Пісьменнік Алесь Кіркевіч прыгадвае на budzma.by гучныя надзвычайныя здарэнні, якія адбываліся на сыходзе савецкай эпохі.
Ці не кожны тыдзень у навінах пажары, адключэнне святла, руйнаванне дарог, патопы і г. д. Для адных гэта «божая рука», «знак», «адплата»... Для іншых — ледзь не заходнія дыверсіі з космасу. А нехта параўноўвае іх з катастрофамі ў СССР у 1980-я.
Маё пакаленне тых катастрофаў не памятае. Хіба Чарнобыль. Здаецца, што можа быць больш магутным і вітрынным, чым АЭС? Але паводле рассакрэчаных зводак КДБ з будаўніцтва рэактара, усё рабілася абы-як. Не так лілі бетон, капалі катлаваны, клалі арматуру. Не кралі, а проста рабілі няякасна. І нават такая магутная структура, як КДБ, не магла з гэтым нічога зрабіць.
Горад Прыпяць да аварыі на ЧАЭС
З аднаго боку, энкргетык-атамшчык — элітная прафесія. У пасёлку Прыпяць хацеў жыць кожны «не масквіч», бо тут і жытло, і садкі, і школы, і парк адпачынку, і крамы, дзе ўсё ёсць. Мара савецкага чалавека. З іншага боку — чалавечы фактар, які праявіў сябе яшчэ падчас будоўлі, пазней — на этапе эксплуатацыі. Аварыя — вынік халатнасці і самаўпэўненасці.
Але кейс Чарнобыля — толькі пік тэхнагенных катастрофаў, які засланіў усе астатнія.
Цягнікі, цеплаходы, газ, гексаген, траціл...
Пад Уфой у 1989-м абдылося нешта неверагоднае нават для кінасюжэта. Ехалі два пасажырскія цягнікі, «Новасібірск—Адлер» і «Адлер—Новасібірск». Калі саставы параўняліся, адбыўся магутны выбух. За лічаныя секунды каля 600 чалавек загінула, яшчэ столькі ж засталіся цяжкімі інвалідамі на ўсё жыццё. Цягнікі ператварыліся ў горы пакарабачанага металу.
Аказалася, побач праходзіў газаправод. Дакладней, былы нафтаправод, які перарабілі ў газаправод, не ўлічыўшы, што нафта і газ — трохі розныя субстанцыі. У дадатак падчас рамонту пашкодзілі трубу каўшом... Утварылася шчыліна: доўгі час нябачны газ збіраўся ў нізінцы каля чыгуначнага насыпу, нікому не замінаў. Стаяў хмарай. Іскра, якая вылецела з-пад колаў цягніка, справакавала выбух...
Жахлівая чыгуначная катастрофа пад Уфой
За два гады да гэтага, у 1987-м, была аварыя на станцыі Каменская пад Растовам. Грузавы цягнік страціў кіраванне і літаральна ўляцеў на станцыю, змятаючы ўсё на сваім шляху. Урэшце сутыкнуўся з пасажырскім цягніком... Загінула 107 чалавек, яшчэ больш атрымала раненні. Цягнікі аднаўленню не падлягалі.
Увосень 1988-га на станцыі пад Свярдлоўскам адбыўся апакаліптычны выбух: дыяметр варонкі склаў 40 на 60 м, глыбіня — 8 м. Ударная хваля сягала 10-15 км. Сотні навакольных будынкаў давялося проста знесці... Праз памылку дыспетчара састаў, гружаны гексагенам і трацілам, сутыкнуўся з вугальным вагонам, знёс слуп і абарваў элетрыку, што справакавала выбух. Калёсныя пары пасля выбуху знаходзілі за некалькі кіламетраў ад месца катастрофы.
А вось іншае: ў 1983-м круізны цеплаход «Сувораў» плыў па Волзе. Меўся прайсці пад мастом, але пераблытаў пралёт: зайшоў на поўнай хадзе ў больш нізкі. Канструкцыя моста зрэзала ўсе высокія надбудовы на цеплаходзе разам з адпачывальнікамі. У тым ліку кінатэатр: людзі, якія глядзелі фільм, нават не зразумелі, што адбылося... Аказалася, старшы памочнік капітана «занимался в рулевой рубке чтением художественной литературы». 170 чалавек загінула.
цеплаход «Сувораў»
Яшчэ адна трагедыя — цеплаход «Нахімаў». Судна было старое (трафейнае нямецкае), але выкарыстоўвалася. У 1986-м цеплаход сутыкнуўся з сухагрузам: утварылася прабоіна. Частка людзей нават з кают не паспела выйсці, карабель хіліўся на бок. Другі памочнік капітана, які кіраваў «Нахімавым» падчас крушэння, спусціўся ў каюту і затануў. «Нахімаў» пайшоў на дно за 8 хвілін, загінула 423 чалавекі, целы 64-х не змаглі падняць.
«Камусці было выгадна...»
1986, 1987, 1988, 1989... амаль кожны месяц у Савецкім Саюзе здаралася нешта жахлівае, з рознымі маштабамі і колькасцю ахвяраў. Надышла эпоха галоснасці, таму кожны інцыдэнт выходзіў вонкі, як бы некаму таго ні не хацелася. Зразумела, аварыі былі і раней. Але і перыядычнасць, і мера публічнасці былі іншымі. Так з’явіўся сам тэрмін — катастрофы канца СССР.
Лагічна патлумачыць такую чаргу тэхнагенных катастрофаў цяжка. Выніклі найперш канспіралагічныя версіі. Маўляў, шкоднікі-дыверсанты рабілі паскудствы Саюзу або Штаты карысталіся нейкай суперсакрэтнай зброяй: ад касмічнай ды віруснай.
Да стварэння такога міфа ў 90-я спрычыніліся... самі амерыканцы. Напрыклад, публіцысты пусцілі «мульку», што ў 1982-м ЦРУ праз завербаванага палкоўніка Ветрава арганізавала выбух на нафтаправодзе ў Сібіры. Тэма абсмоктвалася ў прэсе, пра гэта пісалі кнігі. Ніякай крытыкі дадзеная гісторыя не вытрымлівае. Ды і сам выбух ні ў якіх адкрытых крыніцах не прасочваецца.
«Чырвоны світанак» 1980-х. Мінулае, якое стала будучыняй
Больш за тое, пры ўсім напружанні «халоднай вайны», амерыканцы як агню баяліся эскалацыі і хаосу ў СССР: галоўным пытаннем было тое, каму дастанецца ядзерны чамаданчык і як яго выкарыстаюць. Таму санкцыі, ідэалагічны і палітычны ціск мелі месца, а вось прамыя дыверсіі — зусім іншая справа.
Версію пра «амерыканскі след» падхапілі ўжо ў Расіі 2000-х, яна аказалася да месца. Напрыклад, чыгуначную катастрофу пад Арзамасам у 1988-м (загінуў 91 чалавек) першасна расследавалі як дыверсію, але доказаў не знайшлі. Гэта не перашкодзіла губернатару Ніжагародскай вобласці ў 2001–2005 гадах Ходыраву заявіць наступнае:
«Камусьці было выгадна сфармаваць у насельніцтва краіны упэўненасць у няздольнасці тагачаснай улады кіраваць дзяржавай, забяспечваць бяспеку грамадзянаў. Патануў цеплаход "Нахімаў", выбухнула Чарнобыльская АЭС, выбух у Арзамасе. Праз год, роўна дзень у дзень, — такі ж выбух у Свярдлоўску. І нідзе не знайшлі вінаватых».
Сантэхнік праз пяць гадоў і касцюм Райкіна
Аб’ектыўна СССР заўсёды быў крутой тэхналагічнай дзяржавай у плане глабальных праектаў і «абаронкі». Першая Обнінская АЭС паўстала яшчэ за Сталіным, а праз 30 гадоў Саюз быў вядучай ядзернай дзяржавай. СССР першым запусціў чалавека ў космас. Засваенне Арктыкі, ядзерныя падлодкі, бясконцыя ракетныя шахты... Штучны прадукт у дзяржаве атрымліваўся высакакласны: былі харошыя навукоўцы і бюджэтныя грошы.
Але ў плане грамадзянскага жыцця Саюз быў іншы. Чэргі, дэфіцыты, дзверы, якія не зачыняюцца, і форткі, якія не адчыняюцца. Рэйган любіў расказваць анекдоты пра жыццё ў СССР: як пра таго няўдаху, якому паабяцалі выдаць аўто праз пяць гадоў, а той адмовіўся, бо ў гэты дзень да яго меў прыйсці сантэхнік... Або сцэнка Райкіна пра крыва пашыты касцюм: кожны майстар рабіў сваё правільна (прышываў рукавы, кішэні), але разам — крыва і коса.
Больш за тое, сістэма паступова страчвала зарад якасці. Пасля вайны праца была подзвігам, аднаўленнем. Тэхналагічныя рэчы — удзелам штучных спяцоў. Пасля разлік пайшоў на масавасць, сталінскі страх знік, «застой» спарадзіў абыякавасць. Таму менавіта першы памочнік цеплахода «Сувораў» мог чытаць у рулявой рубцы мастацкую літаратуру...
цеплаход «Сувораў»
Можна пабудаваць крутыя ракеты, падлодкі, запусціць чалавека ў космас, але ўсё ўпіраецца ў чалавека. Культуру працы дыктуе матывацыя. Як ні дзіўна, кажучы па-марксісцку, чалавек у СССР быў нашмат больш «адчужаны ад сродкаў вытворчасці», чым у ФРГ ці ЗША.
Там нават нізкакваліфікаваны рабочы мог разлічваць на годную пенсію, жытло і спакойную старасць: яму не было патрэбы красці з працы лямпачкі ды цвікі. У СССР жа нават высокапастаўлены чыноўнік ці круты інжынер быў усяго толькі вінцікам з няпэўным лёсам. Дадамо таксама бюракратызм, тэмпы «хутчэй-хутчэй», адсутнасць прыватнай уласнасці.
P. S.
Дзякуй Богу, аварыі ў Беларусі не дасягаюць маштабаў і трагізму вышэйапісаных сітуацыяў. Мінулагоднія праблемы з вадой у Мінску ці аварыя на ДРЭС зусім нядаўна — гэта не катастрофы з сотнямі ахвяраў. Але да пэўных паралеляў, мабыць, варта прыгледзецца — і задумацца.
У іншым выпадку колькасць памылак, назапашаных у сістэме, можа перайсці ў якасць. Тады ж нават малаверагодныя сітуацыі з трагічнымі фіналамі будуць, на жаль, большаць.
Алесь Кіркевіч, budzma.by