Што было можна прадзеду: чытаем «сталінскую канстытуцыю» 1936 года

05.12.2024 Гісторыя

Менавіта ў гэты дзень у далёкім 1936 годзе мільёны людзей прачнуліся з новымі правамі і абавязкамі, якія цалкам вызначалі жыццё кожнага. Кожны мусіў пачувацца маленькім, з бясконцай падзякай тым вялікім, хто падараваў ім Канстытуцыю.


Stalin z dziećmi
«Сталін з дзецьмі». Малюнак: Віктар Канавалаў

Што папярэднічала?

У хуткім часе пасля стварэння «турмы народаў» у 1922 годзе была прынятая першая Канстытуцыя СССР. З 1924 года адбылося столькі ўнутраных падзеяў, што «лідары сусветнай рэвалюцыі» не паспявалі за зменамі ва ўласных законах. Пасля перамогі, як ім падавалася, перавароту 1917 года, пасля скасавання недарэчнага НЭПу і ажыццяўлення страшэннай калектывізацыі, прыйшла справа да фармалізацыі жыцця.

Прыблізна за год да таго, як 5 снежня 1936-га на VIII Усесаюзным З’ездзе Саветаў у Маскве была адзінагалосна прынятая новая Канстытуцыя, распачалася грунтоўная праца па напісанні і ўсеагульным абмеркаванні. Шырока распаўсюджанымі былі фотаздымкі з далёкіх аўлаў у гарах, з лесанарыхтовак на вельмі далёкім усходзе, альбо з сучасных заводаў у гарадах — выдатніках сацыялістычных спаборніцтваў, на якіх людзі ўчытваліся ў абзацы з абяцаннямі павадыроў давесці іх да яскравай будучыні.

Назва нашай краіны была змененая з БССР на... БССР

Uryvak z Kanstytucyi SSSR 1936 hoda
Урывак з Канстытуцыі СССР 1936 года. Фота: Дзяржаўны архіў РФ

Не, гэта не абдрукоўка. Вялікі калектыўны розум, які быў адказны за стварэнне новага галоўнага закона ўсёй прасторы пад кіраўніцтвам таварыша Сталіна, прыдумаў неверагодны трук: замест Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі на свет выходзіла Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка.

Хтосьці папрацаваў на славу.

Новы заканадаўчы орган

Сістэма кіравання, закладзеная новай Канстытуцыяй 1936 года, была адной з яе найбольш фундаментальных асаблівасцей. Канстытуцыяй быў уведзены новы заканадаўчы орган — Вярхоўны Савет СССР, які надзяляўся вышэйшай дзяржаўнай уладай і замяніў стары З’езд Саветаў. Рабочы орган Вярхоўнага Савета — Прэзідыум — у перыяд паміж сесіямі Вярхоўнага Савета надзяляўся асноўнымі паўнамоцтвамі.

Згодна з Канстытуцыяй, улада належала ўсім грамадзянам праз усеагульнае выбарчае права.

Цікава зірнуць на падобныя выбары, напрыклад, элекцыйную кампанію БССР у 1947 годзе, калі абіраўся Вярхоўны Савет Беларусі ІІ склікання — «парламент». Выбары адбываліся па мажарытарнай сістэме, калі перамогу атрымлівае той кандыдат, за якога прагаласавала большасць выбарцаў.

Зрэшты, выбіраць прыходзілася няпроста. У кожнай выбарчай акрузе, а іх было 371, вылучаўся адзін кандыдат. У 1947 годзе на выбары пайшоў выбарчы блок, які спадзяваўся атрымаць падтрымку насельніцтва. Ён меў амбіцыйную назву «Сталінскі блок камуністаў і беспартыйных».

У спісы выбарцаў было ўнесена каля 4,4 мільёнаў жыхароў Беларусі. Выканаць свой грамадзянскі абавязак на ўчастках для галасавання вырашылі 99,97% з іх. Па выніках выбараў за кандыдатаў ад «Сталінскага блоку камуністаў і беспартыйных» прагаласавалі 99,57% ад тых, хто прыйшоў на выбары. Пераканаўчая перамога, згадзіцеся.

Прыказкі і прымаўкі ў Канстытуцыі

Артыкул 12 паведамляў: «Праца ў СССР з’яўляецца абавязкам і справай гонару кожнага здольнага да працы грамадзяніна па прынцыпе: «хто не працуе, той не есць». У СССР ажыццяўляецца прынцып сацыялізму: «ад кожнага па яго здольнасці, кожнаму — па яго працы»».

Да якой жа ступені гэта гучыць цынічна, калі прыгадаць, што толькі за некалькі гадоў да новай канстытуцыі былі асуджаныя на галодную смерць сотні тысячаў чалавек, асабліва ў нашых паўднёвых суседзяў — ва Украіне. Тады шмат працавалі, але мала хто еў. Падобнай прымаўкі ў тэксце сталінскай канстытуцыі не знойдзеш.

Прыватная ўласнасць дазваляецца!

А ці ведалі вы, што ў краіне Саветаў афіцыйна дазволілі мець нешта сваё, не толькі агульнае з суседам? Глядзім па тэксце:

«Разам з сацыялістычнай сістэмай гаспадаркі, якая з’яўляецца пануючай формай гаспадаркі ў СССР, дапускаецца законам дробная прыватная гаспадарка аднаасобных сялянаў і саматужнікаў, заснаваная на асабістай працы, якая выключае эксплуатацыю чужой працы».

Вы зразумелі правільна: пасля татальнай калектывізацыі, разгрому і масавых рэпрэсіяў заможных сялянаў тым, хто выжыў, дазволілі мець «свой» лапік зямлі з яблыняй і птушкай, толькі не дай Бог наняць некага дзеля збору ўраджаю.

Можна выйсці?

Фантастычны элемент быў агучаны ў артыкуле 17. Там чорным па белым прапісана:

«За кожнай саюзнай рэспублікай захоўваецца права свабоднага выйсця з СССР».

«А так можна было?» — маглі спытаць беларусы, літоўцы, грузіны і іншыя паняволеныя народы. На жаль, у адказ ім прыляцелі б не спасылка на Асноўны закон дзяржавы, а дручок і куля.

Uryvak z Kanstytucyi SSSR 1936 hoda
Урывак з Канстытуцыі СССР 1936 года. Фота: Дзяржаўны архіў РФ

Незвычайныя «міністэрствы»

У параўнанні з сённяшнім часам, калі ў Беларусі так ці інакш дзейнічаюць звыклыя слыху міністэрствы, у 1936 годзе было па-іншаму. Само слова «міністэрства» было замененае на «не буржуазнае» — камісарыят. Адпаведна, кіравалі гэтымі органамі — камісары.

Прыкладам, замест аднаго сённяшняга міністэрства прамысловасці існавалі цэлых пяць: камісарыят цяжкай прамысловасці, камісарыят абароннай прамысловасці, камісарыят харчовай прамысловасці, камісарыят лёгкай прамысловасці і камісарыят лясной прамысловасці.

Апроч таго існаваў асобны камісарыят зерневых і жывёлагадоўчых саўгасаў.

Рэлігія

Пасля фактычнага разгрому і фізічнага вынішчэння сьвятароў «сталінская» канстытуцыя ў Артыкуле 124 нахабна сцвярджае:

«У мэтах забеспячэння за грамадзянамі свабоды сумлення, царква ў СССР аддзеленая ад дзяржавы, і школа ад царквы. Свабода адпраўлення рэлігійных культаў і свабода антырэлігійнай прапаганды прызнаецца за ўсімі грамадзянамі».

Можам прыгадаць вялікага беларускага святара, у далейшым кардынала Казіміра Свёнтка. Падчас казанняў у Пружанах, дзе ён служыў, ксёндз Казімір асуджаў бязбожніцтва і атэізм. 21 красавіка 1941 года ён быў арыштаваны мясцовым НКУС і дастаўлены ў вязніцу ў Берасце. Яго абвінавацілі па чатырох артыкулах у антысавецкай прапагандзе і «шпіянажы» ды асудзілі на смерць.

Kardynal Kazimir Sviontek
Кардынал Казімір Свёнтэк. Фота: Павал Хадзінскі

У камеры смяротнікаў у турме НКУС у Берасці ён чакаў выканання выраку, але 22 чэрвеня 1941 года пачалася вайна. Казімір Свёнтак застаўся жывы.

У 1990-х кардынал узгадваў: «Мяне ўтрымала і пры жыцці, і пры Богу мая моцная, непахісная вера. Часам здараліся сітуацыі (з людскога пункту гледжання) сапраўды безнадзейныя. Хоць бы і тыя два месяцы, праведзеныя ў камеры смерці Берасцейскай турмы.

Адтуль кожную ноч а 12-й гадзіне людзей выводзілі на расстрэл. Я чакаў, калі адчыняцца дзверы ў маю камеру... Але ў душы быў перакананы, што выжыву. Зразумела, калі на тое будзе Божая воля. І нават на допытах, з прыстаўленым да скроні пісталетам, я не губляў надзеі...»

За год да масавых рэпрэсіяў

Канстытуцыя 1936 года ў Артыкулах 127 і 128 абяцала кожнаму жыхару наступнае:

«Грамадзянам СССР забяспечваецца недатыкальнасць асобы. Ніхто не можа быць падвергнуты арышту інакш, як па пастанове суда альбо з санкцыі пракурора. Недатыкальнасць жылля грамадзянаў і тайна ліставання ахоўваюцца законам».

Трагедыя беларускага народа: ахвяры «сталінскіх» рэпрэсій мусілі шукаць паратунку ў «сталінскай» Канстытуцыі.

Ворагі народа ў Канстытуцыі

Разам з тым далейшыя артыкулы замацоўваюць ганебнае словазлучэнне «вораг народа». Чытаем:

«Кожны грамадзянін СССР абавязаны берагчы і ўмацоўваць грамадскую, сацыялістычную ўласнасць як святую і недатыкальную аснову савецкага строю. Асобы, якія робяць замах на грамадскую, сацыялістычную ўласнасць, з’яўляюцца ворагамі народа.

Абарона Айчыны — гэта святы абавязак кожнага грамадзяніна СССР. Здрада Радзіме: парушэнне прысягі, пераход на бок ворага, нанясенне ўрону ваеннай магутнасці дзяржавы, шпіянаж — караюцца па ўсёй суворасці закона як самае цяжкае злачынства».

Podpisy haloŭnych «baćkoŭ» Kanstytucyi SSSR 1936 hoda
Подпісы галоўных «бацькоў» Канстытуцыі СССР 1936 года. Фота: Дзяржаўны архіў РФ

Гэтыя старонкі, якія рэгламентавалі жыццё нашых продкаў, перажылі свайго «стваральніка». Сталін памёр у 1953 годзе, але ягонае палітычнае «дзіця» дацягнула амаль да канца «імперыі зла». Толькі ў 1977 годзе ў СССР была прынятая новая канстытуцыя. Але гэта, вядома, ужо зусім іншая гісторыя.

Павал Хадзінскі, budzma.org