Мінска-варшаўскі авант-джазавы калектыў Fantastic Swimmers выдаў канцэрт для пяці піяністаў. Запіс апублікаваў брытанскі часопіс The Wire у падтрымку да інтэрв`ю з бэндлідэрам Віктара Сямашкам. Фартэпіянны канцэрт атрымаў парадкавы #4. Згодна з канцэптам піяністы граюць па чарзе спантанныя імправізацыі, каментуючы або развіваючы лінію папярэдніка. Гэтым чынам удзельнікі праходзяць некалькі колаў, а ў фінальным блоку спрабуюць розныя камбінацыі.
«Фактычна «плыўцы» адбудавалі наноў у Варшаве ўсё тое, што мелі ў Мінску: магчымасць студыйнай працы, шырокую базу інструменталістаў, шумавы хор Kum-Kuma і піяністычную секцыю. Наш папярэдні выступ у фармаце Piano Concert адбыўся ў мінскай прасторы OK16 у 2019 годзе. Тады, калі імпрэза скончылася, да фартэпіяна села зусім незнаёмая мне дзяўчына і пачала пранікнёна, нават крыху трансава імправізаваць. Гэта была Юлія Шавель. Я падумаў, што варта паклікаць яе на наступны такі канцэрт... Давялося пачакаць 5 год, каб нашая другая сустрэча адбылася ўжо ў варшаўскай Quality Studio. Юлія для мне стала не толькі сімвалічнай счэпкай, але і сапраўдным адкрыццём, як і для маіх калег. Яна бліскучы самародак з нетраў мінскага андэграўнду!», — распавядае Віктар.
Партнэрамі па Фартэпіянным канцэрце #4 сталі таксама Аляксей Варсоба, асабліва знаны ўдзелам у трыа Port Mone і арганізацыяй Minsk Improvisers Orchestra, а таксама два польскія кампазітары Анджэй Рэйман (Andrzej Rejman) і Эдвард Сяліцкі (Edward Sielicki). Віктар дадае: «Прычым, нашыя варшаўскія сябры маюць да Беларусі пэўнае дачыненне. Бо пан Эдвард — сын кампазітара Рышарда Сяліцкага, які скончыў мінскую кансерваторыю і ўзяў сабе прозвішча беларускага паходжання. Пан Анджэй раней прызнаўся, што ягоныя продкі былі ўніяцкімі святарамі ў Полацку, і крэўнікам яму даводзіцца класік беларускае літаратуры Францішак Багушэвіч».
У Piano Concert #4 змясьціліся 20 кампазыцыяў, аб`яднаныя ў 4 колы. Кожнае кола можна аналізаваць асобна: калі першае — гэта знаёмства, кароткія візітоўкі, то другое — больш разгорнутыя рэплікі ў размове, за ім наступае яшчэ шырэйшае трэцяе кола — аб`ёмныя сюжэты, аповеды, далучаюцца дадатковыя прадметы, а ў чацьвёртым удзельнікі граюць у чатыры рукі (і больш), задзейнічаюць галасы, і дзея, увогуле, набывае характар урачыстае разьняволенасці. Азнаёміцца з альбомам можна на сайце The Wire.
Спасылкі на папярэднія тры канцэрты:
паводле прэс-рэліза, фота — Kasia Sokołowska