Карціна дня: “Барацьбіт” Андрэя Бурсава

Сёння ў рубрыцы “Карціна дня”, дзе мы абмяркоўваем карціны сучасных беларускіх мастакоў, — Андрэй Бурсаў і яго “Барацьбіт”. Абмяркоўваюць палатно не аматар і не знаўца мастацтва, вядомы ў вузкіх колах дэгенератыўны паэт Андрэй Адамовіч і выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, мастацтвазнаўца Алеся Раманюк. Мы заклікаем вас далучацца. Давайце разам высветлім, што нам прапануюць на сняданак, абед і вячэру сучасныя мастакі. Прыходзьце ў каменты, пішыце, прапануйце працы для абмеркавання.

Андрэй Бурсаў

Пра аўтара:

Андрэй Бурсаў нарадзіўся і жыве ў Менску. Мастак, паэт, перакладнік. Выдаў дзве кнігі вершаў, прозы і перакладаў: “Дзівін” (2002 г.) і “Празнеб’е” (2009 г.) У траўні і чэрвені 2002 г. у Галéрыі Еўрапэйскага гуманітарнага унівэрсітэта (г. Менск)адбыліся прэзэнтацыі кнігі “Дзівін” у форме хэпэнінгаў. У 2007 г.у менскай галéрыі “Падземка” праходзіла пэрсанальнаявыстава “Першаклад” (жывапіс, вершы, пазлы). Наступнаяпэрсанальнаявыстава “Златадзён” (жывапіс, вершы) мела месца ў2009 г. у Музэі гісторыі беларускай літаратуры, што ў Траецкім прадмесці.

Андрэй Бурсаў Барацьбіт, 2010, палатно, алеі, 50×50 см.

Баксёр у баксёрах

Цікавая нават з чыста каларыстычнай кропкі погляду карціна нясе ў сабе і адлюстраванне інтуітыўна-філасофскіх поглядаў аўтра. Свет уяўляецца яму вялікай арэнаю, ад якой мастак засланіўся чорнай прасьцінаю-дзьвярыма, гатовы ў любы момант кінуцца ў бой.

Андрэй Адамовіч

Тут прадыманстрыяваны анталагічны неспакой, боязь перад быццём. Баяцца – ня сорамна, не баяцца толькі вар’яты, чалавек жа да той пары і застаецца чалавекам, пакуль у яго захаваны магутны старажытны інстынкт самазахавання.
Інстынкт гэты адказвае і за боязь перад невядомым.
Але адначасова мы бачым тут і рашучасць супрацьстаяць любым выклікам, якія паставіць перад чалавекам плыня жыцця, а таксама ўсім тым выклікам, што ён сам прыдумае сабе. І вось гэтая рашучасць не заўсёды выклікана прыроджанамі істынктамі, з’яўляецца чымсьці больш цікавым. Бо, аддзяляе, чалавека, які з’яўлецца чалавека, ад таго, хто страціў сваю годнасць перад тварам страху і невядомага.

Голас з Акадэміі:

Суб’ектыўнае і асабістае ўспрыманне свету мастаком з’яўляецца вельмі важнай асаблівасцю выяўленчага твора. Прыцягвае ўвагу фрагментарнае мысленне аўтара, якое рэалізуецца ў мазаічнай кампаноўцы дэкаратыўных фрагментаў на палатне. Чалавек на фоне чорнага прамакутніка (магчыма квадрата Малевіча) нагадвае баксёра, які б’ецца аб сцяну ці са сцяной. Гэта метафара на тэму спасціжэння існасці, сутнасці і сэнсу сучаснага мастацтва. Разам з тым чалавечак трактаваны як знак, неадушаўлёны вобраз, такі ж сімвалічны і неадназначны як само мастацтва, або каляровыя плямы на палатне, якія не заўжды маюць логіку або сэнс.

Алеся Раманюк