У сваім спецпраекце «Можам» Кірыл Стаселька гутарыць з аўтарамі пратэстных плакатаў, каб даведацца, хто гэтыя асобы і што палягае за кароткімі мэсаджамі на іх плакатах. У гэтым матэрыяле пра свой плакат, пратэсты і ініцыятыву салідарнасці з палітвязнямі распавядае Дар’я — актывістка праваабарончага цэнтра.
Пра плакат. Праз свой плакат («Палітвязні — не расейскія крэдыты, іх трэба вяртаць») я хацела данесці, што палітвязні — не нейкія цацкі, гэта людзі. Самыя звычайныя, рэальныя, сапраўдныя людзі. Іх нельга трымаць пад вартай, імі нельга гуляцца, як гэта цяпер робіць рэжы.
Салідарнасць з палітзняволенымі. Пэўна, для мяне самая значная сітуацыя датычна палітвязняў адбылася, калі пачалі затрымліваць прыхільнікаў і прыхільніц Ціханоўскага, у самы пачатак кампаніі. Гэта стала громам сярод яснага неба. Бо мы самі (у праваабарончым цэнтры «Вясна») былі гатовыя да адміністрацыйных арыштаў, штрафаў, бясконцых сутак. Але калі людзей, якія ажыццяўлялі выключна мірную дзейнасць, не рабілі нічога супрацьзаконнага, пасадзілі пад следства, крымінальныя справы. Людзей відавочна выпадковых, якія проста прыходзілі на сустрэчу. Гэта стала сапраўднай кропкай незвароту.
У мяне ўнутры адбыліся моцныя змены. Пачала думаць, чым магу дапамагчы. Ды спярша, як шалёная, пачала пісаць лісты, рабіць паштоўкі для палітзняволеных. А пазней, каб пашырыць гэту справу, распачала ініцыятыву «Майстэрня паштовак салідарнасці». З таго часу тэма палітвязняў стала для мяне вельмі блізкай, балючай, тэмай, якая адгукаецца ўнутры.
Жнівеньскія падзеі. Падзеі 9-10-га жніўня я бачыла на ўласныя вочы, ды потым яшчэ працавала на гарачай лініі (цэнтра «Вясна»). Але найбольшае узрушэнне адбылося 11-га жніўня, калі з’явіўся інтэрнэт ды стала цалкам зразумела, што адбывалася. У той жа час мне патэлефанавала маці, якая працуе медыкам. Яна проста плакала ў слухаўку, у яе была гістэрыка, яна не магла спыніцца. І гэта было вельмі цяжка эмацыйна. Бо я не магла яе суцешыць, разумела, што ніяк не магу паўплываць.
Сярод апошніх вельмі складаных сітуацый, быў так званы «чорны чацвер» для студэнцтва. Шмат маіх сяброў і сябровак, маіх калег і каляжанак забралі ў СІЗА КДБ, у іх адбыліся ператрусы і вобшукі… І гэта зноў пра палітзняволенні.
Пра тое, што падтрымлівае. Было жахліва. Я працавала па больш як дзевяць гадзін на дзень з тымі, хто 9-11-га жніўня трапіў на Акрэсціна, у Жодзіна ці іншыя месцы. Пасля кожнай гісторыі мне хацелася плакаць і хавацца, крычаць. Хацелася зрабіць нешта, каб заглушыць унутраны боль ад разумення, што ўсё вельмі кепска і ты нічога не можаш змяніць.
Хацелася плакаць і пасля выпадка, калі дзяўчаты абдымаліся з сілавікамі, дарылі ім кветкі. Бо калі спачуваеш болю іншых, калі ведаеш, хто крыніца гэтага болю, вельмі хацелася, каб і яны (сілавікі) адчувалі боль, а не абдымаліся з цудоўнымі дзяўчатамі.
Але мяне падтрымлівае разуменне, што я магу дапамагаць, што магу быць карыснай, а мой досвед можа дапамагчы дзясяткам іншых людзей. Гэта падтрымлівае мяне дагэтуль.
Пра эмпатыю. Спачатку праца са зняволенымі давалася мне добра, я вельмі моцна выкладвалася. Але потым выпадкаў стала шмат, сітуацыі былі падобнымі і ў мяне на той момант неяк выпрацаваўся цынізм, звычка. Я гэтаксама, як і раней, адчувала эмпатыю, але ўсё ж узровень чулівасці, удзелу, з-за гэтага знізіўся.
У любым разе, праца з палітвязнямі вельмі шчыльна ўвайшла ў маё жыцё. Акрамя каардынацыі Майстэрні паштовак, я займаюся і шэрагам іншых кампаній салідарнасці.
Пра пратэсты. Для мяне важны удзел у акцыях пратэсту, бо гэта маё ўласнае змаганне за свабоду. Гэта таксама мой уласны і публічны ўнёсак у рэвалюцыю, для Беларусі будучыні.
Кірыл Стаселька, budzma.org