Навошта Вітаўту быў хаўрус з Тэўтонскім ордэнам? Якую небяспеку нёс такі саюз для Ягайлы? Як Вялікі князь спрабаваў пераманіць братоў-рыцараў на свой бок і што ім абяцаў? З якой прычыны дамоўленасці не ўдалося дасягнуць? Якую дзяржаву Ягайла бачыў новым хаўруснікам супраць Ордэна? На гэтыя пытанні адказвае на сваім ютуб-канале гісторык Алесь Краўцэвіч.
Таму Ягайла дэманстраваў, што Ордэну будзе больш выгодным працягваць саюз менавіта з ім. Толькі так можна патлумачыць тры ягоныя дакументы, выстаўленыя Ордэну падчас сустрэчы з хохмайстрам на востраве ракі Дубісы ў канцы кастрычніка 1382 г.
Ягайла аддаваў Ордэну Жамойць ажно да Дубісы (звычаем крыжакоў браць прывілеі на валоданне землямі, яшчэ не заваяванымі); абавязаўся на працягу чатырох гадоў хрысціцца ў каталіцтва разам са сваімі падданымі; трымаць перамір’е з Ордэнам чатыры гады і ў гэты час дапамагаць яму ў ягоных войнах, а самому войнаў не весці без згоды ордэнскага кіраўніцтва.
Гэтыя дамовы вельмі негатыўна ацэненыя гісторыкамі, напрыклад, вядомы даследчык Яраслаў Нікадэм лічыць, што рэалізацыя тых абяцанкаў Ягайлы «была б сапраўды катастрофай» для Літвы.
Але, як вядома, ордэнскія палітыкі далі палітычны прытулак Вітаўту і абяцалі яму падтрымку. Хохмайстар напісаў да Ягайлы ліст з просьбай вярнуць Вітаўту хоць бы частку бацькоўскіх земляў.
І тут на Ягайлу сышло азарэнне, ён нарэшце зразумеў сапраўдныя адносіны да яго ордэнскага кіраўніцтва. Да гэтага ўспрымаў свае саюзы з крыжакамі як раўнапраўнае партнёрства, цяпер жа стала ясна, што ў Ордэне яго ўровень з сабой ніхто не ставіць, так, нейкі паганскі князёк. Прыніжальны прыём крыжакамі Вітаўта можна было патлумачыць ягоным статусам палітычнага ўцекача, але для Ягайлы, вялікага князя, такія адносіны да сябе з боку крыжацкага кіраўніцтва сталі непрыемным сюрпрызам.
Ад таго моманту і да канца жыцця Ягайла заставаўся смяротным ворагам Тэўтонскага ордэна. Можна сказаць, што ў канцы 1382 г. пачалася дарога на Грунвальд.
Вялікі князь рэзка адказаў на ліст хохмайстра. У пісьме ў пачатку студзеня 1383 г. ён між іншым напісаў, што не зменіць свайго рашэння і не верне ані кавалка зямлі ўцекачам Вітаўту і яго брату Таўцівілу. Акрамя таго, у лісце насуперак нядаўняй дамове аб перадачы Ордэну амаль усёй Жамойці нечакана напісаў, што ён і Скіргайла маюць на яе правы, бо ўсе жамойты ім паддаліся.
А ў сакавіку насупраць свайму абяцанню ў пісьмовым выглядзе не ваяваць без згоды ордэнскага кіраўніцтва Ягайла выступіў паходам супраць мазавецкага князя Януша і вярнуў захопленыя тым падчас міжусобнай калатнечы ў Літве падляшскія гарады.
Хохмайстар Конрад Цёлнер не мог ігнараваць найважнейшай для Ордэна справы валодання Жамойцю і прапанаваў Ягайлу зноў правесці перамовы пра Жамойць на востраве Дубісы. Сустрэча была прызначана на травень, але потым перанесеная на ліпень 1383 г.
Аднак яна ўвогуле не адбылася, хоць абодва бакі прыбылі да месца. Прычым і Цолнер, і Ягайла прывялі з сабой войскі — добры паказчык узроўню ўзаемнага даверу нядаўніх партнёраў.
Ягайла спачатку выслаў на месца сустрэчы Скіргайлу, той вярнуўся з вялікім маршалам фон Валенродэ, той перадаў запрашэнне хохмайстра на асабістае спатканне. Ягайла два разы перабіваў маршала, а потым заявіў, што не паедзе, бо, маўляў, ягоныя спадарожнікі супраць. Адмова сустрэчы азначала, што саюзу канец. Ордэн аб’явіў Ягайлу вайну.
Менавіта ў той час у Ягайлы наспела рашэнне пра збліжэнне са стратэгічным ворагам Тэўтонскага Ордэна — Польшчай. Магчыма, першай праявай таго збліжэння стаў прывілей Ягайлы гораду Любліну і зафіксаваны крыніцамі побыт люблінскіх купцоў у Вільні ў красавіку 1383 г.