Халодны шчавельнік са смятанай. Гатуем летні суп разам з «Будзьма!»

Ліпень — месяц шчаўя, калі вы адпачываеце на лецішчы ці ў вёсцы, а ў вас на агародзе расце зеляніна і ёсць маладая бульба — парадуйце сваіх блізкіх і сяброў халодным шчавелевым супам. Гэтая страва спаталяе смагу і ратуе ад спёкі.



Суп, які спаталяе смагу

Халодныя супы беларусы елі здаўна ў летнюю пару. Некаторыя рэцэпты нават фіксавалі ў сваіх творах пісьменнікі. Адам Міцкевіч зафіксаваў у сваім «Пане Тадэвушы» рэцэпты халодных супоў. Такія стравы былі папулярныя не толькі сярод простых людзей, але і шляхты. У заможных шляхцічаў ці магнатаў былі нават свае «лядоўні» — адмысловыя сутарэнні, дзе нават летам захоўвалі лёд, назапашаны ўзімку. Лёд гэты дадавалі ў спёку ў халодныя супы, у тым ліку і ў шчавелевы.

Чытайце яшчэ: «Літоўскі халаднік» у летнюю спёку. Гатуем з «Будзьма!»

Як прыгатаваць шчаўе?

Лісты шчаўя трэба прамыць, насячы ўздоўж і ўпоперак, праварыць 5 хвілін у кіпні і пасаліць. Бульбу парэзаць кубікамі і зварыць. Можна варыць бульбу і цэлай, але такім чынам яна гатуецца хутчэй. Парубіць цыбулю і кроп дробна. Натаркаваць агуркі на сярэдняй тарцы. Пакласці ўсё ў міску, заліць астылым шчаўем і дадаць лыжку смятаны. Суп мусіць настаяцца каля 2 гадзін, за гэты час можна зварыць яйка і дадаць яго ўжо ў насычаны суп.

Нам спатрэбяцца на чатыры порцыі:

Шчаўе — 300 грамаў

Агурок — 4 штукі

Зялёная цыбуля — пук

Кроп — пук

Вада — 2 літра

Бульба — 600 грамаў

Адно яйка на порцыю

Больш рэцэптаў серыі «Гатуем з "Будзьма"» глядзіце тут.