Выйшаў новы выпуск праекта «Хрусь і папалам». Культурна-асветніцкі партал «Будзьма беларусамі» ў супрацы з «Купалаўцамі» ламае беларусафобныя стэрэатыпы ў новым відэапраекце «Хрусь і папалам». Дапамогуць у гэтай справе блогер «daroha» Валера Руселік і ганаровы чалец «ЧынЧынЧэнэл» Сяргей Мікалаевіч (Міхась Зуй).
Памятаеце выраз, які даўно стаўся не толькі эталонным глупствам, але і акумуляваў у сабе, бадай, усю пагарду і нелюбоў да беларушчыны? Маўляў, беларуская мова бедная, на ёй нельга сказаць анічога вялікага. Ну а ў якога народа можа быць гэткая няўдалая мова? Вядома ж, у гэткіх самых няўдакаў і недарэкаў! І самае паганае — тое, што ўжо сёй-той з беларусаў сарамліва паўтарае за прапагандыстамі: «Эх, ды гэтае беларускае — усё абы-якое, няма нам кім і чым ганарыцца». Ну што ж, самы час сур’ёзна ўзяцца і за гэты стэрэатып. І, абапіраючыся на сухія факты, пашукаць беларускія гісторыі поспеху.
#хрусьіпапалам — блогер @daroha Валера Руселік і ганаровы чалец @chinchinchannelofficial Сяргей Мікалаевіч (Міхась Зуй) ламаюць нацыянальныя стэрэатыпы пра беларусаў, абапіраючыся на канкрэтныя факты, хто мы і адкуль.