Карціна дня: “Нашыя не здаюцца” Зміцера Вішнёва

Сёння ў рубрыцы “Карціна дня”, дзе мы абмяркоўваем карціны сучасных беларускіх мастакоў, — Зміцер Вішнёў і яго “Нашыя не здаюцца”. Абмяркоўваюць палатно не аматар і не знаўца мастацтва, вядомы ў вузкіх колах дэгенератыўны паэт Андрэй Адамовіч і выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, мастацтвазнаўца Алеся Раманюк. Мы заклікаем вас далучацца. Давайце разам высветлім, што нам прапануюць на сняданак, абед і вячэру сучасныя мастакі. Прыходзьце ў каменты, пішыце, прапануйце працы для абмеркавання.

Зміцер Вішнёў

Пра аўтара:

Зміцер Вішнёў нарадзіўся ў 1973 годзе ў Дэбрацэне (Вугоршчына). Актыўна займаецца сінтэзам мастацтваў: літаратурай, жывапісам і перформансам. Аўтар сямі кніжак (паэзія, проза, крытыка). Асобныя літаратурныя творы перакладзеныя больш чым на дваццаць моваў. Карціны знаходзяцца ў прыватных калекцыях па ўсім свеце. У 90-я гады здзейсніў серыю скандальных перформансаў прысвечаных культу асобы. Удзельнік шматлікіх міжнародных фестываляў, выставаў і кангрэсаў.

Зміцер Вішнёў “Нашыя не здаюцца”, палатно, алей, 120х80, 2007

Мандавошкі і дыскурсіўны аналіз ранніх тэкстаў К’еркегора

Палатно гэтае цікавае тым, што мала знойдзецца ў беларускіх мастакоў палотнаў, так моцна прывязаных да серыі, у межах якой яны паўсталі. Нават не да серыі а да ўсёй творчай спадчыны аўтара – Змітра Вішнёва. Справа ў тым, што ён малюе мандавошак.
Першы раз мандавошак (маю на ўвазе персанажаў Змітра) я пабачыў у 2004 годзе на літаратурна-мастацкім пленэры ў вёсцы Ляўкі, што на Аршаншчыне. Пакуль шматлікія мастакі, што былі там, ад самага золку пачыналі маляваць сонечныя промні ў блакітнай вадзе возера Дзевіна, а літаратары ляніва пахмяляцца пасля ўчорашняга, Зміцер з упартасцю, вартай лепшага прымянення, маляваў мандавошак. Мінула ўжо сем гадоў, таму ўспаміны прытупіліся, але мне здаецца, што Зміцер намаляваў там “Мандавошак на Сатурне”, “Мандавошак і філасофскі дыскурс” і яшчэ некалькі тузінаў палотнаў пра прыгоды мандавошак. Адзінае што не змясціў іх у, так бы мовіць, натуральнае для іх асяроддзе.

Андрэй Адамовіч

Тады з творчага крэда Змітра смяяліся ўсе. Помню, адна з літаратарак таксама намалявала “Мандавошак” і падсунула палатно арганізатарам пленэра. Тыя заляпілі на карціну цэтлік “Зміцер Вішнёў. Мандавошкі” і змясцілі ў экспазіцыю, прысвечаную вынікам пленэру. Пасля адкрыцця выставы, пакуль усе ляніва выпівалі ў падсобным пакойчыку, я зайшоў у выставачную залу і палатно гэтае скраў. Таму адчуваю нейкую кармічную сувязь з мандавошкамі.
Тады, у 2004 годзе, ніхто і падумаць не мог, што праз сем гадоў Зміцер усё яшчэ будзе маляваць сваіх інсектаў. Але ён не здаўся. Не мне разважаць пра тэхніку мастака, але здаецца, што маляваць мандавошак сп. Вішнёў навучыўся.
У прынцыпе, усю гэтую перадгісторыю ведаць неабавязкова. Дастаткова паглядзець на карціну, прачытаць назву – і ўсё зразумець. На палатне проста перад намі нейкія пачварныя істоты, што з дзікаю натугаю крычаць. Мастак вырашыў для сябе, што ён не здасца, ніколі, ні пры якіх абставінах – мандавошкі будуць паўставаць адна за адною, цэлымі батальёнамі, легіёнамі і палкамі. Пра гэта ён чарговы раз нагадвае нам назваю “Нашыя не здаюцца”. Гэтай творчай напругі і зацятасці баяцца ўжо і самі мандавошкі – з вылупленымі вачыма і разяўленымі пашчамі яны крычаць, не жадаючы прыходзіць у гэты свет. Яны баяцца ўзнікаць з нябыту, а ўбачыўшы, што сталі ў бясконцыя шэрагі – крычаць. Так, што лопаюцца вочы. Яны крычаць так, як крычыць мікрахвалёўка – на нячутных хвалях, але так магутна, што закіпае вада і варыцца мяса. Вось і мандавошкі зараз звараць адна адну і ўсіх гледачоў.
Гэтае палатно – разважанне пра мастака, мастацтва і творчы пошук. Нават малюючы адных толькі мандавошак, можна дагрукацца да выбітных творчых знаходак. А можна не дагрукацца. Але давесці публіку да атупення і немага крыку адчаю ад зацятасці мастака, ад яго самазахаплення – можна. Прычым лёгка. У Змітра Вішёва атрымалася давесці не толькі публіку, але і ўласных герояў.
Мастак пытае нас, колькі мы будзем гэта трываць, колькі гэта будуць трываць ягоныя героі? Колькі яшчэ нам спатрэбіцца часу, каб выкараніць мандавошак па ўсім свеце, як выкаранілі воспу?
Вось пра гэта і хацеў запытаць у нас Зміцер Вішнёў.

 

Голас з Акадэміі:

Пра сродкі сучаснага мастацтва ў адным з інтэрв’ю патлумачыў Петэр Вайбэль (нямецкі мастак і тэарэтык медыямастацтва): “Раней мастацтва рабіла рэпрэзентацыю прадметнага свету, напрыклад, раней малявалі цела, а пасля яно само стала дзеяннем”. Схільнасць да сюррэалістычнага бачання, беларускамоўнасць твораў і прыхільнасць да алейнага жывапісу робіць Змітра Вішнёва антымодным мастаком на прасторах беларускіх галерэй. Калі абстрагавацца ад значэння каранёў гэтага слова, то ўлюбёныя мандавошкі, якія з’яўляюцца зноў і зноў на палотнах, – для мяне ілюстрацыя нашага ўсеагульнага ментальнага, палітычнага, псіхалагічнага затрымлівання на пэўным узроўні развіцця. А паўтарэнне аўтарам самога сябе ўвасабляюць тую напорыстасць і ўпартасць абаронцаў гэтага застою, з якой “нашыя не здаюцца”. І хаця будзе правільна сцвярджаць, што з’явы і працэсы, якія мы можам прааналізаваць з дапамогай твора, маюць вельмі прыватны, індывідуальны характар, крыніцай натхнення стаў асяродак, у якім мы ўсе жывем на аднолькавых з аўтарам умовах. Важнай акалічнасцю з’яўляецца тое, што Зміцер Вішнёў, акрамя таго што мастак, яшчэ і літаратар, а значыць, у адрозненне ад многіх творцаў, здольны не толькі да візуальнай экспрэсіі, але і да вербалізацыі тых пачуццяў, ідэй, вобразаў, якія насяляюць галаву мастака нароўні з мандавошкамі, таракашкамі і іншымі букашкамі. Тут без каментара спадара Андрэя, абазнанага ў беларускай літаратуры, не абысціся.

Алеся Раманюк