Прапануем Вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата — кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і «пасланне ў бутэльцы» для нас сённяшніх.
Чытайце, думайце, рабіце высновы.
17 красавіка
1548 г. Барбара Радзівіл стала княгіняй
У гэты дзень у Вільні 475 гадоў таму адбылася драматычная падзея — вялікі князь літоўскі Жыгімонт Аўгуст прадставіў Сойму ВКЛ Барбару Радзівіл у якасці сваёй жонкі. І Сойм вызнаў яе вялікай літоўскай княгіняй.
Годам раней пара таемна пабралася шлюбам, а шчасцю маладых усяляк замінала маці караля — Бона Сфорца, якая імкнулася развесці іх. Супрацьдзеянне было настолькі моцным, што ў 1550 г. Жыгімонту Аўгусту нават давялося ставіць пытанне рубам — або на пасяджэнні Сейма Каралеўства Польскага яе таксама вызнаюць за каралеву, або ён адмаўляецца ад пасады.
Польская знаць вызнала яе сваёй каралевай, але ўжо ў наступным 1551 г. зусім маладая Барбара Радзівіл раптоўна памірае. Нечаканая смерць спарадзіла мноства чутак і плётак аб тым, што яе магла атруціць свякроў.
Сучасныя даследчыкі лічаць, што прычынай раптоўнай смерці магла быць анкалогія.
18 красавіка
1518. Бона Сфорца стала каралевай польскай
Бона Сфорца д’Арагона паходзіла з вядомага італьянскага роду і была другой жонкай Жыгімонта I Старога. Дамаглася, каб яшчэ пры жывым бацьку быў абвешчаны пераемнік. Хітрая і ўладная жанчына, яна сур’ёзна спадзявалася на тое, што будзе кіраваць Польшчай і Літвой.
Нават свайго сына Жыгімонта ІІ Аўгуста — апошняга ўладара незалежнага Вялікага Княства Літоўскага і першага гаспадара федэратыўнай Рэчы Паспалітай, яна імкнулася выхаваць максімальна падуладным. Мела намер праз яго ажыццяўляць уласныя задумы.
Але нешта пайшло не так, і апошні з дынастыі Ягелонаў выйшаў з-пад кантролю маці, што ў выніку прывяло да канфлікту — таемна малады каралевіч пабраўся шлюбам з Барбарай Радзівіл, якую Сфорца ў выніку так і не прыняла. Хадзілі нават чуткі, што гэта яна прыклала руку да таго, каб без пары зжыць нявестку са свету.
Разам з тым Бона Сфорца ініцыявала і ўзялася за ўвасабленне многіх амбітных праектаў, той жа аграрнай рэформы ў Вялікім Княстве Літоўскім. Многія беларускія вёскі дасюль захоўваюць прынцып планіроўкі, які быў закладзены ў час той рэформы.
19 красавіка
1773. Вальны сойм у Варшаве
У гэты дзень у Варшаве распачалася праца Вальнага сойму, які зацвердзіў першы падзел Рэчы Паспалітай.
Годам раней федэратыўная краіна, якая перабывала ў стане глыбокага палітычнага крызісу, зведала страту сваіх тэрыторый. Адбіралі іх бліжэйшыя суседзі — Расійская імперыя, Аўстрыйская імперыя і Прускае каралеўства, якія летам 1772 года падпісалі ў Санкт-Пецярбургу адпаведны трактат, а ўвосень перайшлі да актыўных дзеянняў. У выніку частка ўсходніх земляў Вялікага Княства Літоўскага была далучана да Расійскай імперыі.
Каб на заканадаўчым узроўні замацаваць гэта, быў скліканы пазачарговы Вальны сойм у Варшаве, дзе падкупленыя чужынцамі паслы меліся пагадзіцца з тэрытарыяльнымі стратамі. Сцэнар быў распрацаваны загадзя і пачаў увасабляцца за некалькі дзён да сойму.
А сапраўднай перашкодай на шляху стаў шляхціч з Наваградчыны Тадэвуш Рэйтан, які разам са сваімі нешматлікімі паплечнікамі імкнуўся сарваць працу сойма. Адступілі яны толькі даведаўшыся аб волі Станіслава Аўгуста Панятоўскага, які быў фаварытам Кацярыны ІІ.
«Забіце мяне, не забівайце Айчыну!» — гэтыя знакамітыя словы Рэйтана прагучалі акурат на Вальным сойме ў Варшаве ў красавіку 1773 года.
20 красавіка
1923. Вацлаў Ластоўскі сыходзіць ў адстаўку
Роўна 100 гадоў таму прэм’ер-міністр БНР Вацлаў Ластоўскі склаў свае паўнамоцтвы і падаў у адстаўку.
Яшчэ ў снежні 1919 года Рада Беларускай Народнай Рэспублікі зведала раскол і распалася на Найвышэйшую Раду і Народную Раду БНР. Першую ўзначальваў Антон Луцкевіч, які быў старшыней Рады Народных Міністраў. Другую ачоліў Вацлаў Ластоўскі, якога прызначылі старшынёй урада. Даўнія апаненты ў беларускіх руху цяпер канчаткова разышліся ў розныя бакі.
Вацлава Ластоўскага рашуча падтрымалі тыя, хто потым апынецца ў Коўна, дзе і размесціцца ўрад: Клаўдзій Дуж-Душэўскі, Тамаш Грыб, Аляксандр Цвікевіч і іншыя. Рада не будзе прызнаная палякамі, яе паставяць па-за законам, а дзеячаў кінуць на пэўны тэрмін за краты.
Аказаўшыся ў Коўне, Ластоўскі возьмецца энергічна разбудоўваць беларускую справу, але тут ужо будуць замінаць не толькі знешнія сілы, але і свае — беларусы. Фактычна Ластоўскага вымусілі сысці з пасады прэм’ер-міністра, выказаўшы яму свой недавер. Заменіць яго на пасадзе прэм’ер міністра ўрада БНР Аляксандр Цвікевіч.
Пасля адстаўкі Ластоўскі ніколі болей не будзе займацца палітыкай, выключна культурніцкімі справамі, а ў 1927 годзе вернецца ў БССР.
21 красавіка
2022. Памёр Анатоль Вярцінскі
Мінуў год з таго дня, як пайшоў з жыцця вядомы беларускі паэт перакладчык і публіцыст Анатоль Вярцінскі. Яму было 90 гадоў...
Анатоль Вярцінскі быў аўтарам шматлікіх кніг вершаў і паэм («Песня пра хлеб» (1962), «З’яўленне» (1975), «Святло зямное» (1981) і інш.), п’ес, перакладаў. У 1988 годзе ён атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР за кнігу «Нью-Ёркская сірэна».
Калі ён быў галоўным рэдактарам тыднёвіка «Літаратура і мастацтва» — газета дасягнула свайго піку па накладах, а на яе старонках друкаваліся рэзанансныя артыкулы па гісторыі і культуры Беларусі. Менавіта ў часе рэдактарства Вярцінскага быў апублікваны знакаміты артыкул Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва пра Курапаты. Таксама ён выказваў публічную падтрымку Васілю Быкаву, калі таго грамілі ў Мінску і Маскве.
Акрамя таго, Анатоль Вярцінскі быў дэпутатам Вярхоўнага Савета з 1990 па 1995 год, уваходзіў у склад камісіі, якая займалася распрацоўкай беларускай Канстытуцыі 1994 года.
22 красавіка
1794. Пачатак паўстання ў ВКЛ
У гэты дзень на абшарах Вялікага Княства Літоўскага пачалося паўстанне, якое ўзначаліў палкоўнік Якуб Ясінскі. Паўстанцы пачалі змаганне за Вільню і ўжо на наступны дзень узялі яе.
У выніку 24 красавіка была створана Найвышэйшая Рада Вялікага Княства Літоўскага, якую і ўзначаліў Ясінскі. Ён быў адкрытым якабінцам і гарачым прыхільнікам ідэяў Вялікай Французскай Рэвалюцыі. Як і Тамаш Ваўжэцкі, які далучыцца да рады пазней, адгукнуўшыся на запрашэнне Тадэвуша Касцюшкі. У хуткім часе ўся тэрыторыя ВКЛ будзе ахоплена паўстаннем, але даць рады захопнікам інсургенты так і не здолеюць.
Лёсы ўдзельнікаў гэтага выступу складуцца па-рознаму, але ў любым разе драматычна. Якуб Ясінскі загіне пры абароне Варшавы, калі Тадэвуш Касцюшка ўжо будзе схоплены, а яго наступнікам стане Тамаш Ваўжэцкі. Абодва яны трапяць ў палон, аднак пасля непрацяглага ўвязнення выйдуць на волю і будуць жыць.
Тадэвуш Касцюшка ў выніку эмігруе, а Тамаш Ваўжэцкі застанецца на радзіме.
23 красавіка
1932. Ліквідацыя літаратурных арганізацый
Сама пастанова ЦК ВКП (б) «Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый» была апублікавана ў «Правде» на наступны дзень пасля яе прыняцця. А ўжо 27 красавіка яна была змешчана ў «Савецкай Беларусі».
Пастанова мела гістарычнае значэнне і адкрывала новую старонку ў жыцці Савецкага Саюза. Фактычна, ёй была завершана ўніфікацыя літаратурнай справы, якая пачалася ў канцы 20-х гадоў разам з калектывізацыяй і індустрыялізацыяй у СССР. Розныя літаратурныя суполкі распускаліся, і пачыналася стварэнне адзінага пісьменніцкага саюза, які паводле задумы меўся стаць правадніком паноўнай ідэалогіі.
У Савецкай Беларусі ў 1920-я — 1930-я гады існавалі розныя літаратурныя аб’яднанні, якія гуртавалі ў сваіх шэрагах самых розных літаратараў — паэтаў, празаікаў, драматургаў, крытыкаў. Найбольш вядомыя з якіх — «Маладняк», «Узвышша» і «Полымя». Апошняе спыніла сваё існаванне акурат увесну 1932 года, праіснаваўшы няпоўныя пяць гадоў.