На фестывалі Piknik LTCŃ (Пікнік Летуцень) адбудзецца прэзентацыя новай кнігі для дзяцей «Хто ты, дрон?» Ганны Кручковай. Прыгодніцкая казка, якая сталася пераможцам конкурса рукапісаў фестываля Pradmova ў намінацыі «Творы для дзяцей», выходзіць у выдавецтве Gutenberg Publisher.
Фота: Інстаграм выдавецтва Gutenberg Publisher
Галоўныя героі ў кніжцы — дзяўчынка Паліна, хлопчык Глеб і дрон па мянушцы Андрон. Як прызналася Reform.news аўтарка твору, нахтненнем для яе незвычайнага персанажа стаў Карлсан, вядомы герой казкі Астрыд Ліндгрэн.
Любімай кніжкай з дзяцінства для беларускай журналісткі быў твор «Малыш і Карлсан, які жыве на даху». Ганна напісала працяг казкі шведскай пісьменніцы яшчэ шмат гадоў таму, калі жыла ў Мінску. Яна звязалася з нашчадкамі літаратаркі на конт аўтарскіх правоў, але ёй адказалі, што па запавеце Астрыд, не хацелі б, каб герояў яе твораў пазычалі іншыя аўтары. Так Ганне прыйшлося адмовіцца ад сваёй гісторыі. Але ў яе з’явілася ідэя, што Карлсана можна замяніць дронам. І нарадзілася новая казка, у якой дзейнічае дрон Андрон. Над гэтым рукапісам, які і быў адпраўлены на конкурс Pradmova летась, Ганна працавала ўжо ў Варшаве.
— Вядома, мой персанаж за гэты час прайшоў дзіўную трансфармацыю, і атрымалася зусім іншая гісторыя, чым прыгоды хлопчыка і смешнага чалавечка з прапелерам, — прызнаецца аўтарка. — Дрон у маім рукапісе — зусім іншая істота.
У творы падымаюцца шмат важных тэм: экалагічная павестка, але ў першую чаргу гэта сучасная гісторыя пра сяброўства і сям’ю, адзначае Ганна.
Выдавецтва Gutenberg Publisher прыпадносіць казку як інтрыгоўны дэтэктыў:
«2028 год. Адзінаццацігадовая Паліна жыве ў мястэчку каля запаведніка, і яе займаюць тры важныя пытанні.
1. Чаму ваўкі раптам пачалі выходзіць з лесу і нападаць на людзей?
2. Адкуль узяўся дзіўны аўтаномны нейрадрон, які раптам прызямліўся на яе дах?
3. І галоўнае: што стала з бацькам, які знік у джунглях, ратуючы звяроў ад браканьераў?
У пошуках адказаў Паліне давядзецца раскрыць страшнае злачынства і даведацца неймаверную праўду, якая разарве ёй сэрца, але і адкрые дзіўны свет».
Найлепш кніга падыйдзе для дзяцей ад 9 да 12 гадоў. Зрабіць перадзаказ выдання можна ўжо зараз.
Час і месца прэзентацыі кнігі «Хто ты, дрон?»: 26 ліпеня, фестываль «Летуцень» у Кракаве (park Jordana).