Каляндар з 29 жніўня па 4 верасня. Што святкуем? Па чым сумуем?

Прапануем Вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата — кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і «пасланне ў бутэльцы» для нас сённяшніх.

Чытайце, думайце, рабіце высновы.


29 жніўня 

1992. Пачаў працу Купалаўскі музей у Акопах

akopy.jpg

Філіял Літаратурнага музея Янкі Купалы ў Акопах быў заснаваны яшчэ ў 1989 годзе, але адкрыўся для наведнікаў толькі 30 гадоў таму. 

Тут за 15 гадоў творчасці, з 1911 па 1926 гады, беларускі класік напісаў болей за 80 сваіх твораў. У адно толькі лета 1913 года ён напісаў адразу тры значныя для нашай літаратуры паэмы: «Бандароўну», «Магілу льва» і «Яна і я». Тут жа былі завершаныя знакамітыя п’есы «Паўлінка», «Раскіданае гняздо» і «Тутэйшыя». 

Менавіта ў Акопах паэт зрабіў вершаваны пераклад на беларускую мову сярэднявечнага твора «Слова аб палку Ігаравым».

Музейная экспазіцыя складаецца з дзвюх частак: мемарыяльнай, якая размешчана на месцы колішняга хутара Акопы, і літаратурна-дакументальная у вёсцы Харужанцы, дзе можна пазнаёміцца з найбольш плённай парой у творчасці беларускага класіка. 

Добрая нагода, каб наведаць гэты маляўнічы куток Лагойшчыны ў апошнія дні лета.

30 жніўня

1929. Памёр Паўлюк Трус

trus_1929_aut.jpg
Ілюстрацыя: абвестка з газеты «Звязда» за 1929 год

Будучы беларускі паэт нарадзіўся ў 1904 годзе на Уздзеншчыне ў сялянскай сям’і.

Першую адукацыю атрымаў у вясковай школе, дзе таксама спяваў у хоры і маляваў вясковыя краявіды. У 1918–1923 гадах вучыўся ва Уздзенскім вышэйшым пачатковым вучылішчы, дзе пасябраваў з Алесем Якімовічам і Пятром Глебкам. Служыў у Чырвонай Арміі. У 1923–1927 гадах вучыўся ў Беларускім педагагічным тэхнікуме ў Мінску.

Друкавацца пачаў у 1923 годзе. З 1925 года сябар літаратурнага аб’яднання «Маладняк». Быў адным з самых папулярных беларускіх паэтаў другой паловы 1920-х гадоў. Памёр ва ўзросце 25 гадоў ад тыфу. 

Паводле згадак сведак, хавалі яго ўсім Менскам. Труну з нябожчыкам неслі з цэнтра горада на руках да самых Вайсковых могілак. Гэта была трагічная падзея, якая на некаторы час з’яднала расколатую ў той час беларускую літаратуру. 

31 жніўня

1432. Пачатак Грамадзянскай вайны ў ВКЛ

swidrigailo.jpg

Падставай для пачатку вайны паслужыў замах на вялікага князя Свідрыгайлу, які адбыўся амаль 600 гадоў таму ў Ашмянах. 

Уночы з 31 жніўня на 1 верасня літоўскія князі Жыгімонт Кейстутавіч і Сямён Гальшанскі паспрабавалі забіць Свідрыгайлу, а па сутнасці ўчынілі дзяржаўны пераварот, што прывёў да грамадзянскай вайны ў краіне ў 1432–1438 гадах. 

Рэч у тым, што пасля смерці Вітаўта Вялікага ў 1430 годзе вялікім літоўскім князем быў абраны Свідрыгайла, які быў даўнім супернікам і Вітаўта, і Ягайлы, а таксама праціўнікам уніі з польскай каронай. У часе свайго ўладарства ён імкнуўся праводзіць максімальна незалежніцкую палітыку.

Жыгімонт Кейстутавіч належаў да так званай «прапольскай партыі», якая бачыла толькі плюсы ад уніі з палякамі і хацела яшчэ больш паскорыць інтэграцыйныя працэсы паміж дзвюма дзяржавамі. І вось у красавіку 1432 года ён аднавіў дзяржаўную унію з Польшчай, якая была скасавана раней Свідрыгайлам. А потым перайшоў да больш рашучых дзеянняў. 

У выніку супрацьстаяння Вялікае Княства Літоўскае фактычна на пэўны час распалася на дзве дзяржавы: Вялікае Княства Літоўскае са сталіцай у Вільні, дзе гаспадарыў Жыгімонт Кейстутавіч, і Вялікае Княства Рускае са сталіцай у Полацку, дзе ўладаром быў Свідрыгайла. Сучаснікі бачылі ў тым канфлікце гістарычныя супярэчнасці Літвы і Русі. 

У выніку Жыгімонт Кейстутавіч яшчэ доўгі час прызнаваўся законным валадаром далёка не ўсімі часткамі ВКЛ.

1 верасня

1906. Першы нумар «Нашай долі»

nasha_d_aut.jpg

У гэты дзень пабачыў свет першы нумар «Нашай долі». Праўда, першая легальная газета на беларускай мове праіснавала нядоўга. Свет пабачыла ўсяго 6 нумароў, якія выходзілі з верасня да снежня 1906-га. 

Наклады канфіскоўваліся, на рэдакцыю накладаўся арышт, а выдавец урэшце атрымаў год турмы. Але менавіта тут дэбютавалі Якуб Колас, Цётка, Ядвігін Ш, а тэхнічнай працай займаліся браты Луцкевічы. 

У першым нумары газеты быў надрукаваны верш «Наш родны край», падпісаны псеўданімам Якуб Колас. Гэта і ёсць літаратурны дэбют класіка, і першая згадка ягонага псеўданіма. А супрацу Коласу прапанаваў уласна Аляксандр Уласаў, якога творца лічыў сваім хросным бацькам у літаратуры. 

У кнізе Максіма Лужаніна «Колас расказвае пра сябе» паэт так апісваў свае першыя крокі: 

«У «Нашай долі» адбыліся мае літаратурныя хрэсьбіны, стаў называцца Коласам. І паспеў тое-сёе надрукаваць з вершаў і допісаў. Пісаў пра мову, пра лёс настаўніцтва. Па-мойму, удала атрымалася адна перапіска. Ураднік Нагайкін піша прыставу Кулачынскаму, што зрабіў вобыск і «арыштаваў» пяць рублёў золатам».

«Наша доля» была, з аднаго боку, востра-палітычнай, заклікала да свабоды і роўнасці, адукацыі на роднай мове, крытыкавала цара. З іншага — змяшчала літаратурныя старонкі, аб’явы ды нават навіны медыцыны і прыкладной механікі. Ніколі раней па-беларуску не выходзіла нічога падобнага. 

У гісторыі нашага друку «Наша доля» займае сярэдняе месца паміж радыкальнай «Мужыцкай праўдай» Кастуся Каліноўскага ды пазнейшай больш лагоднай, легальнай і беларусацэнтрычнай «Нашай нівай».

2 верасня

1621. Пачатак бітвы пад Хоцінам

bitva_1621.jpg

Хоцінская бітва адбывалася ў час вайны Рэчы Паспалітай і Турцыі. Гэтае сутыкненне каля ўкраінскіх Чарнаўцоў перадвызначыла геапалітычны расклад ва ўсёй Усходняй Еўропе на доўгія гады наперад. Вырашальную ролю ў ім адыграў наш зямляк — гетман Ян Хадкевіч. 

Бітва лічыцца трыумфам гусарыі — тых самых «крылатых гусараў» Рэчы Паспалітай, якія раз за разам адбівалі атакі туркаў. Украінскія казакі таксама былі на баку РП, таму гэта — супольная перамога. Паводле легенды, напрыканцы бітвы ў лагеры абаронцаў заставалася ўсяго адна бочка пораху... але турэцкі султан не вытрымаў, папрасіў міру.

Перамовы аб замірэнні скончыліся 9 кастрычніка 1621 года. Паводле дамовы, туркі больш не прэтэндавалі на землі Рэчы Паспалітай. Больш агульна — турэцкі план захопу Еўропы пацярпеў крах, а ў самой Асманскай імперыі пачаўся крызіс ды дзяржаўны пераварот: Асман ІІ быў задушаны.

3 верасня

1927. Нарадзіўся Алесь Адамовіч

ales_a.jpg

Насамрэч класік нашай літаратуры нарадзіўся раней, 3 жніўня 1926 года, але бацькі спецыяльна адкінулі той год, каб немцы не забралі сына на прымусовыя працы. 

Юнацтва Алеся прайшло ў партызанскім атрадзе, таму «Партызаны», «Хатынь», «Карнікі», сцэнар да фільма «Ідзі і глядзі» — не нейкія кабінетныя выдумкі, але жывая літаратура, прапушчаная праз сэрца. З аднаго боку, Адамовіч пісаў на тэму, запатрабаваную ў БССР, атрымліваў прэміі ды дзяржаўныя ўзнагароды. З іншага — меў праблемы праз сваё іншадумства. Напрыклад, праз адмову падпісаць ліст з асуджэннем рэжысёраў Данэліі ды Сіняўскага.

Пасля Чарнобыля Адамовіч, маючы аўтарытэт, актыўна пашыраў факты пра рэальныя маштабы трагедыі. Быў у кіраўніцтве фонду «Дапамога ахвярам Чарнобыля». Спрычыніўся да стварэння «Мемарыялу» ды Беларускага Народнага Фронту. 

Памёр у 1994 годзе ад інфаркту, пахаваны ў роднай Глушы пад Бабруйскам.

4 верасня

1891. Нарадзіўся Антон Баліцкі

balicki_aut.jpg
Ілюстрацыя: артыкул Антона Баліцкага ў часопісе «Полымя», 1925 год

Гэты дзяржаўны дзеяч, адзін з завадатараў палітыкі беларусізацыі ў БССР, з’явіўся на свет на Гарадзеншчыне. У 1910 годзе скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю, пасля чаго працаваў настаўнікам. Паступіў у Віцебскі настаўніцкі інстытут. 

Мабілізаваны ў войска ў 1915 годзе. Ваяваў на Румынскім фронце. Браў удзел у Лютаўскай рэвалюцыі. Следам у беларускім грамадска-палітычным жыцці ў 1917–1920 гадах. Паспеў нават пабыць сакратаром консульства БНР у Адэсе. У 1919 годзе навучаўся ў Адэскім сельскагаспадарчым інстытуце.

У 1921 годзе вярнуўся на Беларусь. У 1926–1929 гадах займаў пасаду Народнага камісара асветы БССР. Пісаў і публікаваў артыкулы, дзе асвятляў пытанні нацыянальнай і культурнай палітыкі. Удзельнічаў у распрацоўцы і стварэнні сістэмы сярэдняй і вышэйшай адукацыі. Быў правадзейным сябрам Інстытута беларускай культуры, дзе ўзначальваў секцыю беларускай мовы і літаратуры. У 1929–1930 гадах быў сябрам ЦВК БССР.

Пасля 1929 года за свае пагляды і палітыку, якую праводзіў, трапіў пад шквал цкавання і крытыкі. У верасні 1930 года арыштаваны па справе няіснага «Саюзу вызвалення Беларусі». Быў асуджаны на 10 гадоў лагераў і высланы з Беларусі. 

Расстраляны 31 кастрычніка 1937 года ў Мінску. Рэабілітаваны.