краіна падштурхоўвае займацца скульптурай. Скульптурай і нейкімі тэатральнымі штукамі. Тут шмат закінутых антычных месцаў, якія натхняюць на стварэнне нечага маштабнага.
— Як звязаны праект з садам з «Маёй ракой»?
— У аснове «Маёй ракі» — гісторыя маёй сям’і, упісаная ў кантэкст пошукаў ідэнтычнасці. Праект я заканчвала падчас пратэстаў, таму там ёсць фатаграфія, на якой светлавая рака людзей на адным з мітынгаў, а таксама серыя, у якой я аб’яднала ссечаныя дрэвы з фатаграфіямі маіх продкаў у дзіцячым узросце.
  
	 З серыі «Выток». Праект «Мая рака». Цыянатыпія. 2018–2020 
Гэта была маніфестацыя веры: нават калі вырываецца ўсё з каранямі, мы перараджаемся, набываем новую свабоду. Гэта мая тэма. У праекце «Заручыны з морам» таксама прысутнічае тэма трансфармацый, тэма індывідуальнай свабоды для кожнага чалавека. Жыццё нібы стварае складанасці, якія можна трансфармаваць у іншую якасць. Такім чынам я прыйшла і да праекта «Ты — сад», абапіраючыся на свой досвед трансфармацыі.
  
 
	  З серыі «Рэчышча» праекта «Мая рака» 
Бо «Мая рака» кажа пра тое, што мае продкі, людзі, якія жылі на рацэ, рачныя людзі, як іх называлі, мелі іншае ўспрыманне пад уздзеяннем гэтай стыхіі. Найперш гэта здольнасць мысліць ясна і незалежна ад знешняга, а для гэтага трэба мець унутраны паток. А як яго мець? І я прыходжу да гэтага пытання ў праекце «Ты — сад», калі чалавек усвядомлена займаецца сваім фармаваннем. То-бок усвядомленым перараджэннем.
Я веру, што чалавек, як і жыццё, пастаянна знаходзіцца ў руху, але рух ідзе ў двух кірунках — уверх ці ўніз. Ці рух, ці дэградацыя. Мы самі выбіраем. Канешне, усё складаней, таму я падзяляю на часткі наша ўспрыманне, і важна, якой часткай, якім коканам мы ўспрымаем свет.
  З серыі «Вусце». Праект «Мая рака». Цыянатыпія. 2018–2020
	З серыі «Вусце». Праект «Мая рака». Цыянатыпія. 2018–2020
— Чаму для вас важна адасобіцца ад лічбавага мастацтва, важныя гэтыя ручныя тэхнікі і жывое ўзаемадзеянне з матэрыяламі? Вы нават пісалі навуковую працу на гэтую тэму...
— Я цудоўна валодаю лічбавымі інструментамі, але знаходжу ў ручной тэхніцы некалькі момантаў, якія адначасова з’яўляюцца неад’емнымі складнікамі творчасці. Гэта магчымасць пусціць у творчасць нешта непрадказальнае, тое, што не створана, як у штучным інтэлекце, іншымі людзьмі.
Ручная праца дае магчымасць увесці нечаканасці ў твор мастацтва. То-бок нейкаму духоўнаму складніку, які можна назваць выпадковасцю, цудам ці чароўнай Боскай памылкай, якая надзяляе не толькі твор мастацтва, але і самаго мастака нейкім каштоўным досведам.
Я абмяркоўвала гэта з іншымі мастакамі, для іх такія творчыя моманты былі самымі каштоўным, таму што тады яны адчувалі нейкі рост і змены ўнутры. Нават незалежна ад выніку.
Сама праца са светаадчувальнымі матэрыяламі можа стаць філасофіяй у сучасным свеце. Чэшскі мастак Юры Сігут раскладваў фотапаперу ў лесе, пакідаў яе там тыднямі, і на ёй адлюстроўваліся сляды прыроды. Дарэчы, апошнія гады я бачу, наколькі стаў папулярным такі спосаб друку фатаграфій, калі непасрэдна сама прырода ўваходзіць у твор.
Бо гэта дае магчымасць спазнаць пачуццёвасць матэрыі, свету і сябе ў гэтым свеце. Мастакам хочацца адчуваць энергію творчасці, а яна сканцэнтравана менавіта ў прыродзе.
  
 
	  Марыя Алена Банэт. Фота: Джампаоло Катаудэлла 
Міхаліна Мехавіч, Budzma.org