На канцэрце Алеся Камоцкага ідыш суседзіць з беларускай, а песня — з размовай. Пляцоўкай для творчае сустрэчы стаў яўрэйскі культурніцкі цэнтр “Эмуна”, дзе вядомы музыка, кампазітар і паэт распачаў незвычайны выступ увечары 2-га верасня.
Каардынатар аб’яднання “Эмуна” Людміла Дарафеева:
— Алесь — мой даўні сябра. Мы з ім пазнаёміліся сем гадоў таму. Пазнаёміў нас Рыгор Барадулін, ён таксама часта да нас прыходзіць, і ўвогуле ён — сябра нашага аб’яднання. Калі атрымліваецца, я заўжды хаджу на канцэрты Алеся, а ён, у сваю чаргу, часам выступае ў нас.
Наведвальнікі ўтульнай залі “Эмуны” — збольшага сталае пакаленне, аўдыторыя незвычайная, а таму цікавая.
Алесь Камоцкі:
— Мне вельмі цікава прыцягнуць увагу нечаканай публікі, непадрыхтаванай аўдыторыі. Падаецца, на сённяшнім канцэрце гэта спраўдзілася.
На канцэрце-сустрэчы прысутнічалі і тыя, хто сочыць за творчасцю музыкі.
Адна з наведвальніц:
— Я бываю амаль на ўсіх выступах Алеся, якія праходзяць недалёка ад Мінска, каб была магчымасць прыехаць.
Падчас свайго выступу Алесь межаваў музыку з размовамі ды аповедамі, спяваў песні на вершы Уладзіміра Караткевіча ды Рыгора Барадуліна.
Гучалі творы з розных альбомаў аўтара, музыка спяваў па-беларуску і на ідыш, а публіка суправаджала апошні акорд кожнай песні працяглымі апладысментамі.
Апошнім часам Алесь Камоцкі ладзіць турнэ па беларускіх гарадах ды вёсках. Музыкант адыграў канцэрты ў Зарачанах ды Брэсце, правёў творчыя сустрэчы ў Наваградку ды Ушачах.
Алесь Камоцкі:
— Гэтыя паездкі трэба развіваць, каб на іх прыходзіла больш выпадковых людзей. Напрыклад, на мінулы канцэрт у Брэсце прыйшло шмат тых людзей, якія самі даведаліся пра канцэрт праз абвесткі. Канечне, знаёмая публіка — гэта вельмі добра, але патрэбныя яшчэ і новыя людзі, і радуе тое, што яны з’яўляюцца.
Таксама музыка адзначыў недахоп культурніцкага жыцця за межамі сталіцы:
— У Мінску больш балаваная публіка, а ў іншых гарадах культурніцкай праграмы не стае. Жывы прыклад гэтаму быў пасля выступу ў Наваградку, калі адразу пасля канцэрту мне прапанавалі прыехаць яшчэ.
У невялікай залі яўрэйскага згуртавання прысутнічала каля 40 чалавек, вольных месцаў амаль не было.
Канцэрт цягнуўся больш за гадзіну, а яго наведвальнікі яшчэ доўга не разыходзіліся, бо мелі магчымасць набыць кнігу з вершамі Камоцкага, а таксама кружэлку з новым альбомам аўтара, які яшчэ не з’явіўся ў продажы.
Прэзентацыя новага альбому мусіць адбыцца 9 верасня ў канцэртнай залі “Мінск”, куды Алесь Камоцкі запрасіў усіх прысутных. Назва альбому лаканічная і кароткая: “9”, а адрозніваецца ён тым, што там пераважаюць песні ў стылі боса-нова. Акрамя песняў на кружэлцы змешчаны анімацыйны кліп ад Наталлі Чатковай.
Імпрэза ладзілася ў межах кампаніі “Будзьма!”