Яўхім Карскі: Называў беларускую мову дыялектам расійскай, але даказваў і даказаў яе самастойнасць

29.04.2021 Гісторыя

Яўхім Карскі — пачынальнік беларускага мовазнаўства, стваральнік грунтоўнай працы «Беларусы», навуковец, даследчык і акадэмік. У 90-ю гадавіну з дня смерці прафесара budzma.by ўспамінае жыццё Яўхіма Фёдаравіча Карскага.

1) Яўхім Карскі. 1890 г..jpg

Яўхім Карскі. Фота 1890 г.

Чаму Карскі, а не Навіцкі?

Яўхім Карскі нарадзіўся 1 студзеня 1861 года ў вёсцы Лаша (сёння Гродзенскі раён) у збяднелай шляхецкай сям’і. Як згадваў сам Карскі, «ад сялянаў нас адрознівала толькі адзенне». Фёдар Навіцкі, бацька будучага навукоўца, працаваў настаўнікам у мясцовай школе і служыў дзячком у царкве. Маці паходзіла з сям’і Карскіх. На момант нараджэння Яўхіма бацькі афіцыйна не заключылі шлюб, звязана гэта было з тым, што Фёдар Навіцкі яшчэ не дасягнуў 18 гадоў. На той момант гэта быў мінімальны ўзрост мужчыны для ўступлення ў шлюб. Таму ў царкоўных метрыках дзіця запісалі пад прозвішчам маці.

Ад Ятры да Варшавы

Сваю першую адукацыю Яўхім Карскі атрымаў у вёсцы Ятра, што на Навагрудчыне. Туды ў мясцовую царкву накіравалі служыць бацьку Фёдара. Наступным крокам была Мінская духоўная вучэльня, куды ў 1871 годзе пад прозвішчам Навіцкі паступіў Яўхім па парадзе бацькі. Пасля яе — Мінская духоўная семінарыя. Там ён адвучыўся дзесяць гадоў і атрымаў сярэднюю адукацыю.

Вялікі ўплыў на Яўхіма зрабіў яго дзядзька, які быў этнографам. Яшчэ ў дзяцінстве Карскі зацікавіўся паходжаннем беларусаў, іх мовай і этнаграфіяй. Таму пасля заканчэння семінарыі Карскі накіраваўся ў Нежынскі гісторыка-філалагічны інстытут, дзе пад кіраўніцтвам прафесара Р. Ф. Бранта напісаў сваю першую працу. Яна была прысвечаная гукавому ладу і марфалогіі беларускай мовы — «Обзор звуков и форм белорусской речи».

Першыя прафесійныя гады прайшлі ў Вільні. Там у 2-й Віленскай гімназіі Карскі выкладаў рускую мову і літаратуру, а таксама царкоўнаславянскую мову. У 1893 годзе Яўхім абараніў першую ў гісторыі дысертацыю па беларускім мовазнаўстве і атрымаў навуковую ступень магістра рускай мовы і славеснасці. У снежні 1893 года накіраваўся ў Варшаўскі ўніверсітэт, дзе за некалькі гадоў зрабіў добрую прафесійную кар’еру і ў 1905 годзе ўзначаліў навучальную ўстанову на пасадзе рэктара. Пераабіраўся рэктарам у 1908 годзе, але праз два гады сышоў з гэтай пасады.

Акрамя навуковай дзейнасці Яўхім Фёдаравіч быў галоўным рэдактарам часопіса «Русский филологический вестник». Два гады, 1915–1917, выкладаў у Растоўскім універсітэце. У 1916 годзе яго абралі членам Акадэміі навук, а ў 1917-м ён стаў прафесарам Петраградскага ўніверсітэта.

Трохтомнік нацыі

Яшчэ ўлетку 1903 года Карскі распачаў навуковую экспедыцыю па Беларусі з мэтай акрэслення этнаграфічнай мяжы беларускай народнасці і мовы, а таксама вылучэння характэрных рысаў беларускага маўлення ў зоне памежжа з польскімі і украінскімі гаворкамі. Вынікам гэтай экспедыцыі стала выданне першага тома фундаментальнай працы «Беларусы», якое пазней пачалі называць «энцыклапедыяй беларусазнаўства».

Першы том «Увядзенне ў вывучэнне мовы і народнага маўлення» змяшчае этнаграфічную мапу беларускага племені, пры складанні якой выключнай прыкметай адмежавання беларусаў ад іншых народаў была мова. Пры складанні гэтай мапы Карскі даследаваў моўныя асаблівасці жыхароў 114 населеных пунктаў, матэрыялы фальклорных твораў і навуковых прац.

2) Белорусы.jpg

Першы том працы «Беларусы»

Арышт прафесара

У 1917 годзе Карскі пераязджае ў Мінск, дзе актыўна працуе да 1920 года. У снежні 1917-га ён стаў адным з удзельнікаў І Усебеларускага з’езда, дзе быў абраны ганаровым старшынёй. У 1919 годзе Яўхім Фёдаравіч перавёз з Варшавы ў Мінск сваю асабістую бібліятэку, якую пазней перадаў Беларускаму дзяржаўнаму ўніверсітэту. Яго бібліятэка налічвала каля 4 тысяч прац па этнаграфіі і славяназнаўстве рускіх, беларускіх, польскіх, сербскіх, чэшскіх, французскіх, славацкіх навукоўцаў. Сёння гэта часткова асобная калекцыя ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

У 1918 годзе пачаў працаваць настаўнікам на Мінскіх беларускіх настаўніцкіх курсах, якія на той момант узначальваў Язэп Лёсік. Пазней курсы былі ператвораныя ў Мінскі беларускі педагагічны інстытут, прафесарам якога стаў Карскі. Але ўжо ў траўні 1919 года Народным камісарыятам асветы Літоўска-Беларускай ССР Яўхім Фёдаравіч быў зняты з пасады прафесара і арыштаваны надзвычайнай камісіяй ЧК.

3) Яўхім Карскі з сям'ёй.png

Яўхім Карскі з сям’ёй

Найвышэйшае дасягненне еўрапейскай славістыкі

Арышт быў нядоўгі, даволі хутка Карскага вызваляюць, і ён займае пасаду старшыні арганізацыйнай камісіі па адкрыцці ў Мінску Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і паралельна працуе над распрацоўкай статута Інбелкульта. У савецкія часы лёс вядомага навукоўца складаўся цяжка. Нягледзячы на гэта, у 1922 годзе ён заканчвае сваю галоўную працу «Беларусы». Гэты трохтомнік лічыцца найвышэйшым дасягненнем еўрапейскай славістыкі канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, своеасаблівай энцыклапедыяй жыцця беларускага народа. У 1925 годзе Карскі стаў членам-карэспандэнтам Акадэміі навук ССР, а ў 1929 годзе — Чэшскай акадэміі навук. Памёр Яўхім Фёдаравіч Карскі 29 красавіка 1931 года ў Ленінградзе, дзе і пахаваны на Смаленскіх праваслаўных могілках.

4) Мапа Беларускіх говараў.jpg

Этнаграфічная мапа Беларусі, створаная Яўхімам Карскім


Антон Шаранкевіч, budzma.by