Казкі на Каляды ад новага пакалення беларускіх музыкаў

24.12.2014 Музыка

BOSAESONCA разам з гуртамі NAVI, HURMA i ZUI запісаў калядна-навагодні хіт па-беларуску.  Песня “Казкі” – гэта беларускія Jingle Bells i Happy New Year у адным флаконе. Пад гукі новай песні кожны беларус можа загадваць жаданні ў навагоднюю ноч і чакаць цудаў на Каляды.

“Ідэя такой навагодняй беларускай песні ўзнікла ў мяне ад жадання зрабіць нешта разам, супольнасцю. Адчуць, што нягледзячы на складанасці жыцця, мы ўсё яшчэ здольныя проста ўсміхацца адно аднаму і верыць у цуды”, – дзеліцца аўтар праекта Алесь Кот-Зайцаў.  – Я хутка напісаў музыку і прапанаваў напісаць тэкст песні Валярыне Куставай, беларускай паэтцы. А потым запрасіў сваіх сяброў-музыкаў узяць удзел у запісе. Таму разам з гуртом BosaeSonca ў запісе ўдзельнічаюць музыкі і салісты гуртоў HURMA, Navi i Zui”.

Кліп на новую песню глядзіцца сапраўды казачна і рамантычна. У ім няма спецэфектаў, але ёсць галоўнае – сапраўдная і шчырая атмасфера свята. Рэжысёрамі відэа сталі Арцём Лобач і Аляксандр Алейнікаў.

Алесь Кот-Зайцаў: “Мне вельмі хацелася, каб праца над гэтым сінглам стала большым, чым запіс адной песні, і вырасла ў вялікую і прыгожую гісторыю. У выніку да працы далучылася вельмі шмат таленавітых людзей, што не магло не пакінуць адбітку на выніку. Думаю, у нас атрымаўся сапраўды казачны падарунак, які для многіх стане адным са складнікаў святочнай атмасферы”.

Цягам святаў аўтары праекта “Казкі” абяцаюць пацешыць слухачоў невялічкімі сюрпрызамі і маленькімі прыемнасцямі. Але галоўным падарункам, канечне, стане жывая прэзентацыя праекта.

Песню “Казкі” ў жывым выкананні можна будзе пачуць 8 студзеня ў мінскім бары “ДК”, дзе, дарэчы, і здымаўся кліп. На казачным канцэрце выступяць усе ўдзельнікі каляднага праекта –  BosaeSonca, Navi, Hurma i Zui.

Казачных святаў усім!

Фота Аляксандра Алейнікава