Сёння ў рубрыцы “Карціна дня”, дзе мы абмяркоўваем карціны сучасных беларускіх мастакоў, — Андрэй Скіцёў і яго “Вішні”. Абмяркоўваюць палатно не аматар і не знаўца мастацтва, вядомы ў вузкіх колах дэгенератыўны паэт Андрэй Адамовіч і выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, мастацтвазнаўца Алеся Раманюк. Мы заклікаем вас далучацца. Давайце разам высветлім, што нам прапануюць на сняданак, абед і вячэру сучасныя мастакі. Прыходзьце ў каменты, пішыце, прапануйце працы для абмеркавання.
Пра аўтара:
Андрэй Скіцёў нарадзіўся ў 1968 годзе ў Новасібірску. У 1994 скончыў Беларускую акадэмію мастацтваў (аддзяленне манументальна-дэкаратыўнага мастацтва). Сябра Беларускага саюза мастакоў з 2005 года. У мастака прайшло сем персанальных выставаў.
Журбіны ў цукры
Калі верыць Фасмеру, беларускае слова “рука” ўзыходзіць да праславянскага *rǫka і непасрэдна звязаная з літоўскімі renkù, rinkaũ, riñkti – “збіраць”. Такім чынам рука – гэта тое, чым збіраюць. Дастаткова нечаканая этымалогія для сучаснага чалавека. Праз доўгія развагі можна, натуральна, здагадацца, але для нас было б больш натуральна, каб слова гэтае мела паходжанне ад кораня з іншай семантыкай. Хаця б “рабіць”, або “паціскаць”, або “біць”, або “гаварыць”, калі вы ведаеце мову глуханямых.
Лічыцца, што словы, якія абазначаюць часткі цела, – найбольш старажытны пласт лексікі ў любой мове. Таму і корань слова “рука” недвухсэнсоўна намякае нам на тое, чым займаліся нашыя продкі, скажам так, на працы. Адначасова гэта дэманструе нам, як змянілася жыццё чалавека за апошнія некалькі тысячаў гадоў. Пра гэта ж гаворыць з намі і карціна сп. Скіцёва.
Хаця тут сярод разнастайных дзеянняў пальцаў і далоні можна прачытаць нейкі “збор” (такі сабе нечаканы інсайт), але гэта, безумоўна, не галоўнае. Аўтар адсылае нас да больш старажытных значэнняў слова “рука”. Тут вядзецца пра жэсты, мова якіх вядомая нават прыматам дый наогул большасці жывёлаў, нават тым, у якіх рук як такіх няма. То бок мастак гаворыць з намі на сваёй мастацкай мове непасрэдна пра найстаражытнейшыя веды. Пра тое, што знаёмае чалавеку ўжо ў калысцы.
Сп. Скіцёў паказвае нам штосьці, што мусіць зачапіць любога, незалежна ад яго полу, узросту, сацыяльнага статусу. Калі ж выйсці ў больш шырокі кантэкст, зірнуць на іншыя працы мастака, стане зразумела, што гэта невыпадковы для яго мэсідж. Ён вяртаецца да тэмы ўсеагульнага ўвесь час.
Аднак як і наогул у творчасці, так і тут тэма гэтая падаецца аднабакова. Часцей за ўсё вядзецца пра замілаванне, эстэтыку хай сабе і вельмі аўтарскага, але мімішнага. Не ведаю, выкліканае гэта жаданнем прадаваць працы альбо глыбокай аўтарскай устаноўкай, аднак здаецца, што на гэтай працы не хапае драматызму. Кампазіцыя з рук – выдатны прыклад метафары, у якой можна адлюстраваць наколькі заўгодна складаны канфлікт, але аўтар абмяжоўваецца павярхоўным сюжэтам, нечым, што глядзіцца “роўненька”. Алюзія на вядомую фрэску Мікеланджэла, глядзіцца глыбакадумна, але калі гэтую глыбакадумнасць раскласці па слоўнікавых артыкулах, то пабачым, што канфлікт і драматызм не нараджаюцца. Пры жаданні тут можна ўбачыць і алюзіі на “Дзяўчынку з персікамі”, і на іншыя палотны, бо колькі ёсць класічных палотнаў і статуй – столькі ёсць рук, і нават іх адсутнасць можа быць згадкаю якой-небудзь статуі. Але ад простага нагрувашчвання алюзій канфлікт не нараджаецца. Сумулька і журбінка.
|
|