Часам Лышчынскага параўноўваюць з Джардана Бруна, але наш суайчыннік, мабыць, пайшоў далей у сваіх філасофскіх разважаннях адносна бога. З нагоды гадавіны нараджэння 4 сакавіка аднаго з найгучнейшых філосафаў нашай старажытнасці «Будзьма!» успамінае жыццё Казіміра Лышчынскага і трагічныя падзеі, праз якія мы цяпер ведаем пра ягоны трактат.
Вайсковец, манах і прарэктар
Гісторыя Казіміра Лышчынскага выглядае неверагоднай для нашых зямель, дзе, у адрозненне ад краінаў Заходняй Еўропы, так не панавала каталіцкая інквізіцыя з яе практыкай катаванняў і страшэнных смяротных пакаранняў на рэлігійнай падставе. Працэс Лышчынскага — напэўна адзін з найбольш яскравых і жахлівых прыкладаў пакутаў беларускага філосафа за свабоду думкі і веравызнання (хутчэй свабоды непрызнання існавання бога) тых часоў. Казімір Лышчынскі нарадзіўся ў вёсцы Лышчыцы (цяпер Берасцейская вобласць) і належаў да старажытнага шляхецкага роду ВКЛ. Пасля атрымання хатняй адукацыі ён навучаўся ў Берасцейскім езуіцкім калегіуме і Віленскай акадэміі. А пасля ўдзелу ў войнах з Расіяй, Швецыяй і Турцыяй (цікава адзначыць, што служыў ён у палку крылатых гусар — тагачаснай элітнай конніцы) вырашыў працягнуць навучанне ў езуіцкім калегіуме Кракава, дзе прыняў манаства і далучыўся для езуіцкага ордэна. Навучанне працягнулася ў калегіумах Каліша і Львова. Некаторы час пасля заканчэння вучобы Лышчынскі выкладаў сам і працаваў прарэктарам езуіцкага калегіума ў Берасці.
Дэпутат і «неіснаванне бога
Лышчынскага чакала добрая, паспяховая кар’ера, але ён прыняў рашэнне выйсці з ордэна, вярнуцца ў родныя мясціны і ажаніцца. Але і на свецкім шляху яму не выпадала адпачываць. У Берасці ён займаў пасаду падсудка, выконваў у судзе абавязкі адваката, некалькі разоў абіраўся дэпутатам ад мясцовай шляхты на варшаўскія сеймы (адметна, што там ён, сярод іншых, удзельнічаў у абранні на трон Міхала Вішнявецкага і Яна Сабескага), у трыбунальскім судзе, быў пісарам каралеўскага суда. Акрамя юрыдычнай практыкі Лышчынскі працягваў займацца выкладаннем. Так, у сваім маёнтку ён заснаваў школу. Можна лічыць, што яна атрымалася надзвычай прагрэсіўнай, бо мела свецкі характар; навучацца мелі магчымасць як шляхецкія, так і сялянскія дзеці; дзяўчынкі маглі вучыцца разам з хлопчыкамі. А выкладчыцкая інтэнцыя і атмасфера школы былі прасякнутыя ідэямі гуманізму і ідэаламі асветніцтва.
Значную частку часу Казімір Лышчынскі таксама аддаваў філасофіі. Так узнік ягоны знакаміты (і на той час скандальны) трактат «Аб неіснаванні бога». Манументальная праца складала больш за паўтысячы старонак. Забягаючы наперад, варта адзначыць, што ягоны тэкст так і не стаў публічным (чыталі яго адзінкі, ды і тыя былі абвінаваўцамі), трактат быў знішчаны, а ад яго захавалася ўсяго пяць фрагментаў, якія выявілі толькі ў 1957 годзе.
Жахлівае пакаранне
Мабыць, мы б ніколі не даведаліся пра трактат, а ягонага аўтара не забілі б, калі б не данос. Як часта бывае ў гісторыях з даносамі, яго на Лышчынскага напісаў сусед, а дакладней, Ян Казімір Бжоска, якога ён лічыў бадай найлепшым сябрам.
Пачалося з таго, Лышчынскі папрасіў сябра вярнуць пазыку, а той, каб яе не вяртаць, напісаў на суседа данос, у якім абвінавачваў таго ў атэізме. Да таго ж ён выкраў трактат і перадаў віленскаму біскупу. Лышчынскі бы арыштаваны і пасаджаны ў варшаўскую турму. Ніякія спробы апраўдання не дапамаглі, і філосаф быў прысуджаны на пакаранне. У 1689 годзе Казімір Лышчынскі спаліў свой рукапіс, пасля гэтага яму вырвалі язык, вусны, у адсеклі рукі, потым галаву, пасля цела філосафа спалілі на вогнішчы. Попел змясцілі ў снарад, якім стрэлілі ў бок Турцыі. Усю маёмасць Лышчынскага канфіскавалі і падзялілі паміж езуіцкім ордэнам і тым самым суседам.
Кірыл Стаселька, budzma.by