У Кёльне выйшаў зборнік матэрыялаў нямецкіх удзельнікаў XVII міжнароднага з’езда славістаў, які адбудзецца 25-30 жніўня ў Парыжы. Сярод іх — Наталля Пазняк з Universität Greifswald з артыкулам пра шматмоўе ў сучаснай беларускай літаратуры, піша тэлеграм-канал De facto. Беларуская навука.
Яна адзначае, што сярод прыкметных тэндэнцый у беларускай літаратуры — інтэнсіўныя дыскусіі паміж беларускамоўнымі і рускамоўнымі аўтарамі, іх намаганні публікаваць творы як на рускай, так і на беларускай, развіццё літаратуры на так званай трасянцы, спробы ўключыць дыялекты ў літаратурныя тэксты. У апошнія гады назіраецца зрух у бок замежных моў, асабліва англійскай і нямецкай.
Міжнародныя з’езды славістаў — найбуйнейшыя форумы даследчыкаў славянскіх моў, літаратур і культур. Першы з’езд прайшоў у 1929 годзе ў Празе. Форумы праходзяць раз на пяць гадоў. XV з’езд адбыўся ў 2013 годзе ў Мінску.