Выйшаў новы выпуск гістарычнага серыяла «Сармат», прысвечанага шляхецкай культуры ў розных яе аспектах: як жылі, за што жылі, пра што думалі і марылі нашы продкі-шляхцічы.
Чаму каву напачатку лічылі “брыдкім напоем”, які труціць чалавека? Да чаго тут туркі? Хто такі Юры Кульчыцкі? Калі ў Беларусі з’явіліся першыя “кафенхаўзы”? Як Адам Міцкевіч стварыў культ кавы праз “Пана Тадэвуша”? Які напой прыйшоў на змену пасля падзелаў Рэчы Паспалітай?
Кава — шляхецкі і шляхетны напой, праўда ж? Але не адразу так было. «Напой, такі брыдкі, як атрута і яд, што ніякай сліны не прапусціць праз зубы, няхай жа ён хрысціянскія не плюгавіць губы!» — пісаў вялікі падскарбі каронны Ян Морштын. Вацлаў Патоцкі ў паэме «Хоцімская вайна» пісаў, што кава труціць чалавека. Каву называлі «напоем скапцоў»... ды і ў прынцыпе — гэта ж нешта турэцкае, чорнае, незразумелае. А туркі — яны ж нехрысці, гарэлкі і віна не п’юць, што ад іх добрага чакаць?..
Вядоўца Васіль Калач распавядае пра каву. Як яна да нас трапіла, чаму і калі? Як недавер змяніўся на сапраўдную любоў, а кава — сталася абавязковым элементам нашага культурнага коду?
Радзіма кавы
Радзімай кававага дрэва лічаць правінцыю Кава ў Эфіопіі. Адтуль яна перакачавала на Аравійскую паўвыспу. Папулярны гатунак кавы «Мока» атрымаў назву ад порта на Чырвоным моры Аль-Моха. Іслам, вядома, забараняе алкаголь, таму кава хутка стала мегапашыранай. Але кавярні перыядычна забаранялі. Чаму? Бо за кавай людзі размаўлялі пра палітыку... Ну а гэта ў вачах султана магло быць небяспечным.
Прыгожая легенда, як кава трапіла ў Рэч Паспалітую
Паводле прыгожай легенды, Рэч Паспалітая ды і ўся Еўропа пазнаёміліся з кавай пасля перамогі пад Венай у верасні 1683 года. У абозе туркаў знайшлі ажно 500 мяхоў з зернем, яшчэ не пражаным. Нейкі баварац сказаў, што гэта для вярблюдаў. Спрабавалі карміць коней — не ядуць. Дый выкінуць да чорта ў Дунай... «Стоп-стоп-стоп!» — за каву заступіўся шляхціц Юры Кульчыцкі з Львова. Ён як шпіён і дыпламат меў справы з туркамі і ведаў кошт кавы. Яму гэтыя мяхі і аддалі, а хітры Кульчыцкі заснаваў першую ў Вене кавярню.
Легенда рамантычная і цікавая. Бо нельга было проста ўзяць ад туркаў звычай ды пераняць сабе. Туркі ж чараўнікі, ворагі, што для іх добра, нам — смерць (недарма ад кавы баліць галава...). Але тут кава — гэта трафей. То-бок нешта заваяванае, а значыць — нібы «ачышчанае», на што маем права! Ну і — пачалося...
Як насамрэч кава трапіла ў Еўропу
Насамрэч працэс інтэграцыі кавы ў еўрапейскую прастору пачаўся раней. Пункт адліку — турэцкае пасольства 1669 года ў Парыжы, калі пасол Сулейман Мустафа Рача частаваў гасцей кавай. Палітычна пасольства не мела поспеху, а вось для кавы — гэта была найлепшая прэзентацыя. Зусім хутка ў Францыі пачнуць пісаць, што кава дапамагае «ад мазгавых недамаганняў у выніку холаду і вільгаці». Сам напой будуць прадаваць на вуліцы армяне, апранутыя па-турэцку.
Паходжанне слова і мода на каву
«Кава» ад турэцкага «кахфа». Турэцкае паходжанне маюць «філіжанка», «імбрык» і, канешне, «джэзва».
Але сама мода на каву ў нас прыйшла ў XVIII ст. ад немцаў — праз Каралявец (Кёнігсберг) ды Гданьск. Ад пачатку гэта элітарны напой, які каштуе нямала. Напрыклад, Радзівілам на Каляды 1780 года ў Нясвіж завезлі не толькі 300 бутэлек рэйнскага, 200 бургундскага і 1500 шампанскага, але і 800 фунтаў (300 кг) кавы. Ну і, канешне, найлепшы канарскі цукар.
У добрых дамах каву пілі не толькі зранку, але і пасля абеду ці вячэры. Каву прапаноўвалі гасцям, спажывалі самі: за газеткай ці кнігай, у салоне ці ў садзе. Выпіць кавы — добры допінг на познія пасядзелкі ці танцы. Для мужчын — альтэрнатыва алкаголю: калі просіш кавы, табе не могуць адмовіць і не пояць супраць волі.
Енджэй Кітовіч пісаў, што акурат кава ратавала шмат якіх мужыкоў ад гарэлкі, якая «нішчыць здароўе і розум».
Першыя кавярні
А што там мяшчане і сяляне?..
У XVIII ст. у нас з’яўляюцца першыя «кафенхаўзы» — публічныя месцы для піцця і размоваў, кавярні. Лічыцца, што першы kafenhauz паўстаў у Слоніме ў 1765-м, далей Гародня, Наваградак, Паставы ды інш.
Гарадзенскі стараста Антоні Тызенгаўз падтрымліваў гэтую культуру як маркер еўрапейскасці. За 3 медзяныя грошы можна было выпіць чорнай кавы, па-турэцку і без дадаткаў. За 6 — ужо з нейкімі вяршкамі ці слодычам.
Кава для незаможнай публікі
Менш заможная публіка глядзела і зайздросціла: а мы?..
Таму кампенсавалі: варылі сабе чорнае варыва з цыкорыю, жалудоў, нейкага зерня ці пражанага гароху. Абы мутнае і духмянае!
Быў яшчэ спосаб мяшаць нармальную каву з рознымі дадаткамі... Калі няма з чым параўноўваць, то чаму б і не? Быў і практычны момант — п’еш каву — менш ясі — а зарад бадзёрасці на ўвесь дзень.
Кава і вайскоўцы
Любілі каву і вайскоўцы. Тадэвуш Касцюшка быў адным з ініцыятараў адкрыцця ў Варшаве ў 1794 годзе «Дому кавы, або Казіно» для афіцэраў і не толькі.
А Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, пра якога ў нас акурат была серыя (які не любіў Касцюшку), як той султан, тут убачыў экстрэмізм: маўляў, будуць піць каву і — размаўляць пра палітыку — дык гэта ж якабінцы! О як!
Адам Міцкевіч і гімн каве
Сапраўдны гімн каве мы бачым у Адама Міцкевіча ў «Пане Тадэвушы». Гэта пра кававы феномен у шляхецкіх сядзібах на прыкладзе двара Сапліцаў.
Аўтар апісвае каву, чорную як вугаль, празрыстую як бурштын, вязкую як мёд, якая пахне «мокай»... А таксама пра «кавярку» — адмысловую жанчыну, якая на шляхецкім двары займаецца толькі і выключна кавай. Зараз бы сказалі «барыста», але па-нашаму — «кавярка».
Першае — яна мае набыць зерне, якое на віцінах вязуць па Нёмне з Караляўца. Далей — пражыць зерне, а для гэтага ў маёнтках былі спецыяльныя металічныя печкі (цётачка павінна было ведаць, як не перасмаліць, каб зерне не было сырое, каб усё атрымалася). Далей — памалоць: былі ж млынкі з ручкамі, вядомыя яшчэ пакаленню нашых бацькоў. Пасля трэба зварыць, не ў турцы ці джэзве, а ў спецыяльным імбрычку. Ну і падача на стол, тут наогул рытуал: столікі, сервізы, уся гэтая пазалочаная парцаляна, дадаткі, лыжачкі для цукру, вяршкі...
Міцкевіч пасля сумаваў па гэтых звычаях і рытуалах, пішучы: «Няма такой як наша кава ў іншым краі...» Будучы ў Маскве, пісаў, што тут не здабыць добрага віна ды кавы — хто б сумняваўся.
Дарэчы, каваман Міцкевіч сам каву не заварваў: яму заварвалі і падавалі — гэта таксама рытуал.
Пра пах кавы ў бацькоўскім доме ўзгадваў шмат хто з народжаных у позняй Рэчы Паспалітай: Сыракомля ці Фадзей Булгарын (яго сям’я дык варыла каву нават у лесе, падчас Паўстання Касцюшкі!). Але свет незваротна змяняўся...
Кава стала ўспамінам пра лепшыя часы
На пачатку XIX ст. Ігнат Ходзька пісаў: «Цяпер не ўмеюць ужо гатаваць добрай кавы... Не ведаюць шмат сакрэтаў дзеля гэтага патрэбных...» Кава стала не толькі напоем, але і ўспамінам пра часы, калі мы мелі сваю дзяржаву. Для эмігрантаў — успамінам пра радзіму і бацькоўскі дом.
Іншы культурны полюс — гэта чай, які пілі расійскія чыноўнікі, папы, купцы. Былі нават анекдоты пра мясцовых людзей, якія хацелі інтэгравацца ў расійшчыну: купіў самавар ды... не ведаў, што з ім рабіць.
Канешне, кава нікуды не знікла. Стала напоем моладзі, студэнтаў або гаспадыняў, якія хадзілі з гасцей у госці, каб паўсюдна выпіць дармовую філіжанку.
Але ...вось узяўся б хто ды паспрабаваў аднавіць, хаця б па апісаннях, тыя старыя рэцэпты з літаратурнай спадчыны Міцкевіча, Сыракомлі, Булгарына — была б годная і смачная справа! Як думаеце?..
Папярэднія выпускі праекта "Сармат" глядзіце па спасылцы.