Хуліганскі набор для пераможцы трэцяга этапу MOVABOX

Правізар Любоў Церахава пазнаёмілася з Віктарам Жыбулем і шчыра пагутарыла з ім.

“Вы ўяўляеце, што будзе, калі кнігу купіць школьнік і прынясе ў клас!” – заявіла таваразнаўца адной з кнігарняў паэту і не стала браць выданне ў продаж.

Затое зборніку вершаў “Дзяцел і дупло” – самае пачэснае месца ў MOVABOX! Кнігу Віктар уласнаручна падарыў шчаслівай удзельніцы конкурсу разам з іншымі атрыбутамі вобраза: семкі сланечнікавыя, трафарэт “Адхуліганена”, налепкі (паэт сказаў “каб падарыць сябрам”, але кожны хуліган ведае, што стыкерамі трэба “забамбіць” раён) і аўтарскае пасланне.

Для Любові Церахавай гэтая падзея – усяго другая ў жыцці, калі дзяўчына сустракаецца з творчымі асобамі. Аднойчы “Белфармацыя” арганізавала вечарыну для сваіх супрацоўнікаў пра лекавыя расліны. У ёй удзельнічалі Віктар Шніп і Людміла Рублеўская (дарэчы, таксама адна з пісьменніц MOVABOX).

Пра літаратурнае спаборніцтва ад кампаніі velcom Любоў даведалася выпадкова. У сябе ў аптэцы яны з калегамі вырашылі, што ў Дзень роднай мовы, 21 лютага, будуць размаўляць з пакупнікамі па-беларуску. Гэта вымагала “хуткай моўнай дапамогі”. Перагортваючы старонкі беларускамоўных сайтаў, Любоў трапіла на тэст MOVABOX, адказала на пытанні, пакінула нумар тэлефона і забыла. Званок з навіной пра перамогу і спатканне з Віктарам Жыбуем стаў нечаканасцю.

Скрыню з артэфактамі хулігана агулам выйгралі 20 асобаў. Паводле традыцыі MOVABOX, з пісьменнікам, у стылі творчасці якога створаны падарунак, сустракаецца толькі адзін з іх.

 

Хрысціна Марчук

 

 

Глядзіце таксама:

Чацвёрты этап праекта MOVABOX прысвячаецца кнізе «Радзіва «Прудок» і яе аўтару Андрусю Горвату

 

Глядзіце таксама:

Ці змяніўся вобраз сучаснай беларускай літаратуры? Кампанія velcom праводзіць апытанне ў межах MOVABOX