Як заўсёды, у часы вялікіх узрушэняў (а мы не сумняемся, што сёння менавіта такія часы) на свет вылазяць і рознага кшталту прайдзісветы. Асабліва гэта актуальна цяпер, у лічбавую эпоху, калі інфармацыя па свеце разлятаецца імгненна.
У час глабальных падзеяў людзі, зразумела, знаходзяцца ва ўзрушаным стане. А людзьмі ва ўзрушаным стане даволі лёгка маніпуляваць. Гэтым і карыстаюцца стваральнікі фэйкавых акаўнтаў і фэйкавай інфармацыі. Таму вельмі важна цяпер быць уважлівым і скептычным да практычна любой інфармацыі.
Для гэтага, дарэчы, не трэба ніякіх спецыяльных ведаў. Трэба толькі дзве рэчы: давяраць самому сабе, і крышачку больш увагі.
Stop fake!
Прапаганда, фэйкавыя навіны, фэйкавыя ініцыятывы, фэйкавыя акаўнты ў сацсетках і мэсанджарах актыўна множацца і распаўсюджваюцца. Але насамрэч, пазнаць такія «мутныя» групы ў сацсетках і мэсанджарах кшталту Telegram даволі лёгка. Як правіла, усе яны маюць некалькі агульных прыкметаў.
1. Час стварэння. Зазвычай «ненадзейныя» групы і каналы створаныя зусім нядаўна. У іх адносна няшмат падпісчыкаў, а іх лента інфармацыі — кароткая, і напоўненая навінамі толькі за апошнія дні. Калі група ці акаўнт створаныя пазней за 1 жніўня гэтага года — стаўцеся да іх скептычна. Хай яны заслужаць права мець вашую ўвагу.
2. Нядбайныя запісы і памылкі — як фактычныя, так і арфаграфічныя. Напрыклад, адзін з телеграм-каналаў просіць падпісаць петыцыю, дзе гаворыцца, што «Згодна з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, ўся ўлада належыць народу». Як ні дзіўна, у беларускай Канстытуцыі нічога падобнага няма і блізка. Артыкул 3, на які спасылаецца гэты канал, кажа ў прыватнасці, што «адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца народ». Пагадзіцеся, «з’яўляецца крыніцай улады», і «ўся ўлада належыць народу» — гэта крыху розныя рэчы.
Пры гэтым, тыя людзі просяць падпісаць петыцыю з пакіданнем вашых персанальных даных. Ці варта гэта рабіць пры такой юрыдычнай непісьменнасці яе стваральнікаў?
3. Найпершая задача фэйк-канала альбо фэйк-акаўнта — прыцягнуць вашую увагу. Таму такія каналы поўныя малюначкаў-клічнікаў, малюначкаў-молніяў, заклікаў кшталту «Глядзіце!», «Увага!», «Шок!», «Тэрмінова!», «Чытаць абавязкова!», і гэтак далей. Калі вы заўважаеце такую тэндэнцыю — гэта чытаць неабавязкова. Хутчэй за ўсё, нічога карыснага для вам там не будзе.
4. Давярайце сабе і сваёй інтуіцыі. Глядзіце на стылістыку канала. Вышэйшы пілатаж сярод фэйкаў — схаваць фэйк у плыні рэальных навін. Вы гэта заўважыце на ўзроўні «падаецца, нешта не тое».
Напрыклад, ідуць у канале, імаверна, рэальныя навіны. І раптам з’яўляецца: «Глядзіце, як малады чалавек раздае дэманстрантам грошы!» На відэа бачны маладзён, што ручкаецца з дэманстрантамі. Пры гэтым нават не бачна, што ён нешта камусьці перадае — але вас хочуць запэўніць, што ён нешта перадае, і што гэта абавязкова грошы. Вас спрабуюць пераканаць у тым, чаго вы НА САМАЙ СПРАВЕ не бачыце.
Вось тут і ўзнікае адчуванне «нечага не таго». Таму пакіньце гэты канал як мага хутчэй.
5. У Telegram, падаецца, гэтага яшчэ няма, але Instagram, Twitter, Facebook, Вконтакте і нават Аднакласнікі даўно ўжо увялі такую пазнаку, як «верыфікаваная старонка» ці «афіцыйная старонка». Такія старонкі пазначаюцца адпаведным сімвалам. Звяртайце ўвагу на такія сімвалы, асабліва, калі гэта акаўнт, што належыць, нібыта, вядомаму чалавеку/арганізацыі, а такога сімвалу няма. Магчыма, гэта старонка-падробка.
Не трапляйцеся да прайдзісветаў!
Узрушаным станам грамадзян карыстаюцца не толькі прапагандысты, але і звычайныя прайдзісветы. Яны граюць на вашых самых добрых пачуццях і якасцях, і, часцяком, на джаль, выйграюць — менавіта таму, што вы такія харошыя. Не давайце сябе падмануць! І зрабіць гэта таксама проста.
1. Прайдзісветы не любяць канкурэнцыі. Таму яны спрабуюць падкрэсліць сваю выключнасць. У адным з тэлеграм-каналаў я сустрэла допіс: «Толькі мы дапамагаем ахвярам пратэстаў!». І, канешне ж, просьбу пералічыць грошы.
Грошы я, зразумела, пералічваць не кінулася. Таму што ў мяне ўзнікла пытанне: калі ахвярам пратэстаў дапамагаеце «толькі вы», дзе, у такім разе, усе беларускія медыкі?
2. Адным з насцярожваючых момантаў ёсць незразумелы спосаб дапамогі. Той самы тэлеграм-канал, які «толькі ён», прапанаваў зрабіць ахвяраванне... біткоінамі! Ці шмат хто ў тэме, што такое крыптавалюты, і якія яны існуюць? Вось і я не асабліва.
«Яндэкс-грошы», «Qiwi-гаманец», аплата праз QR-код: усё гэта павінна вас насцярожыць. Ні адзін краудфандынгавы рэсурс, які сябе паважае, не працуе такімі спосабамі. Але такія спосабы збору грошай вельмі шырока распаўсюджаныя ў ашуканскіх схемах.
3. Ананімнасць. Вы такое бачылі не толькі ў Інтэрнэце. Жаласлівая гісторыя пра хворую няшчасную дзяўчыну, просьба перавесці «хто колькі можа» — нешта падобнае бачна і ў афлайне, калі «зборам сродкаў» займаюцца на стаянках, у падземных пераходах, у электрычках. Аднак пры гэтым сама асоба, на лячэнне якой збіраюць грошы, аказваецца чамусьці цалкам ананімнай: няма ні даты яе нараджэння, ні месца жыхарства — толькі размытыя фатаграфіі нібыта «медыцынскіх» дакументаў, якія можна зрабіць у фоташопе за паўгадзіны.
Ці лічыце вы, што сродкі на аперацыю коштам у паўмільёна долараў, рэальна сабраць, стоячы на вуліцы? Не? А чаму вы думаеце, што тое ж самае можна зрабіць у Інтэрнэце?
Самае галоўнае адрозненне падобных фэйкаў ад рэальных паведамленняў пра дапамогу — у іх няма тэлефонаў, па якіх можна ўдакладніць інфармацыю. Таму, каб не стаць ахвярай прайдзісветаў, найперш шукайце нумар тэлефона для аператыўнай сувязі. Няма такога? Да пабачэння!
4. Прыходзячы ў краму, вы ведаеце, што беларускае малако — самае лепшае, патэльні «Тэфаль» — з антыпрыгарным пакрыццём, «Галіна бланка» — гэта спецыі і макароны. І вы тры разы падумаеце, перш чым набыць тавар невядомага вытворцы. Вы ўважліва вывучаеце склад прадукту і тэрмін яго прыдатнасці.
Чаму ж вы не робіце гэтага ў інтэрнэце? У Беларусі шалёная колькасць надзейных краўдфандынгавых пляцовак, якія ўжо заслужылі сабе імя. Навошта давяраць невядома каму, калі ёсць правераныя часам аўтарытэты?
Захоўвайце інтэрнэт-гігіену
У расследавальніцкай журналістыцы ёсць добрае правіла бяспекі: калі вы займаецеся расследаваннем, не рабіце нічога, што б вы не зрабілі ў звычайным жыцці. Гэта азначае: не сустракайцеся з крыніцамі інфармацыі ў пяць гадзін раніцы ў бязлюдным месцы, не сядайце ў незнаёмую машыну, і гэтак далей.
Тое ж самае можна сказаць і пра інтэрнэт-бяспеку. Мы разумеем, што ва ўсіх цяпер нервы на мяжы. Усе мы людзі, і адчуваем простыя чалавечыя пачуцці: гнеў, спачуванне, лютасць, захапленне. Але пры гэтым усё ж — уключайце галаву! І рабіце тое, што вы зазвычай рабілі ў нармальным эмацыйным стане.
1. Не пакідайце дзе папала — пад петыцыяй, у асабістай перапісцы з незнаёмцамі, пры рэгістрацыі на нейкіх сайтах, — персанальнай інфармацыі звыш той, якую вы лічыце патрэбнай. Калі хтосьці просіць вас пакінуць свой адрас (пры гэтым не электроннай пошты, а фізічны), задумайцеся: навошта гэта трэба? Звычайна такога нідзе не патрабуецца.
2. Не паведамляйце абы-каму, асабліва незнаёмым ці не вельмі знаёмым людзям, свае рэквізіты: нумар тэлефона, нумар банкаўскай карты, або (барані вас Божа!) CVV-код той самай банкаўскай карты.
3. Не вядзіцеся на «паведамленні з банкаў» з невядомых нумароў, калі вам пішуць, што «з вашай банкаўскай карткай нешта не тое», ператэлефаноўвайце ў службу падтрымкі кліентаў вашага банку самі.
4. Не пераходзьце па сумнеўных спасылках, асабліва калі вам настойліва (нават навязліва) раяць па іх перайсці. Мяняйце паролі да важных для вас сэрвісаў, як сподняе — канешне, не так часта, але, галоўнае, рэгулярна. І не забывайцеся абнаўляць антывірус.
Вартыя даверу
Ведайце: у краіне ёсць людзі і арганізацыі, якія займаюцца дапамогай працяглы час. За гэты час яны здабылі сабе рэпутацыю надзейных.
Напрыклад, праваабарончы цэнтр «Вясна» ўжо больш за 20 гадоў аказвае грамадзянам самую розную дапамогу: ад юрыдычнай да маральнай. І пры гэтым яны не кажуць, што «толькі мы займаемся дапамогай», а наадварот — раяць звяртацца і да іншых арганізацый.
Спіс гэтых «іншых» можна пабачыць вось па гэтай спасылцы. І, зразумела, што «Вясна» не будзе распаўсюджваць фэйкавыя акаўнты ды выманьваць грошы.
Калі вы вырашылі падтрымаць сваіх суайчыннікаў рублём, варта звяртацца да правераных часам людзей, якія не пусцяць вашыя грошы на асабістыя патрэбы. Ініцыятыва BY_Help ужо мае рэпутацыю. Менавіта гэтыя людзі збіралі сродкі на аплату штрафаў за дэмакратычныя акцыі ад 2017 года, менавіта яны сабралі 360 тысяч долараў на дапамогу медыкам у разгар эпідэміі covid-19. Менавіта яны цяпер сабралі для пацярпелых на акцыях пратэсту каля трох мільёнаў долараў.
Пры гэтым BY_Help просіць не блытаць сябе з фондам салідарнасці BYSOL, які ўжо сабраў каля мільёна долараў для падтрымкі тых, каго звольнілі (ці хто звольніўся сам) па палітычных матывах. А іх сапраўды блытаюць, таму што і ў першай, і ў другой ініцыятыве заснавальнікі — адныя й тыя ж людзі.
А вось у гэтым праекце вы знойдзеце дапамогу па раздзелах. Гэтыя людзі працуюць разам за часопісам «Імёны», які знакаміты тым, што ён не проста часопіс, а сацыяльны праект, які збірае дапамогу розным медычным установам, дзіцячым дамам і гэтак далей. Дарэчы, ў «Імёнах» таксама быў раздзел дапамогі ахвярам міліцэйскага бязмежжа, але цяпер ён закрыты — набралося дастаткова сродкаў для дапамогі.
І, канешне ж — гайд па дапаможных ініцыятывах ад «Будзьма беларусамі» (сам сябе не пахваліш — ніхто не пахваліць).
Мы ўжо пісалі, дзе і як шукаць нармальную і спраўджаную інфармацыю пра падзеі ў краіне, каму пры гэтым можна давяраць і чаму. Паўторымся: чытайце не тэлеграм-каналы, а сайты незалежных сродкаў масавай інфармацыі. У «цялеге» можна напісаць усё, што заўгодна, а вось журналіст абавязаны выдаваць выключна ПРАВЕРАНУЮ інфармацыю. І тут вы можаце быць упэўненыя, што гэта сапраўды НАВІНЫ, а не чуткі-плёткі.
Прычым, не мае асаблівага значэння, дзе гэтыя СМИ зарэгістраваныя Радыё Свабода — у ЗША, Радыё Рацыя, Еўрарадыё, тэлеканал Белсат — у Польшчы. Новы Час, Наша Ніва, Беларускія навіны і TUT.BY — беларускія. Прынцыпы працы адказнай журналістыкі аднолькавыя ва ўсім свеце.
Кажуць, што некаторыя з гэтых рэсурсаў нашае Мінінфармацыі, нібыта, заблакавала. Але ж, пасля маштабнага адключэння інтэрнэту, вы ведаеце, што такое VPN, праўда?
І, канешне ж, сачыце за budzma.by. У нас цікава!
Аліна Бялова, budzma.by