Прапануем Вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата — кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і «пасланне ў бутэльцы» для нас сённяшніх.
Чытайце, думайце, рабіце высновы.
7 лістапада
1922 г. адкрылі помнік Карлу Марксу
У гэты дзень роўна 100 гадоў таму на скрыжаванні вуліц Фрыдрыха Энгельса і Карла Маркса, побач з Беларускім дзяржаўным тэатрам, у Мінску быў урачыста адкрыты помнік Карлу Марксу.
Каб разумець выбар стваральнікаў, варта троху ведаць гістарычны кантэкст: рэвалюцыя 1917 г. яшчэ не называлася вялікай, Савецкі Саюз яшчэ не быў створаны, бальшавікі з вялікімі ахвярамі перамаглі ў Грамадзянскай вайне. Уладзімір Ленін быў яшчэ жывы, але ўжо моцна хворы, Іосіф Сталін ужо займаў высокія пасады, але не быў заўважнай фігурай, Львом Троцкім калі і захапляліся, дык толькі свае. Нават культу асобы як такога не было.
Выходзіць, што Карл Маркс быў адзінай фігурай, каму варта было б паставіць помнік на 5-ыя ўгодкі Кастрычніка. У нечым нават фігурай кампраміснай, бо марксістамі былі ж не толькі ўласна бальшавікі, але таксама і іншыя левыя. У тым ліку і беларускія камуністы кшталту Змітра Жылуновіча ці Усевалада Ігнатоўскага і нават тыя, хто бальшавікоў не падтрымліваў — тыя ж браты Луцкевічы.
Помнік, праўда, прастаяў нядоўга. Ужо ў пачатку 1930-х яго прыбяруць, бо ён будзе замінаць пракладцы трамвайных шляхоў.
8 лістапада
2010. Памёр Міхаіл Савіцкі
Адзін з самых вядомых мастакоў нашай краіны нарадзіўся ў лютым 1922 года ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння школы пайшоў служыць у Чырвоную Армію, дзе яго і заспела вайна. Браў удзел у абароне Севастопаля ў складзе 345-й стралковай дывізіі.
Трапіў у палон. З ліпеня 1942 да красавіка 1945 года быў вязнем нямецкіх канцлагераў у Дзюсельдорфе, Бухенвальдзе, Мітэльбау-Доры, Дахау.
Пасля вайны пайшоў вучыцца. Спачатку скончыў Мінскае мастацкае вучылішча ў 1951 годзе, а потым у 1957 годзе — з чырвоным дыпломам Маскоўскі мастацкі інстытут імя В. І. Сурыкава.
Жыў і працаваў у беларускай сталіцы. Вядомасць займеў у 1960-х гадах. Атрымаў шматлікія ўзнагароды. Ягоныя карціны знаходзяцца ў многіх калекцыях. У сваіх працах імкнуўся паказаць усю трагедыю чалавека на вайне.
На плошчы Свабоды ў Мінску знаходзіцца мастацкая галерэя, якая носіць яго імя.
9 лістапада
1512. Францыск Скарына стаў доктарам
У гэты дзень 510 гадоў таму Францыск Скарына ў Падуі абараніў ступень доктара медыцынскіх навук.
На вялікі жаль, мы не ведаем дакладнай даты ні нараджэння, ні смерці нашага кнігадрукара. Нарадзіўся ён недзе каля 1490 года ў Полацку, а памёр каля 1552 года. Ніколі не забываў пра горад, з якога паходзіў. Вучыўся ў Кракаве, а ў Падуі бліскуча абараніў вучоную ступень доктара медыцынскіх навук у 1512 годзе.
Падуанскі ўніверсітэт — адзін са старэйшых універсітэтаў Еўропы. Быў заснаваны ў 1222 годзе выкладчыкамі і студэнтамі, якія сышлі з Балонскага ўніверсітэта праз канфлікт з кіраўніцтвам. Стаў адным з цэнтраў навукі эпохі Адраджэння, ім апекавалася Венецыянская рэспубліка, якая забяспечвала яму дух незалежнасці ад дагматаў Рыма.
Сярод вядомых выкладчыкаў і студэнтаў былі такія людзі, як Піка дэла Мірандола, Мікалай Капернік, П’етра Бемба, Тарквата Таса, Галілеа Галілей і наш першадрукар.
З 1517 года Францыск Скарына займаўся кнігадрукаваннем. Спачатку ў Празе, а з 1520 года ў Вільні — сталіцы Вялікага Княства Літоўскага.
Друкаваў свае кнігі Францішак Скарына на царкоўнаславянскай мове з невялікай колькасцю лексічных адзінак беларускага паходжання, а вось аўтарскія прадмовы да іх былі напісаныя ім на старабеларускай мове.
10 лістапада
1942. Памёр Сымон Баранавых
Вядомы беларускі празаік міжваеннай пары нарадзіўся ў 1900 годзе ў вёсцы Рудакова на Уздзеншчыне. Пэўны час дапамагаў па гаспадарцы бацькам. У 1920–1923 гадах служыў у Чырвонай Арміі, браў удзел у баях з палякамі. Вучыўся на рабфаку ў Мінску ў 1925–1928 гадах. У 1931 годзе скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ. Працаваў на радыё і ў газетах.
З 1927 года быў сябрам «Маладняка». У той жа час пачаў публікавацца з апавяданнямі ў друку. Аўтар зборніка апавяданняў «Злосць», аповесцяў «Чужая зямля», «Мяжа», «Новая дарога» і рамана «Калі ўзыходзіла сонца». А таксама дзіцячай аповесці «Пастка».
Фота: kraevedkraeved
Асноўная тэма творчасці Сымона Баранавых — змаганне з «класавымі ворагамі» ў першыя гады пасля рэвалюцыі 1917 года, а таксама вайна з палякамі. Ён сам быў з сялянаў, добра разумеў свет беларускай вёскі таго часу, браў удзел у вайне — таму выбар тэмаў не выклікае вялікага здзіўлення.
Баранавых — псеўданім. Насамрэч прозвішча ў пісьменніка па дакументах было на рускі манер Баранаў, а ў сапраўднасці — Баран. Прапанаваў яму яго змяніць на нешта больш «беларускае» Ян Скрыган, сябар яшчэ па часах «Маладняка». У яго аўтабіяграфічным рамане «Кругі» Баранавых фігуруе ў якасці аднаго з герояў.
Быў арыштаваны па беспадстаўным абвінавачанні ў 1936 годзе, а ў 1937-м асуджаны на 10 гадоў лагераў. Памёр на Калыме.
11 лістапада
1673. Бітва пад Хоцінам
Сітуацыя перад вырашальнай падзеяй, якая мусіла канчаткова расставіць акцэнты на падзеі ў рэгіёне, абвастрылася літаральна за дзень да яе. Справа ў тым, што кароль Рэчы Паспалітай Міхаіл Вішнявецкі памёр у Львове з-за язвы стрававода, якая была ўзмоцненая стрэсам.
Гэта пасеяла паніку і недавер у польска-літоўскім войску. Папаўзлі самыя неверагодныя чуткі аб прычынах смерці, бо яе ўспрымалі як кепскі знак, множыліся прасякнутыя паразніцтвам песімістычныя настроі. Тады справу ў свае рукі ўзяў каронны гетман Ян Сабескі, які прылюдна абвесціў, што «кароль узнёсся на нябёсы, каб узнесці малітвы Богу аб адоленні бязбожных турак».
Ян Сабескі ў бітве пад Хоцінам. Крыніца: wikipedia.org
Тагачаснае польска-літоўскае войска было вельмі добра экіпіравана і ўзброена, мела з сабой правіянт і ўсё неабходнае, таму 11 лістапада літаральна разнесла пераўзыходзячае войска асманаў. У часе бітвы былі паспяхова выкарыстаны ракеты Казіміра Семяновіча.
Перамога ў бітве яшчэ болей умацавала прэстыж Яна Сабескага, які атрымаў мянушку «Хоцінскі леў», а ў траўні 1674 года ён быў каранаваны ў Кракаве. Для асманскіх султанаў параза стала адчувальнай, бо ўсе іхныя надзеі на захоп земляў Рэчы Паспалітай былі страчаны.
12 лістапада
1202. Каралём Даніі стаў Вальдэмар II Пераможца
Ён заняў трон пасля смерці свайго старэйшага брата Кнуда VI, які правіў краінай з 1182 года. Вальдэмар II Пераможца працягнуў пашыраць дацкі ўплыў і павялічваць тэрыторыю сваёй дзяржавы. Яго ставяць у адзін шэраг з дацкім архібіскупам Абсалонам.
Але якая нам справа да Даніі? Усё проста!
І Кнуд VI, і Вальдэмар II Пераможца нарадзіліся ад шлюбу дацкага караля Вальдэмара I і князёўны Менскай і Полацкай Сафіі Валадараўны, які быў заключаны ў 1157 годзе. Агулам у сям’і было восем дзяцей: два сыны, якія потым і сталі дацкімі каралямі, і шэсць дачок.
Так унучка нашага Глеба Усяславіча, родам з Менска, стала заснавальніцай «па кудзелі» дацкай каралеўскай дынастыі, якая кіравала краінай блізу 200 гадоў. А яе дзеці і нашчадкі сядзелі на дацкім, шведскім і французскім тронах.
13 лістапада
1625. Памёр Саламон Рысінскі
Гэты вядомы беларускі паэт-лацініст і мысляр з’явіўся на свет прыкладна ў 1560 годзе ў маёнтку Рысіна ў сям’і дробнага шляхціча на сучаснай Пскоўшчыне.
Атрымаў добрую пачатковую адукацыю, ведаў царкоўнаславянскую мову. Лічыў неабходным вывучаць розныя мовы свету як неад’емную частку чалавечай культуры, бо ў моўнай абалонцы захоўваюцца вытокі народнай мудрасці.
У 1582 годзе вучыўся ў Лейпцыгскім універсітэце. Некалькі гадоў настаўнічаў у Жамойці і Малой Польшчы. У 1586 годзе паступіў у Альтдорфскі ўніверсітэт пад Нюрнбергам, куды запісаўся як Solomo Pantherus Leuсorussus.
Гэта і ёсць першай вядомай гістарычнай навуцы дэкларацыяй беларускасці. Таму што грэцка-лацінскія тэрміны «Leucorossia» і «Leuсorussі», якімі актыўна карыстаўся ў сваёй перапісцы Рысінскі, акурат і перакладаюцца, як «Беларусь» і «беларусы».
З гэтага некаторыя даследчыкі робяць выснову, што сам тэрмін «Белая Русь» трывала замацаваўся за ўсходняй часткай Беларусі яшчэ ў XVI стагоддзі. То-бок задоўга да ўваходжання гэтых земляў у склад Расійскай імперыі.
Пахаваны Саламон Рысінскі верагодней за ўсё ў вёсцы Дзяляцічы на Наваградчыне.