Выйшаў новы выпуск гістарычнага серыяла «Трызуб і Пагоня», прысвечанага самым цікавым старонкам беларускай гісторыі.
Апівошта, шайдака, магрэта, тумарнік, майдук… Магчыма, Вы ніколі не чулі гэтых словаў, мы таксама. Гэта дыялектызмы. Мова для лакальнага ўжывання ў пэўнай частцы Беларусі або — закрытымі суполкамі пэўнай прафеісіі (як шапавалы ці жабракі). Сэнс у тым, каб зразумелі свае. А іншыя — нават добра, калі не разумеюць! Пагаворым пра беларускія дыялекты, іх асаблівасці, лёсы ды геаграфію.
Расказвае тэлевядоўца і спявачка Кацярына Ваданосава.
Як па-беларуску «шампіньёны»?
У літаратурным варыянце нібы так і будзе — шампіньёны. Але на вёсцы вам таксама скажуць: печарыцы, пячуркі, пячоркі, белякі, бялянкі, панскія грыбы, сарокі, садавікі, пагнойнікі і так далей.
Нават запазычаны з французскай варыянт «шампіньёны» мудры народ перарабіў на: шампіёны, шапіёны, чэмпіёны, нават шпіёны! І толькі паспрабуй сказаць, што ўмоўная бабуля з-пад Маларыты няправільна называе грыб, які ведае з дзяцінства.
Кожную літаратурную мову фармуюць яе лакальныя варыянты. І вось ужо нібы ёсць нармаваная літаратурная мова, а дыялекты — працягваюць жыць. Умоўна, яшчэ 120 год таму паляк з-пад Познані мог не паразумецца з палякам з-пад Кракава. Немец з Баварыі мог не разумець немца з Памераніі. У Вялікабрытаніі ўсё яшчэ складаней, а прыклады літаральна сталі мемамі.
Сёння ў Еўропе прынята шанаваць дыялекты: іх вывучаюць ва ўніверсітэтах, на іх пішуць кнігі, выдаюць газеты і часопісы. Гэта — культурнае багацце і самабытнасць.
У беларускай літаратурнай мове налічваюць ад 250 да 500 тысяч словаў. У дыялектнай — каля 2 мільёнаў.
Вось «божая кароўка» ці «багоўка» — літаратурныя варыянты. А ёсць яшчэ: кароўка-муроўка, хведарка, ядзерка, петрык і так далей. Не значыць, што ўсе гэтыя словы жывыя і выкарыстоўваюцца хаця б дзясяткам людзей. Але гэта — частка нашай спадчыны. Не кабінетная, але жывая.
Геаграфічна вылучаюць Паўночна-ўсходні дыялект, Сярэднебеларускі, Паўднёва-заходні ды — Заходнепалескія гаворкі. На мапе яны выглядаюць як палоскі ў парэзаным на скрылёчкі кавалачку сала. Даследчыкі тут бачаць рэха рассялення даўніх плямёнаў: крывічы, радзімічы, дрыгавічы. Звярніце таксама ўвагу на ўсходнюю мяжу беларускіх гаворак, якую вызначыў акадэмік Карскі яшчэ на мяжы XIX і XX стст. — далё-о-ока на ўсход за Смаленск. Бо плямёны, вядома, жылі не паводле дзяржаўных межаў, але задоўга да таго.
Ёсць шмат груп і падгруп гаворак — Мазырскія, Слуцкія, Гарадзенска-Баранавіцкія і так далей. Цэлы лабірынт. І гэта ж не толькі пра слоўнікавы запас, але і пра вымаўленне тых самых словаў. На паўночным захадзе, Старой Віленшчыне, можна дагэтуль пачуць зусім мягкае сЬнег замест «снег». А на Магілёўшчыне цалкам беларускамоўны чалавек будзе ўпарта вымаўляць ЧігунаЧьны — з мяккім «ч». У Верхнядзвінскім раёне замест «печка» і «вадзічка» недзе яшчэ можна сустрэць: пеЦка, вадзіЦка.
Паўднёвы захад з палескімі гаворкамі — асобны сусвет. БагатО, горЭ, ходЫТЫ, робЫТЫ — нагадвае ўкраінскую, праўда? Разам з тым збяромсА, склаласА. Гэты рэгіён лічаць найбольш блізкім да ўкраінскай мовы. І гэта той рэдкі для Беларусі выпадак, калі на гаворцы ёсць выдадзеныя кнігі, а ў часы перабудовы выходзілі газеты:
Батьку, мамо, свето в нас, свето!
Выйшла на нашій мовы газэта!
Шэ ны газэта — шэ но бачына,
Алэ зрадніты сыба ны прычына?
Праз дыялекты раскрываюцца шмат якія сакрэты. Напрыклад, прозвішчы — Пруднікаў ці Запруднік — на ўсходзе Беларусі так называлі млынара — пруднік. Прозвішча Гарлачоў — ад назвы збанка для малака, гарлач. Лашко ці Лашук — ад лоша/лашыца, дарослае жарабя.Пра Палессе, дарэчы, у нас быў відос — калі не глядзелі, то зірніце
Роўна тое ж з назвамі вёсак. Беліца ці Бель — не ад таго, што хаты там былі бялёныя. Бель — дыялектная назва мохавага балота. Мерач або Морач — глухія зарасці ў лесе. Смуга, Засмужжа — ад сточнай далінкі ў лесе, дзе бег ручай. Языль, Язоўка, Езва — ад кораню ез/яз — плот, якім перагароджваецца рэчка з праходам у сярэдзіне, для пастак на рыбу.
Часам у дыялектызмах захоўваюцца адгалоскі зусім старых часоў. На Ваўкавышчыне, напрыклад, якар меў варыянт назову ятвез. Вось вам «пасхалачка» ад старажытных яцвягаў, ваяўнічых рачных піратаў з Ранняга Сярэднявечча.
Не трэба думаць, што дыялектныя словы — гэта толькі пра лес, балота і грыбы. Маўляў, продкі нашыя толькі ў зямлю глядзелі, дзе што знайсці ды на зуб пакласці. Ёсць проста фантастычны пласт дыялектызмаў з астраноміі — назвы зорак, сузор’яў, камет.
Вось Млечны Шлях, напрыклад. Ныбэсна Дорога на Палессі. Госьцінэць на Падляшшы. Таксама Жураўлына Дарога, Гусіный Шлях, Чумацкая Дарога, Кіевска Дорожка, Млечны Пуць, Млечна Гвязда... Ці, вось цікава, Стан. Або Стан на старожы. Маўляў, на небе — вялізнае войска, якое стала станам, а ваяры запалілі вогнішчы. Такія аналогіі ёсць таксама ў немцаў ды вугорцаў.
Або — Вялікая Мядзведзіца. Воз, Коўш, Чарпак, Карэта, Фура, Конь і Калёсы, Сахачы, Сямізвездіца, Давыдаў ці Іллёў воз, Нябёсная калясніца. З гэтым апошнім цікава, бо гэта рэха ўспамінаў пра стары індаеўрапейскі матыў калясніцы. На ёй можа ездзіць Пярун, Тор ці нават Сонца: «Воз на небе з дышлем. Сонца на возу дамоў едэ».
Ёсць і зусім экзатычныя варыянты дыялектаў — таемныя мовы або жаргоны. Гэта не пра «пацаноў», «чушпаноў» ды расійскі блатняк. Хоць прынцып той жа: замкнёная група людзей, у якой разумеюць адно аднаго. А іншыя — хай не разумеюць — навошта? Вядомыя жаргоны капыльскіх краўцоў, шклоўскіх шаўцоў, лабароў з Іванава (гэта збіральнікі ахвяраў на будаўніцтва цэркваў). Розных карабейнікаў, кажушнікаў, лірнікаў, прафесійных жабракоў...
Напрыклад, Катрушніцкі лемезень — таемная мова шапавалаў з Дрыбіна на Магілёўшчыне. Шапавалы — майстры, якія працавалі з воўнай, рабілі валёнкі. Адсюль прозвішчы такія, як Шапавалаў. Мы ўжо і прафесіяў такіх не ведаем, не тое, што іхнай мовы! Там не будзе асаблівай граматыкі, але слоўнік адметны.
Напрыклад, жбан — мужчына. Жбаха — жанчына. Бакштэй — бацька. Збран — брат. Збранаўка — сястра. Трухней — дождж. Свянка — сонца. Хлыць — рэчка або цекчы. А як вам такое: «Хіць у хазь, а то трухней змашкуніць»? А гэта: «Хадзі ў хату, бо дождж змочыць». Кайф!
Вось яшчэ некалькі маіх любімых дыялектызмаў пад канец, з рознымі адрасамі: Апівошта ці шайдака — п’яніца. Магрэта — ганарлівая дзяўчына. Тумарнік ці майдук — пануры нелюдзімы чалавек. Вандзэлак — вялікая торба. Маква — мокрае надвор’е. Талалай — пустаслоў і балабол.
Папярэднія выпускі «Трызуба і Пагоні» глядзіце па спасылцы.
Калі вам падабаюцца нашыя відэапраекты і аўтарскія артыкулы, вы можаце падтрымаць рэдакцыю «Будзьмы», набыўшы нам кубачак кавы. Гэта дапаможа нам стварыць больш цікавых відэаролікаў і арыгінальных артыкулаў