Фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA — гэта незалежная культурная падзея, што яднае сучасную беларускую думку, слова, вобраз і рух. Фестываль стаў ужо традыцыйным месцам сустрэчы выдаўцоў, аўтараў, перакладчыкаў, мастакоў, дызайнераў, даследчыкаў, музыкаў, тэатральных творцаў і, вядома, чытачоў. У праграме — прэзентацыі кніг, дыскусіі, літаратурныя чытанні, канцэрты, перформансы, аўтограф-сесіі, майстар-класы і мноства іншых фарматаў, прысвечаных вольнаму мысленню, творчасці і культурнаму выказванню.
Восенню 2025 года PRADMOVA завітае ў чатыры еўрапейскія гарады. Першыя імпрэзы адбудуцца ў Вільні (10-12 кастрычніка), далей фестываль адбудзецца ў Празе (24-26 кастрычніка), затым завітае ў Познань (7-9 лістапада), а скончыцца вялікім фестывалем у Варшаве (21-24 лістапада). Таксама імпрэзы будуць адбывацца анлайн напрацягу фестывальнага сезону — з кастрычніка па лістапад.
Адкрыты прыём заявак на ўдзел у фестывальнай праграме.
Узяць удзел могуць асобы і ініцыятывы, якія працуюць з беларускай літаратурай, мовай, мастацтвам, думкай і/або грамадскай тэматыкай — праз тэкст, візуальнае выказванне, перформанс, даследаванне ці іншыя формы.
Заяўкі прымаюцца да 30 ліпеня (уключна) праз анлайн-форму на сайце фестывалю: pradmova.eu. Перад тым, як падаць заяўку, неабходна зарэгістравацца на сайце альбо ўвайсці ў свой уліковы запіс.
Абмежаванняў па ўзросце, досведзе або месцы жыхарства няма. Дадатковую інфармацыю можна атрымаць праз info@pradmova.by або ў сацсетках @pradmova.
Вільня — 10-12 кастрычніка
Прага — 24-26 кастрычніка
Познань — 7-9 лістапада
Варшава — 21-24 лістапада
Анлайн — з кастрычніка па лістапад