• budzma.org
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram Tiktok www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Музыка
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • Гісторыя за 5 хвілін
  • Трызуб і Пагоня
  • Разумняты
  • Вандруем разам
  • Афіша
15.10.2015 |

Канфедэрацыя ВКЛ – Княства ў ХХ стагоддзі?

Канфедэрацыя Вялікага Княства Літоўскага – тэрмін калі і выклікае нейкія асацыяцыі, то хутчэй пра позняе Сярэднявечча, шляхту-рокашы-Радзівілаў-Сапегаў-Пацаў. Аб тым, што нейкая Канфедэрацыя, ды яшчэ ВКЛ, мела дачыненне да ХХ стагоддзя, думаецца ў апошнюю чаргу. Між тым, так звалася няўдалая спроба ўсталявання беларуска-літоўскай дзяржаўнасці падчас Першай сусветнай вайны. У пэўным сэнсе менавіта Канфедэрацыя ВКЛ сталася “першым блінам” беларускага дзяржбудаўніцтва – тым самым, які “камяком”. Але гэта не адмяняе існавання самога праекта і таго, што пра яго нядрэнна б ведаць.

 

 

Пачатак акупацыі

Першая сусветная вайна пачалася для беларускіх зямель не так, як Вялікая Айчынная. Глыбокія танкавыя прарывы і захоп сотняў тысяч кіламетраў тэрыторыі з якісьці месяц былі яшчэ ў далёкай будучыні, фронт мог заставацца стабільным месяцамі. Аднак у 1915 годзе Руская імператарская армія пачала адчуваць сабе досыць дыскамфортна. У жаўнераў не было не толькі дастатковай колькасці “хайтэкаў” – цяжкай артылерыі, танкаў ці аэрапланаў – “голад” тычыўся такіх простых рэчаў як вінтоўкі, снарады, набоі, нават боты. Вынаходнік аднаго з першых аўтаматаў у свеце Уладзімір Фёдараў у мемуарах пісаў: “Между тем положение с оружием в войсках Северо-Западного фронта было, по моему мнению, отчаянным. На этом фронте было 57 дивизий, но нехватка винтовок достигала огромной цифры в 320 тысяч экземпляров. Другими словами, 21 дивизия числилась только на бумаге!”. А самі мемуары называліся… “В поисках оружия”. Расія спрабавала дастаць неабходную матэрыяльную частку нават у Манголіі.

У такіх умовах нядзіўна, што фронт праз колькі месяцаў пасля пачатку вайны не дасягнуў Вены і Берліна, а наадварот, пакаціўся на Усход. У траўні 1915 года пачаўся Горліцкі прарыў у Галіцыі, палі ці былі пакінутыя найбуйнейшыя рускія крэпасці – Варшава, Івангарад, Асавец, Брэст, Гродна, Коўна, ганебна здадзеная крэпасць Новагеоргіеўск. Былі пакінутыя Галіцыя, Літва і Польшча. Вайна прыйшла на Беларусь. Штаб заходняга фронту размясціўся ў Мінску, Стаўка вярхоўнага галоўнакамандуючага – у Магілёве.

6 верасня немцы пачалі свянцянскі прарыў, хутка прасунуліся ў раёне Вілейка-Маладзечна-Смаргонь. Гэта вымусіла рускую армію адступаць яшчэ далей на Усход, і нарэшце фронт стабілізаваўся на лініі Паставы-Крэва-Баранавічы-Пінск. Беларускія тэрыторыі на захад ад гэтай лініі апынуліся пад акупацыяй. Яшчэ да гэтага, у жніўні 1915 г., канцлер Германскай імперыі Тэабальд фон Бэтман-Гольвег заявіў, што “вызваленыя ад Расіі землі больш не вернуцца пад маскоўскае ярмо”.

Захапіўшы звыш мільёна квадратных кіламетраў зямель, немцы, шчыра кажучы, пра народы, якія тут жылі, ведалі няшмат. Так, Сяргей Хаміч у працы “Тэрыторыя і дзяржаўныя межы Беларусі ў ХХ ст.” адзначае, што “лепш за ўсе Германія арыентавалася ў польскім пытанні і таму імкнулася максімальна разыграць “польскую карту”. Заняўшы Вільню, нямецкія ўлады распаўсюдзілі заклік, у якім назвалі горад “перлам Кароны Польскай”, што выклікала гарачыя пратэсты…” Як бачым, пунктуальныя і адукаваныя немцы падчас дзейнічалі як дыпламаваны баран у лаўцы з посудам.

 

Пачатак нацыянальнага руху

У першыя тыдні і месяцы акупацыі новыя ўлады паўплывалі на нацыянальны рух на беларускіх землях слаба, амаль ніяк. Таму першыя спробы пабудаваць дзяржаўнасць, незалежную ад Расіі, насілі вялікі адбітак краёвасці – аб уласна беларускай дзяржаве яшчэ не думалі. Так, восенню 1915 г. беларускія прадстаўнікі увайшлі ў склад т.зв. Віленска-Ковенскага камітэта, які павінен быў вырашаць нацыянальнае пытанне для цэлага шэрагу народаў – беларусаў, літоўцаў, габрэяў, нават палякаў. Але, як няцяжка здагадацца, кожная нацыянальнасць у камітэце “цягнула коўдру на сябе”, і вынікі яго дзейнасці не ўражвалі. Хутка з яго вылучыліся асобныя нацыянальныя камітэты, якія вырашалі пытанні ўжо кожны для сваёй нацыі. Для беларусаў такім стаўся Беларускі нацыянальны камітэт пад кіраўніцтвам Антона Луцкевіча, арганізацыя аб’яднала прадстаўнікоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай працоўнай групы, Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны і г.д.

Менавіта кіраўніцтва БНК і асабіста Луцкевіч адыгралі значную ролю ў спробе стварэння беларуска-літоўскай дзяржаўнасці, якая і стала вядомая як Канфедэрацыя ВКЛ. 19 снежня 1915 года на беларускай, літоўскай, польскай і яўрэйскай мовах быў апублікаваны “Універсал Канфедэрацыі Вялікага Княства Літоўскага”, тэкст якога вы можаце бачыць ніжэй. Стваралася шматнацыянальная Часовая рада Канфедэрацыі ВКЛ, якая бачыла незалежнасць Літвы і Беларусі ў межах адзінай дзяржавы.

Далейшае развіццё дзяржаўнай ідэі Канфедэрацыі атрымала ўвасабленне ў звароце да беларусаў і літоўцаў “Грамадзяне!”. Часовая рада ў дакуменце распавядала аб сваіх планах больш канкрэтна. Планаваўся поўны разрыў з Расійскай імперыяй і пераход у арбіту ўплыву Германіі і Аўстра-Венгрыі. У перспектыве ВКЛ павіннае было стацца часткай так званай “Mitteleurope” – мытнага саюза, які Берлін планаваў усталяваць пасля перамогі і ў які ўваходзілі, паводле плана, Германія, Аўстра-Венгрыя, Нідэрланды, Швейцарыя, Нарвегія, Італія, Балгарыя, Фінляндыя, Румынія і дзяржавы, якія ствараліся на захопленых у Расіі тэрыторыях. Будучы ўдзельнік гэтага “прота-Еўрасаюза”, беларуска-літоўская дзяржава, ВКЛ, займала б тэрыторыі Ковенскай, Віленскай губерняў, беларускую і літоўскую частку Гродзенскай і Сувалцкай губерняў, літоўскія часткі Курляндскай і Мінскай губерняў. Ніякага падзелу на беларускую і літоўскую частку не планавалася.

 

Не ўсё так радасна…

Першы недахоп новага дзяржаўнага праекта быў відавочны: па-за межамі краіны заставаліся Магілёўская, частка Мінскай і Смаленскай губерняў, на якіх жылі мільёны беларусаў. Тое, што амаль палова беларускіх зямель не ўваходзіць у дзяржаву, наўрад ці моцна спрыяла б развіццю беларускай дзяржаўнасці.

Спачатку як літоўскія, так і нямецкія палітычныя колы даволі ўважліва назіралі за развіццём праекта Канфедэрацыі, у прыватнасці, ёй цікавіўся будучы дыктатар Літоўскай Рэспублікі Антанас Сметона. Рэзка адмоўна аднесліся да ідэі польскія дэмакраты, якія насіліся з ідэяй федэрацыі Літвы і Польшчы па ўзоры былой Рэчы Паспалітай.

Нарэшце, большая частка літоўскіх палітыкаў вырашыла, што Канфедэрацыя – не найлепшая ідэя, і будаваць трэба менавіта літоўскую нацыянальную дзяржаву. Падчас нарады літоўскіх і латышскіх арганізацый у Коўне 6 студзеня 1916 г. арганізаваўся Галоўны літоўскі камітэт, які абвясціў незалежнасць ВКЛ (ужо без усялякіх канфедэрацый). У 3-м пункце акта аб незалежнасці прадугледжвалася магчымасць беларусаў прыяднацца да будучага Княства ў якасці трэцяй аўтаномнай часткі, пасля ўласна літоўцаў і латышоў.

 

“Злучаныя Штаты” ці “кожны сам за сябе”?

Ідэя Канфедэрацыі з кожным месяцам страчвала прыхільнікаў. 21 траўня 1916 г. Часовая Рада рэарганізавалася ў Пастаянную Літоўска-Беларускую камісію, бакі дамовіліся не адмаўляцца ад канфедэратыўнай платформы. Але літоўцы пагаджаліся на словах, а на справе трымалі курс на літоўскую нацдзяржаву – унітарную краіну. Беларусам прапаноўвалася самім вырашаць свой лёс, але літоўцы пастаянна настойвалі, што Літва і толькі Літва мае права звацца палітычнай пераемніцай ВКЛ – беларусам у гэтым адмаўлялася. На практыцы гэта значыла, што ўсялякая ідэя ўзнаўлення ВКЛ у любой форме Беларусі быццам не тычылася – дзяржаўнасць даводзілася ствараць з нуля. У вачах еўрапейскіх палітычных колаў гэта значна пазбаўляла будучую беларускую дзяржаўнасць гістарычнага фундаменту, а, значыць, і легітымнасці.

Разумеючы гэта, беларускія палітыкі на чале з Антонам Луцкевічам усё ж такі не адмовіліся ад ідэі Канфедэрацыі. Больш за тое, на лазанскай канферэнцыі Луцкевіч прапанаваў арганізацыю больш буйнага аб’яднання – “Злучаных Штатаў” Беларусі, Украіны, Літвы і Латвіі ад Балтыкі да Чорнага мора.

Асноўнай прычынай, чаму Луцкевіч працягваў развіваць не вельмі жыццяздольную ідэю, было тое, што палітык хацеў забяспечыць беларускай дзяржаве выхад да мора – у гэтым ён бачыў найважнейшую ўмову для развіцця нацыянальнай эканомікі. Па яго словах, без выхаду да мора “сем мільёнаў беларусаў… а таксама даволі шматлікі элемент яўрэйскі і польскі ў Беларусі сталіся бы асуджанымі на вечную эканамічную няволю”.

https://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/8/8a/Luckewicz_fota090128.jpg

Антон Луцкевіч

 Аднак жаданне лепшых умоваў для сваёй краіны – гэта адно, а рэчаіснасць – гэта падчас зусім іншае. Нацыянальная самасвядомасць беларусаў на той час была значна меншай, чым ва ўкраінцаў, літоўцаў, латышоў. Таму апошнія не маглі чакаць ад беларускага элементу моцнай падтрымкі ў справе заваявання незалежнасці. І, адпаведна, канфедэрацыя ім прыносіла больш шкоды, чым карысці. Таму літоўскія лідары намагаліся максімальна аддаліцца ад ідэі агульнай дзяржаўнасці. Але на канчатковы разрыў не ішлі, бо часам беларуская падтрымка, асабліва на міжнародным узроўні, адпавядала іх інтарэсам. Зрэшты, усё добрае некалі заканчваецца, і сяброўства з літоўцамі таксама. Адчуўшы сябе дастаткова моцным, літоўскі нацыянальны рух звярнуў усё супрацоўніцтва з беларусамі. Далейшыя перамовы былі прыпыненыя, а 11 студзеня 1917 г. быў выдадзены “Мемарандум аб аднаўленні незалежнай Літвы”, дзе, апроч астатняга, акрэсліваліся межы літоўскай нацыянальнай дзяржавы. Германскія ўлады падтрымалі ідэю. І вясной пачалося праектаванне новай літоўскай дзяржавы пад пратэктаратам кайзераўскай імперыі. У адміністрацыйнай акрузе “Літва”, дарэчы, апынуліся часткі Віленскай губерні, заселеныя беларусамі, а на астатнія акупаваныя рэйхсвэрам беларускія землі у складзе акругі “Беласток-Гродна” прэтэндавала ўжо Польшча. Сяброўства з суседнімі “прыгнечанымі” народамі пагражала новым падзелам беларускіх зямель ужо з боку гэтых прыгнечаных народаў.

Надзвычайна нявыгадная сітуацыя прывяла да таго, што беларускі нацыянальны рух падзяліўся на дзве часткі. Першая на чале з А. Луцэвічам спрабавала і далей дамовіцца з Літоўскім камітэтам і пераканаць яго кіраўніцтва вярнуцца да ідэі Канфедэрацыі ВКЛ – зразумела, беспаспяхова. У жніўні 1917 г. БНК прыняў платформу аб незалежнасці і непадзельнасці Беларусі і Літвы і ўнутранае размежаванне аўтаномных частак дзяржавы па “матчынай мове жыхароў”. Ідэя была неблагая, але ізноў яе адмовіліся пачуць літоўцы, якія 18-22 верасня 1917 г. склікалі Літоўскую канферэнцыю, дзе ізноў выказаліся за стварэнне незалежнай літоўскай нацыянальнай дзяржавы, пры гэтым беларусаў на канферэнцыю нават не запрасілі. Адзінае, што было зроблена для іншых народаў краю, – абяцанне ўключыць іх прадстаўнікоў у склад будучай Тарыбы (у складзе яе 20 чалавек, з іх абяцалі ўзяць па два палякі і яўрэі і аднаго беларуса).

Нават найбольш аптымістычных прыхільнікаў Канфедэрацыі такая палітыка пераканала ў тым, што з літоўцамі кашы не зварыш. Беларускія арганізацыі, як і польскія, і яўрэйскія, абвясцілі Тарыбе байкот і патрабавалі 30 верасня 1917 г. аб’яднання акупаваных беларускіх зямель у акрузе “Літва” і прапарцыйнага прадстаўніцтва беларусаў у Тарыбе. Антон Луцкевіч нават стварыў у процівагу Тарыбе Віленскую Беларускую раду – было відавочна, што ідэя Канфедэрацыі ВКЛ пацярпела фіяска.

Другая ж частка нацыянальнага руху беларусаў была прадстаўленая рэалістамі. Яшчэ ў чэрвені 1917 г. беларускія дзеячы на чале з Вацлавам Ластоўскім стварылі арганізацыю “Звяз незалежнасці і непадзельнасці Беларусі”, якая выступіла ўжо супраць аб’яднання з Літвой, любой аўтаноміі і краёвасці, няважна, у складзе Расіі, Польшчы, каго заўгодна. Сваёй мэтай “Звяз“ абвясціў поўную дзяржаўную незалежнасць Беларусі ў этнаграфічных межах. То бок у межах, дзе пражывала беларускае насельніцтва, незалежна ад боку фронту. Напрыканцы 1917 года праграма арганізацыі была прынятая БНК і ў будучыні стала асновай для абвяшчэння дзяржаўнага ўтварэння, вядомага нам як БНР.

 

 

Дзяніс Пыхалаў, budzma.by

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Грамадства

Вызначыліся лаўрэаты Прэміі Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі

23 верасня прайшоў другі дзень работы Кангрэса, паведамляе Наша ніва. Акрамя працы ў секцыях і «круглых сталах», адбыліся...

valiancina_shauchenka
Грамадства Беларусы свету

Ва Уроцлаве ў кастрычніку пройдзе ХI Фестываль Незалежнай Беларускай Культуры

З 1 па 8 кастрычніка пад слоганам «Разам — лепей» ва Уроцлаве адбудзецца ХІ Фестываль Незалежнай Беларускай...

valiancina_shauchenka
Грамадства

Вампіры, прывіды, шкілеты і крывавыя дрэвы: расказваем пра містычныя месцы ў Беларусі

У Беларусі шмат цікавых мясцін, якія прыцягваюць турыстаў сваёй містычнай энергетыкай, дзеліцца Palatno Media. Расказваем...

valiancina_shauchenka
Гісторыя

Сувораў напаў, парушыўшы рыцарскія традыцыі. Трагедыя бітвы пад Сталовічамі

23 верасня 1771 году ў бітве пад мястэчкам Сталовічы, як аказалася, вырашаўся лёс Рэчы Паспалітай. Тады яшчэ ніхто...

Апошнія навіны

    Грамадства
    Вызначыліся лаўрэаты Прэміі Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі
    Грамадства Беларусы свету
    Ва Уроцлаве ў кастрычніку пройдзе ХI Фестываль Незалежнай Беларускай Культуры
    Грамадства
    Вампіры, прывіды, шкілеты і крывавыя дрэвы: расказваем пра містычныя месцы ў Беларусі
    Гісторыя
    Сувораў напаў, парушыўшы рыцарскія традыцыі. Трагедыя бітвы пад Сталовічамі
    Грамадства Літаратура
    Навінка: выдавецтва Gutenberg Publisher выпусціла раман «Круглая Square» Вала Клемэнта
    Навіны "Будзьма!" Гатуем з «Будзьма!»
    Крышаны з бульбай і грыбамі. Гатуем сезонную палескую страву
    Музыка
    Што паслухаць у апошнія цёплыя дні восені: эксперыментальная электроніка, міфалагічны рэп і змрочны эмбіент
    Культура Грамадства
    «Ідзём шляхам Паўночнай Карэі». Сяргей Будкін пра новыя патрабаванні да арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў у Беларусі
    Краіна
    Двое сяброў 10 гадоў падарожнічалі па краіне і выдалі кнігу пра неверагодна прыгожую Беларусь
    Вандруем разам
    Вандруем па Магілёўшчыне: што паглядзець у Мсціславе
    Грамадства Замежжа
    У Гданьску праходзіць 11 Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі
    Гісторыя
    Як Альгерд і Кейстут стварылі братэрскі хаўрус? Тлумачыць у відэа прафесар Алесь Краўцэвіч
    Культура
    Куды схадзіць на выходных? Падборка цікавых імпрэз на 23-24 верасня
    Культура Тэхналогіі
    Магчымасці для беларускіх дзеячаў культуры і айцішнікаў: можна падаць заяўку на анлайн-пітчынг праектаў да 27 верасня
    Культура
    Сёння Багач. Распавядаем, як адзначалі традыцыйна і як можна адсвяткаваць у сучасных умовах

Афіша

  • 24.09 — 08.10Восеньскі салон у Мінску
  • 24.09 — 19.11Фотавыстава Андрэя Логінава «CHAROMUSHKI ODYSSEY 1930-2023» у Познані
  • 24.09МІЖНАРОДНЫ КАНГРЭС ДАСЛЕДЧЫКАЎ БЕЛАРУСІ Ў ГДАНЬСКУ
  • 24.09Дранік-фэст у Суле
  • 24.09Фэст беларускай супольнасці BelFEST у Філадэльфіі
  • 24.09Квэст у чыгуначным музеі ў Брэсце
  • 24.09Лекцыя Ксеніі Тырсікавай «Digital Art: што гэта і дзе яго глядзець» у Варшаве

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: [email protected]

Папулярнае

    • «Мне заўсёды быў чужы такі тупы беларускі нацыяналізм». Вялікая размова з Альгердам Бахарэвічам
    • Андрэй Дурэйка: «Філасофія калабарацыянізму — галоўная небяспека для беларускай культуры»
    • Беларусы прыдумалі класны каляндар на 2024-ы: адкрытая перадзамова
    • «Карані таго, што з намі адбываецца цяпер — у цалкам падпарадкаванай Маскве Советской Белоруссіі». Лявон Вольскі наўздагон дню народнага адзінства
    • Ці быў выхад з СССР незаконным?
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип