Карціна дня: “Легенда” Кацярыны Сумаравай

Сёння ў рубрыцы “Карціна дня”, дзе мы абмяркоўваем карціны сучасных беларускіх мастакоў, — Кацярына Сумарава і яе “Легенда”. Абмяркоўваюць палатно не аматар і не знаўца мастацтва, вядомы ў вузкіх колах дэгенератыўны паэт Андрэй Адамовіч і выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, мастацтвазнаўца Алеся Раманюк. Мы заклікаем вас далучацца. Давайце разам высветлім, што нам прапануюць на сняданак, абед і вячэру сучасныя мастакі. Прыходзьце ў каменты, пішыце, прапануйце працы для абмеркавання.

Кацярына Сумарава

Пра аўтара:

Кацярына Сумарава  нарадзілася ў 1979 годзе ў Міснку. У 2004 годзе скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. З 2007 года – сябра Саюза мастакоў. Працуе ў мастацкай школе №3 г. Мінска, і ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. З 2000 актыўна ўдзельнічае ў міжнародных пленэрах. Дыпламантка шматлікіх мастацкіх конкурсаў і акцый. Працы знаходзяцца ў музеях Беларусі, прыватных калекцыях у РБ і па-за яе межамі.

Кацярына Сумарава. Легенда, 80х120, палатно, алей, 2009.

Не пераймайцеся

Аднойчы я курыў на выхадзе з гіпермаркета. Побач курылі дзве жанчыны. Яны не саромеліся і размаўлялі даволі гучна. Відаць, таму, што пра мастацтва. Калі дакладней, адна жанчына вучыла другую, як правільна набываць карціны. Перш-наперш, палатно мусіць быць квадратным. Тут мне было надзіва цяжка ўстрымацца і не запытаць, чаму ж менавіта квадратным. Я б запытаў, але баяўся, што магу прапусціць яшчэ некалькі выказванняў, пасля якіх мой мастацкі густ зменіцца назаўсёды. Далей, вучыла мудрэйшая жанчына, кожны бок мусіць быць прыблізна з метр. Яшчэ важна, каб не было ніякага чырвонага колеру. І ў прынцыпе рэзкіх колераў. Залежыць, натуральна, ад таго, куды будзеш вешаць, але ў спальню лепш за ўсё, каб была ручаіна, што выцякае з далечыні і разгортваецца на пярэднім плане. Далей там было нецікава – пераказваліся звычайныя клішэ пра выбар “добрай” карціны.

Андрэй Адамовіч

Набор гэтых клішэ вельмі дзіўны. Скуль у нацыі, якая ледзь-ледзь перабралася з вёскі ў горад, цяга да бярозавых гаёў, палёў і рэчак, ды яшчэ і звышрэалістычна вымаляваных? Дзіцячыя ўспаміны? Рэпрадукцыі з часопісаў, што вешалі на сцены? Я б мог зразумець, калі б такія карціны вешалі на працоўных месцах Лонданскія трэйдары, але яны не маюць свайго густу – за іх вырашаюць галерэйшчыкі. Але чаму вяскоўца-беларуса цягне да гэтага аграрнага трэшу? Па логіцы ён бы мусіў набываць выявы індустрыяльных гігантаў, цэхаў з палаючым металамі і гэтак далей, і гэтак далей. Бо да іх жа ён імкнуўся як жаба на корч. Гэтая цяга да буколікі – сапраўдная загадка.

Можа, увесь гэты трэш мае нейкі тэрапеўтычны эфект? Але супакойвацца ім — гэта ўсё адно што лекаваць вавёрачку з дапамогаю spiritus vini. Што напраўду магло б тут дапамагчы, дык гэта такія палотны, як сённяшняе.

Зямля і Неба, выяўленыя тут, – тое, на што мы звяртаем ўвагу адразу пасля таго, як вывучаем абрысы матчынага твару. Мы вучымся адрозніваць святло і цемру, цвёрдае і вадкае. Зямля і Неба – аватары гэтай бінарнай апазіцыі. Менавіта яны і паказаныя на палатне. Неба – блакітнае, Зямля – тэракотавага колеру. Гэта выява, якая сядзіць дзесьці глыбока ў падсвядомасці кожнага. Таму нібыта бессюжэтная карціна выклікае столькі пытанняў і дае столькі адказаў.

Гэта малюнак прызначаны для таго, каб вісець насупраць вашага ложка ці працоўнага стала. Паглядаючы на яго, можна вяртацца ў дзяцінства, аналізаваць свае комплексы і страхі – проста адпачываць. Гэта выдатная праца. Праца, што дае вам адпачыць – глыбока, расслабіўшы цягліцы, да поўнай рэлаксацыі. Не ведаю, адчуваў мастак задавальненне або пакуты, калі наносіў фарбы на палатно. Але калі адпачываў, значыць, гэты настрой проста перадаецца нам, а калі пакутаваў – значыць, ён адпакутаваў і за нас, нам жа застаецца прайсці яго дарогаю і атрымаць той самы катарсіс, які атрымаў ён.

І не трасіцеся, калі ўбачыце бярозавы гай. Разнявольцеся, згадайце гэты блакіт і гэтую тэракоту. Удыхніце, выдыхніце. Столькі несправядлівасці ў свеце. Дрэннае мастацтва не вартае вашых перайманняў.

 

Голас з Акадэміі:

Для чалавека ХХІ стагоддзя зямля – гэта не ўраджайная глеба, а палігон для выпрабаванняў. Краявід без дамоў, людзей і тэхнікі – ці не міраж? Прастора, ачышчаная ад шматвяковых забруджванняў і наслаенняў, можа толькі сніцца. Праца Кацярыны Сумаравай падобная да лірычнага сну-трызнення пра ваду ў пустыні ці пра супакой у віры штодзённасці. Дамінантай абстрактнага палатна ёсць колер. Гэта асноўны сродак выразнасці ў жывапісе, а таксама ўмоўнае абазначэнне матэрыяльных і нематэрыяльных з’яваў прыроды. Можна меркаваць, што прыдуманы гэты твор на падставе “гатовых”— зафіксаваных загадзя краявідаў, а не малявання з натуры. У дадзеным выпадку ўдалая карціна не выпадковая – яна частка творчага эксперыменту, падчас якога мастачка стылізавала рэалістычныя выявы і надавала ім уласную эмацыянальную афарбоўку.

Алеся Раманюк