Каляндар з 17 па 23 кастрычніка. Што святкуем? Па чым сумуем?

17.10.2022 Гісторыя

Прапануем Вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата — кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і «пасланне ў бутэльцы» для нас сённяшніх.


Чытайце, думайце, рабіце высновы.

17 кастрычніка

1696. Нарадзіўся Аўгуст III

King_Augustus_III_of_Poland.jpg

Гэты вялікі князь літоўскі, рускі і жамойцкі, кароль польскі, вядомы нам як Аўгуст Саксонскі, быў сынам Аўгуста Моцнага.

Пасля смерці бацькі 1 лютага 1733 г. было абвешчана беcкаралеўе. На галоўную пасаду ў Рэчы Паспалітай прэтэндавалі Станіслаў Ляшчынскі, які абапіраўся на Францыю, і Аўгуст Саксонскі. Апошні карыстаўся падтрымкай Расіі.

12 верасня 1733 года на элекцыйным сойме ў Кракаве польская і літоўская шляхта большасцю абрала каралём Станіслава. Але ягоная падмога ад французаў так і не з’явілася своечасова. За тое расійцы адправілі свайму фаварыту ў падтрымку войска ў 20 тысяч штыкоў.

У выніку Станіслаў Ляшчынскі быў вымушаны ўцячы ў Гданьск, а Аўгуст Саксонскі 5 кастрычніка 1733 г. быў абраны, а потым і каранаваны на польскі і літоўскі пасад.

Пры ім ажывілася культурнае і эканамічнае жыццё, але прыйшло ў заняпад палітычнае. Барацьба магнатэрыі, якая была і пры бацьку, яшчэ болей абвастрылася. Усё гэта прывяло да фатальных падзеяў у далейшай гісторыі краіны.

18 кастрычніка

1876. Нарадзіўся Ян Булгак

Jan_Bulhak_colorisation.jpg

З’явіўся на свет адзін з найлепшых фотамастакоў сваёй эпохі ў шляхецкім засценку пад Асташынам. Ва ўзросце 11 гадоў паступіў у Віленскую класічную гімназію, якую паспяхова скончыў у 1897 годзе. Потым паступіў на філасофскі факультэт Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве, але фінансавыя праблемы вымусілі яго кінуць вучобу ды вярнуцца дамоў.

Першыя здымкі Ян Булгак зрабіў каля 1905 года: жонцы падарылі просценькі фотаапарат, але зацікавіўся ім муж. Разабрацца з тэхнікай дапамаглі наваградскія фатографы, а першыя фота Булгака — гэта родны маёнтак і яго ваколіцы.

Ужо праз пяць гадоў Булгак удзельнічаў у сусветнай фотавыставе ў Бруселі, яго здымкі друкавалі і выкарыстоўвалі для паштовак безліч выдавецтваў. Для мастацкага дакументавання Віленшчыны і Міншчыны Булгак зрабіў столькі ж, колькі Напалеон Орда ў плане акварэляў і літаграфіяў.

Тэмы Булкага — гэта архітэктура і ландшафты. Старая Вільня, Свіцязь, Нарач, Нясвіж, Мір, маёнткі, тракты, далягляды... На жаль, вялікая частка архіву загінула ў Вільні падчас вайны: шкляныя пласцінкі былі знішчаныя пажарам. Большасць выяваў майстра мы ведаем з надрукаванай спадчыны.

Памёр піянер беларускай мастацкай фатаграфіі ў Польшчы ў 1950 годзе. 

19 кастрычніка

1890. Нарадзіўся Сяргей Палуян

paluyan_af.jpg

Перспектыўны беларускі літаратар з’явіўся на свет у Брагіне ў шматдзетнай сям’і. Ягоны бацька быў арандатарам, які з часам здолеў прыдбаць частку маёнтка Крышычы на Гомельшчыне.

Вучыўся Сяргей Палуян у Мазыры ў шасцікласнай прагімназіі, потым у Мітаўскай гімназіі ў Латвіі. Гімназістам праз удзел у падзеях 1905 года трапіў у лік «нядобранадзейных». Бацька, не чакаючы выключэння юнака з гімназіі, забраў яго дадому. У маёнтку той заняўся рэвалюцыйнай агітацыяй сярод сялянаў, што прыводзіла да рэгулярных канфліктаў з бацькамі.

Ва ўзросце 18 гадоў малады чалавек перабраўся ў Кіеў, дзе зарабляў на жыццё выпадковымі падпрацоўкамі. Пачаў друкавацца ва ўкраінскай і беларускай перыёдыцы. Летам 1909 года ён пераехаў у Вільню, дзе ўладкаваўся на працу ў «Нашу Ніву». Пісаў вершы, п’есы, празаічныя творы, публіцыстычныя артыкулы, рэцэнзіі.

Менавіта Сяргей Палуян адшукаў у архіве рэдакцыі вершы Максіма Багдановіча, якія супрацоўнікі палічылі «незразумелымі для народа». Ён жа пераканаў іх у тым, што творы гэтыя варта публікаваць на старонках газеты. Пазней сам уступіў у перапіску з Максімам і яны нават пасябравалі. Аб гэтым сведчыць той факт, што «Вянок» Багдановіча прысвечаны памяці Палуяна.

У красавіку 1910 года скончыў жыццё самагубствам у Кіеве, куды вярнуўся ў пачатку года. Талент Сяргея Палуяна так і застаўся не раскрытым напоўніцу. 

20 кастрычніка

1677. Нарадзіўся Станіслаў Ляшчынскі

Stanislaw_Leszczynski1.jpg

Будучы кароль польскі і вялікі князь літоўскі з’явіўся на свет у Львове і сумарна кіраваў Рэччу Паспалітай усяго нейкіх 8 гадоў.

Быў супернікам каралёў з саксонскай дынастыі Аўгуста ІІ Моцнага і Аўгуста ІІІ Саксонца, з якімі змагаўся за трон. Ва ўнутранай палітыцы арыентаваўся на мясцовую шляхту, у якой карыстаўся папулярнасцю, а ў знешняй на Францыю.

Пасля смерці Яна III Сабескага ў чэрвені 1696 года ў Рэчы Паспалітай распачалася барацьба за ўладу. Правіцелямі краіны імкнуліся стаць многія, хто шукалі падтрымкі ў магнатэрыі. Найбольш жорсткая барацьба разгарэлася паміж прыхільнікамі дзвюх груповак, якія арыентаваліся на Расію і Аўстрыю з аднаго боку і Францыю з другога.

На элекцыйным сойме ў верасні 1697 года Аўгуст Моцны быў абраны каралём літаральна пры дапамозе расійскіх войскаў, што абумовіла з’яўленне шырокай апазіцыі, якая з прыхільнасцю глядзела на Станіслава Ляшчынскага. У часе Паўночнай вайны ён на некаторы час страціць уладу.

Пасля смерці Аўгуста Моцнага, 1 лютага 1733 года, было абвешчана беcкаралеўе. На пасаду прэтэндавалі ягоны сын Аўгуст Саксонскі, які не меў падтрымкі ўнутры краіны, і Станіслаў Ляшчынскі, які такой падтрымкай карыстаўся.

Як і бацька, Аўгуст Саксонскі арыентаваўся на Расію. Яна і дапамагла зрабіцца яму каралём, пасля таго, як у верасні 1733 года на элекцыйным сойме ў Кракаве польская і літоўская шляхта большасцю абралі каралём Станіслава Ляшчынскага. Расійцы адправілі свайму фаварыту і той частцы шляхты, што была за яго, у падтрымку войска ў 20 тысяч штыкоў, якое ўжо праз некалькі дзён з’явілася ў Кракаве.

У выніку Станіслаў Ляшчынскі быў вымушаны ўцячы ў Гданьск, дзе чакаў абяцанай падмогі ад сваіх саюзнікаў з Францыі, а Аўгуст Саксонскі 5 кастрычніка 1733 года быў абраны польскім каралём і вялікім князем літоўскім.

Памёр Ляшчынскі на эміграцыі ў Францыі, дзе стаў апошнім князем Латарынгіі і Бару, 23 лютага 1766 года. Ягоная дачка Марыя выйшла замуж за караля Францыі Людовіка XV, праз што ён стаў продкам многіх еўрапейскіх манархаў.

Паводле адной з легендаў, менавіта Станіслаў Ляшчынскі з’яўляецца аўтарам знакамітай ромавай бабы. 

21 кастрычніка

1917. Нарадзілася Эльжбета Радзівіл

61330-54e305dec9725655a02621dcb2e2e19b0723d1b7.jpeg

Дачка XVI нясвіжскага ардыната Антонія Альбрыхта і Дароты Паркер Дэкан з’явілася на свет у Лондане. Бацька, калі запаўняў дакументы, дапусціў памылку: замест «Х» месяца ўказаў «ХІ», таму княгіня мела два дні нараджэння: рэальны і афіцыйны.

Праз некаторы час бацькі развяліся. Маці з дачкой перабраліся з Лондана ў Парыж, а бацька вярнуўся на радзіму. Кожнае лета дачка прыязджала на вакацыі да яго ў Нясвіж. Апошні раз была ў студзені 1936 года, калі прыехала на яго пахаванне.

Эльжбета Радзівіл двойчы была замужам, паспела пажыць у Швейцарыі, Партугаліі, Англіі, Францыі. Былыя бацькоўскія ўладанні зноў наведала ўжо пасля распаду Савецкага Саюза ў 1993 годзе. Прыязджала ў Беларусь некалькі разоў.

Адметна, што сябе яна вызнавала, як і бацька — тутэйшай. Прыгадвала таксама, што з жыхарамі Нясвіжа ён размаўляў на беларускай мове.

Пайшла з жыцця ў 2020 годзе. 

22 кастрычніка

1856. Памёр Рамуальд Друцкі-Падбярэскі

Рамуальд_Андрэевіч_Падбярэскі.jpg

Беларуска-польскі выдавец, публіцыст і збіральнік фальклору нарадзіўся ў Вільні ў лютым 1812 або 1813 года. Скончыў Віленскую гімназію, пасля якой непрацяглы час вучыўся ў Віленскім універсітэце. На жыццё зарабляў выпадковымі падпрацоўкамі.

У 1836 годзе стаў студэнтам юрыдычнага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта, адначасова служыў у Літоўскім гандлёвым таварыстве. У гэты перыяд зблізіўся са славянафіламі, пад уплывам якіх і зацікавіўся фальклорам. Пачаў публікаваць у перыядычным друку свае артыкулы.

У 1841 годзе пераехаў у Санкт-Пецярбург, дзе пасябраваў з Янам Баршчэўскім і далучыўся да створанага ім літаратурнага гуртка. Актыўна займаўся выдавецкай дзейнасцю, рабіў агляды беларускай літаратуры першай паловы ХІХ стагоддзя. Яму належыць нарыс «Беларусь і Ян Баршчэўскі», які стаў прадмовай да першага тома «Шляхціца Завальні».

З 1847 года Падбярэскі жыў і працаваў у Вільні. Арганізаваў выданне літаратурна-навуковага альманаха «Pamiętnik naukowo-literacki», які выходзіў у 1847–1950 гадах. На яго старонках друкаваліся матэрыялы па этнаграфіі, археалогіі, фальклоры і гісторыі, а таксама літаратура і публіцыстыка.

У 1850 годзе быў арыштаваны за антыўрадавую літаратурна-грамадскую дзейнасць, а ў наступным годзе высланы ў Архангельскую губерню. Сваякі дамагліся амністыі ў 1856 годзе, але ў хуткім часе Падбярэскі памёр. Нам Рамуальд Друцкі-Падбярэскі цікавы сярод іншага і тым, што яшчэ ў першай палове ХІХ стагоддзя пачаў выкарыстоўваць тэрмін «Беларусь» у дачыненні да нашых земляў. У 1844 годзе ён напісаў і апублікаваў «Лісты пра Беларусь», дзе пад Беларуссю разумеецца Віцебшчына.

23 кастрычніка

1157. Князёўна Сафія стала каралевай Даніі

Sophia_of_Minsk,_portrait_bust_(1855).jpg

Нарадзілася князёўна Менская і Полацкая каля 1141 года, верагодна, у Менску. Была дачкой князя менскага, а пазней і полацкага, Валадара Глебавіча, і ўнучкай Глеба Усяславіча. Тое быў час, калі Полацкая зямля была на піку сваёй магутнасці.

У 1157 годзе Сафія пабралася шлюбам з каралём Даніі Вальдэмарам І і стала дацкай каралевай. Яна была заснавальніцай «па кудзелі» дацкай каралеўскай дынастыі, якая кіравала краінай блізу 200 гадоў. А яе дзеці сядзелі на дацкім, шведскім і французскім тронах.

Сафія нарадзіла дацкаму ўладару восем дзяцей: двух сыноў і шэсць дачок. Абодва сыны сталі дацкімі каралямі: Кнудам VI і Вальдэмарам II. Дачка Інгеборга выйшла замуж за французскага караля, а дачка Рыкса — за шведскага. Дачка Соф’я стала графіняю Веймар-Орламюндэ. Дачка Алена — герцагіняй Браўншвейг-Люнебурга.

Памерла ў 1198 годзе. Пахаваная разам з мужам у каралеўскай усыпальніцы ў саборы Св. Бенедыкта Нурсійскага ў Рынгстэдзе. Ва ўсім свеце яе ведаюць, як «Sophie av Minsk og Polotzk», для нас жа яна Сафія Валадараўна.