Абвешчаны кароткі спіс намінантаў на прэмію імя Алеся Адамовіча

На працягу амаль трыццаці гадоў прэмія імя Алеся Адамовіча адзначае творы, што робяцца важным голасам часу. Прэмія была заснаваная Беларускім ПЭН-цэнтрам і масмедыя ў студзені 1995 года ў памяць пра пісьменніка, інтэлектуала і аднаго з пачынальнікаў Беларускага ПЭНа Алеся Адамовіча. Першае журы ўзначаліў Васіль Быкаў.

Premija imia Aliesia Adamoviča

Сёлета з поўнага спіса былі адабраныя фіналісты, чые працы найбольш моцна адгукаюцца на сённяшнія выклікі і балючыя пытанні. У кароткі спіс увайшлі творы, што не толькі фіксуюць наш досвед, але і надаюць яму мастацкую і этычную вагу, піша penbelarus.org.

Кароткі спіс прэміі імя Алеся Адамовіча за 2024 год:

«Ад двух да пятнаццаці: Мая мама ў турме» — Вольга Вялічка (выдавецтва «Gutenberg Publisher»);

«Фэмінізацыя беларускай мовы: Сацыялінгвістычнае дасьледаваньне» — Уладзіслаў Гарбацкі (выдавецтва «Skaryna Press»);

«Эвридика, проверь, выключила ли ты газ» — Таццяна Заміроўская (выдавецтва «Мяне няма»);

«Цела таксама архіў» — Наста Манцэвіч, Алок Вайд-Мэнан (выдавецтва «Пфляўмбаўм»);

Сайт праваабарончага цэнтра «Вясна» — праваабарончы цэнтр «Вясна»;

«Нічога нястрашнага» — Сяргей Прылуцкі (выдавецтва «hochroth minsk»);

«Солидарность потрясённых. Эссе о Беларусской революции» — Таццяна Шчытцова (выдавецтва «Логвінаў»).

Сёлета статутам прэміі былі афіцыйна пералічаныя формы, што могуць браць удзел у конкурсе. Прэмія ўручаецца не толькі за кнігі, але і за іншыя фарматы творчага выказвання: публіцыстыку, падкасты, дакументальнае кіно, відэапраекты. Мэта застаецца нязменнай — ушанаванне памяці Алеся Адамовіча і адзначэнне найлепшых твораў, прысвечаных актуальным праблемам сучаснасці.

Лаўрэатак мінулага года — Віку Біран з кнігай «Я танцую» і Ганну Янкута з кнігай «Час пустазелля» — аб’ядноўвае здольнасць ператварыць асабісты і нацыянальны досвед у тэксты, што робяцца больш чым літаратурай.

Сёлета кароткі спіс пацвярджае: нягледзячы на ўсе выпрабаванні, беларуская культура працягвае гаварыць і застаецца гучнай.